Вы тут

5 фільмаў супраць сезоннай хандры


Калі раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам, а прагноз надвор'я вымушае спалучаць сагравальнае і непрамакальнае, вельмі добра набраць па засеках прыгожых фільмаў з восеньскім зместам і аздабленнем — і прагледзець іх у вольны час па адным альбо цэлым пачкам. На сто працэнтаў як антыдэпрэсант гэты метад, можа, і не спрацуе, але настрой дакладна палепшыць.


Мы прыгадалі некалькі кінастужак, якія варта ўключыць у гэты спіс.

«Восеньскі марафон» (1979)

Гісторыя пра таленавітага педагога і перакладчыка Бузыкіна, нерашучы характар якога сапсаваў гаспадару ўсё жыццё, паводле першапачатковай задумкі мусіла стаць камедыяй, а стала адной з візітовак знакамітага рэжысёра Георгія Данелія. Бо справа тут значна глыбейшая, чым няўменне сказаць «не»: ні жонцы, ні палюбоўніцы, кожная з якіх жадае быць адзінай і каханай, ні пітушчаму суседу-філосафу, якому патрэбна кампанія для выпіўкі і размоў, ні ўчэпістай аднакурсніцы, якая бессаромна скарыстоўвае талент Бузыкіна для сваіх перакладаў, ні замежнаму прафесару, які запрашае бегаць з ім штораніцы. Справа ў тым, што герой, калі рашаецца нарэшце стаць іншым чалавекам, церпіць фіяска, бо арганічна не здатны прайсці абраным шляхам да канца. Ён можа толькі бегчы трушком, не спыняючыся і не аглядваючыся, пераадольваючы гэты бясконцы марафон ажно да зыходу жыцця...

І хоць многім савецкім глядачкам Данелія не дагадзіў сваёй «сумнай камедыяй» — адны крыўдзіліся, што герой так і не сышоў ад жонкі, другія, наадварот, што канчаткова да яе не вярнуўся, — замежная публіка і крытыка стужку ацаніла высока. На фестывалі ў Сан-Себасцьяне карціна атрымала галоўны прыз, на Венецыянскім фестывалі — прэмію ад журналістаў за найлепшую мужчынскую ролю (Яўген Лявонаў) і прыз Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы. У 1981 годзе карціну нават планавалі вылучыць на «Оскар», але з-за вайны ў Афганістане гэтага не здарылася.

Цікавінкі

«Дацкага прафесара» Хансена сыграў рэальны замежнік, карэспандэнт часопіса «Шпігель» Норберт Кухінке. Яго, уласна, меркавалася прадставіць як нямецкага прафесара, але ўзніклі пярэчанні з боку ЦК КПСС, які патрабаваў дакладнасці: адкуль узяўся прафесар, з буржуазнай ФРГ або дэмакратычнай ГДР? Пры любым з гэтых раскладаў фільм было б немагчыма прадаць на нямецкі рынак, таму нацыянальнасць Хансена змянілі на нейтральную.

Наталля Гундарава сыграла немаладую жонку прафесара (які, паводле фільма, і сам далёка не юнак — 46 гадоў), маці ўжо дарослай дачкі. Насамрэч на момант выхаду карціны актрысе быў усяго 31 год, і яна была маладзейшай за Марыну Няёлаву, якая сыграла ролю палюбоўніцы.

«Аднойчы» (2007)

Дзесяць гадоў таму гэта ірландская музычная меладрама заслужана атрымала «Оскар» за лепшую песню, а пазней была паспяхова адаптавана ў тэатры на Брадвеі. У невялікай, але насычанай гісторыі эмацыянальныя штуршкі гледачам даюць і вонкавае, і ўнутранае: «жывыя» непастановачныя здымкі, прыгожыя восеньскія пейзажы і ўтульныя вулачкі Дубліна, атмасферная лірычная музыка і гісторыя кахання ірландскага вулічнага музыканта і чэшскай імігранткі, вымушанай падпрацоўваць прыборкай кватэр (дарэчы, абодва галоўныя героі — не прафесійныя акцёры і не акцёры наогул, а прафесійныя музыканты, якія выконваюць у фільме ўласныя песні)... Карацей, сам Стывен Спілберг адзначыў, што атрымаў ад прагляду карціны натхненне на ўвесь год, а легендарны музыкант Боб Дзілан запрасіў музыкаў узяць удзел у сваім сусветным турнэ.

Цікавінкі

Цуд у тым, што кіно не проста бюджэтнае, а фантастычна бюджэтнае: яно знята цягам усяго 17 дзён на дзве звычайныя лічбавыя камеры.

Фільм паслужыў пачаткам сапраўднага рамана паміж выканаўцамі галоўных роляў, якія і дагэтуль былі знаёмыя шмат гадоў.

«Салодкі лістапад» (2001)

Рамантычная меладрама, якая прымушае нават зацыкленых на ўласных праблемах меланхолікаў зноў удыхнуць на ўсе грудзі і пачаць радавацца кожнаму імгненню паўсядзённага жыцця. Варта толькі пазнаць сябе ў галоўным героі фільма — зашпіленым на ўсе гузікі рэкламным агенце Нэльсане Мосе, тыповым працаголіку, які не ўяўляе сабе іншага сэнсу ў жыцці. Пакуль аднойчы не сустракае спакуслівую і эксцэнтрычную Сару. Яна просіць пабыць яе хлопцам адзін месяц, а ўзамен абяцае цалкам змяніць яго светаўспрыманне. Адметнасць сітуацыі ў тым, што Сара смяротна хворая на рак, а Нэльсан — адзін з многіх «пацыентаў», лёс якіх дзяўчына выпраўляе...

Цікавінкі

Кінастудыя Warner Brothers выразала са стужкі некаторыя сексуальныя сцэны, з-за чаго выканаўца галоўнай ролі Кіяну Рыўз вельмі засмуціўся, палічыўшы, што фільм страціў пэўную долю пераканаўчасці.

Фільм — рымейк аднайменнай карціны 1968 года — у адрозненне ад свайго папярэдніка — быў сустрэты крытыкамі вельмі непрыязна і атрымаў ажно тры намінацыі на антыпрэмію «Залатая маліна» — але, тым не менш, пры бюджэце ў 40 мільёнаў долараў сабраў звыш 65 мільёнаў у сусветным пракаце і ўвайшоў у адмысловы амерыканскі рэйтынг «250 фільмаў, якія хочацца глядзець і пераглядаць».

«Сяброўка Восень» (2002)

Гэта 4-серыйная меладрама — першы мастацкі тэлесерыял, зняты пасля зацягнутай паўзы «Беларусьфільмам» сумесна з расійскімі кінематаграфістамі.

Пра што фільм? Пра сябровак Аню і Жэню, стасункі якіх з дзяцінства прайшлі выпрабаванне часам і адлегласцю — жывучы ў розных гарадах, жанчыны ведаюць, што абедзве яны па першым сігнале прыйдуць на дапамогу адна адной. І ўсё ж абсалютнай ідыліі не бывае. Жэня ледзь стрымлівае слёзы, гледзячы на Аніну дачку, — сама яна пасля чарнобыльскай аварыі дзяцей мець не можа. Аня ж, у сваю чаргу, мела няшчасце з першага погляду закахацца ў будучага мужа сяброўкі і цяпер з усіх сіл стараецца не перашкаджаць сямейнаму шчасцю... Пры чым тут восень, якая трапіла ў назву карціны? Як растлумачыла выканаўца адной з галоўных роляў актрыса Ганна Вартанян, «проста ўвосень плакаць зручней: слёз з-за дажджу не бачна». Словам — так, гэта адна з тых самых меладрам, пад мелодыі з якіх многія гледачы плачуць.

Цікавінкі

Сцэнарый «Дзіця, сястра мая», які напісала для карціны літаратар і журналіст Юлія Ляшко, у свой час атрымаў два галоўныя дыпломы — на айчынным Нацыянальным кінафестывалі ў Брэсце і расійскім «Залатым Віцязі».

Стваральнікі серыяла адзначылі ў цітрах, што фільм заснаваны на рэальных падзеях.

«Легенды восені» (1994)

Адзін з герояў гэтай ваеннай і сямейнай драмы, ураджэнец амерыканскага штата Мантана палкоўнік Ладлаў шмат гадоў ваяваў з індзейцамі, знішчаючы цэлыя вёскі. Але цяпер ён на пенсіі, выхоўвае трох сыноў і перамяніў сваё меркаванне наконт індзейцаў — больш за тое, разам з сям'ёй жыве на тэрыторыі племені дакота. Аднойчы сярэдні сын прыводзіць у дом нявесту, Сюзану, якая ракавым чынам змяняе жыццё сям'і, бо ў яе закахаліся ўсе трое братоў... Жаніх дзяўчыны ў выніку загінуў на франтах Першай сусветнай вайны, адзін з яго братоў адпомсціў забойцам па звычаях індзейцаў і збег ад цывілізацыі, а другі дабіўся ад каханай згоды на шлюб, але канчаткова пасварыўся з бацькам. І ўсё гэта — на маштабным палатне эмацыянальных жарсцяў, вайны і восені...

Цікавінкі

На ролю галоўнага героя спачатку быў запрошаны Джоні Дэп, але з-за занятасці ў іншых праектах ён фізічна не паспяваў на здымкі, і роля дасталася Брэду Піту, якому давялося вучыцца скакаць вярхом.

Здымкі ў Канадзе дазволілі рэжысёру зэканоміць два мільёны долараў — праўда, давялося змяніць некалькі гарадоў, угаворваючы іх улады даць дазвол на высяканне некалькіх дрэваў.

Шлях карціны ад задумкі да выхаду на экраны склаў ажно 17 гадоў!

Вікторыя ЗАХАРАВА

zaharava@zviazda.by

Загаловак у газеце: Бывай, восень!

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Надзея для Вары

Надзея для Вары

Калi хварэюць блiзкiя, гэта заўсёды гора, але няма гора большага, чым калi хварэюць дзецi. 

Грамадства

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Мiнiстр абароны — пра складаны шлях да генеральскiх пагонаў, перспектывы развiцця беларускай армii i мiрнае неба над галавой.