Вы тут

Палітык, пісьменнік, акадэмік


На радзіме аўтара першага беларускага рамана

Напярэдадні юбілею пісьменніка, грамадскага і палітычнага дзеяча Зміцера Жылуновіча Капыльская раённая цэнтральная бібліятэка імя Анатоля Астрэйкі гасцінна сустрэла супрацоўнікаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Дырэктар бібліятэкі Таццяна Серая стала выдатным спадарожнікам для навукоўцаў па старажытным горадзе на Капыльскай градзе.


Гісторыкі і літаратуразнаўцы наведалі Капыль, каб узяць удзел у чытаннях, прысвечаных творчасці аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры. Менавіта ў гэтым горадзе Зміцер Жылуновіч пачаў жыццёвы і працоўны шлях — працаваў гарбаром, упэўніўся ў неабходнасці адстойваць правы працоўнага чалавека. У палітычную гісторыю нашай краіны Цішка Гартны ўвайшоў як старшыня Часовага ўрада Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (студзень — люты 1919 г.), у гісторыю літаратуры — як аўтар першага беларускага рамана «Сокі цаліны», у гісторыю беларускай навукі — як акадэмік АН БССР.

Па словах Аляксандра Кавалені, акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН, правядзенне выязных мерапрыемстваў стала добрай традыцыяй Нацыянальнай акадэміі навук. Сёлета ўстанова правяла больш за сорак канферэнцый, палова з іх прайшла ў рэгіёнах. Дзякуючы гэтаму моладзь нашай краіны пазнаёмілася з навуковымі даследаваннямі і даведалася, якімі праблемамі займаюцца вучоныя.

Як адзначыла ў прывітальным слове старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк, на Капыльшчыне нарадзіліся такія вядомыя пісьменнікі, як Алесь Адамовіч, Кузьма Чорны, Мікола Хведаровіч, Адам Русак. Сёння Капыльская зямля таксама багатая на творчых людзей, пра што яскрава сведчаць праекты мясцовых устаноў культуры і адукацыі. Так, у холе Капыльскай сярэдняй школы № 2 імя Цішкі Гартнага, дзе ладзіліся чытанні, была размешчана выстаўка работ навучэнцаў Капыльскай дзіцячай школы мастацтваў. Супрацоўнікі раённай бібліятэкі знаёмілі маленькіх мастакоў з гісторыяй горада Капыля, распавядалі мясцовыя легенды і паданні. Па выніках некалькіх сустрэч дзеці стварылі малюнкі, дзе адлюстравалі сваё бачанне роднай зямлі і яе гісторыі. «Кніга, фарбы, аловак...» — такую назву мае гэты доўгатэрміновы праект, у межах якога ў найбліжэйшы час плануецца разгарнуць знакамітую кнігу Антуана дэ Сент-Экзюперы «Маленькі прынц». У раённай бібліятэцы ёсць і іншыя праграмы для маленькіх чытачоў: «Разам з кнігай мы расцём», «Чытаем, вучымся, гуляем», краязнаўчая праграма «І для мяне не было б Беларусі без маленькай Радзімы маёй», праект, які ладзіцца супольна з праваслаўнай царквой «Будуем храм у душах».

Падчас чытанняў адбылося ўзнагароджванне пераможцаў конкурсу сярод школьнікаў на лепшы твор, прысвечаны Капыльшчыне. Свае даклады прадставілі для шырокай аўдыторыі гісторык Андрэй Унучак, літаратуразнаўцы Яўген Гарадніцкі, Зінаіда Драздова, Ігар Шаладонаў і інш. Па завяршэнні мерапрыемства госці наведалі Капыльскі раённы краязнаўчы музей. Дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Іван Саверчанка ўсклаў кветкі да бюста Цішкі Гартнага. Грошы на бюст капыляне збіралі ўсім горадам — каб ушанаваць памяць выдатнага земляка, які загінуў у трагічным для Беларусі 1937 годзе.

Юлія ШПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.