Вы тут

Капыльшчына — малая радзіма Цішкі Гартнага


4 ліспатада споўнілася 135 гадоў з дня нараджэння празаіка, паэта, перакладчыка Цішкі Гартнага. Ён жа вядомы грамадскі дзеяч Зміцер Жылуновіч. Быў сакратаром Беларускага нацыянальнага камісарыята, рэдагаваў першую беларускую баль¬шавіцкую газету «Дзянніца». Аўтар маніфеста аб утварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь, а з 1 студзеня 1919 года да 3 лютага быў старшынёй урада. З 1920-га — сакратар і адказны рэдактар газеты «Савецкая Беларусь». Узначальваў Дзяржкамвыд БССР і Цэнтральны архіў БССР. Разам з Янкам Купалам і Якубам Коласам стаяў каля вытокаў часопіса «Полымя». Мог быць і першым народным пісьменнікам Беларусі: у 1923 годзе ЦК КП(б)Б пастанавіў надаць яму ганаровае званне. Толькі па невядомай прычыне гэта не было ажыццёўлена. Аднак што б ні рабіў, дзе б ні знаходзіўся, пастаянна памятаў пра сваю малую радзіму Капыль.


Цішка Гартны.

Хутчэй у... Ясную Паляну! 

Імклівая стужка шашы, пачаўшыся ледзь не ў цэнтры Капыля, порстка збягае ўніз, пакідаючы справа некалькі будынкаў, каб у лагчыне, што нагадвае сабой вялізную катлавіну, разрэзацьракроіць мясцовасць на дзве амаль аднолькавыя часткі. У гэтай лагчыне абапал дарогі шэпчуцца хвалі двух азёрцаў. Яны рукатворныя. Рэчышча Каменкі было пашырана, яна захапіла частку заліўных лугоў. Прайшоў час — і па берагах выраслі кусты. 

Відаць, не кожны з маладых капылян — праезджых тым больш — здагадваецца, што мясціны адразу за азерцамі знакамітыя тым, што ў 1904 годзе тут разам са сваімі сябрамі і аднадумцамі ўдзельнічаў у маёўцы малады Зміцер Жылуновіч. А ў 1905 годзе, скончыўшы Капыльскае двухкласнае вучылішча, са сваім таварышам Красуцкім ўзяўся пісаць вершы. Напісалі пра сваё мястэчка ці то па-руску, ці то па-беларуску. Прыблізна так: 

Капыль, горад небольшой 
Слава аб ім громка 
Разняслася па ўсім свеце, 
А дзяржыцца тонка... 

Да таго натхніліся, што, як прызнаваўся Зміцер Хведаравіч ў аўтабіяграфіі, «хутка <...> гэтакіх вершаў сабралася каля 500 радкоў». Паказалі настаўніку, «аднак той, як і чакалася, нічога паэтычнага ў гэтых пробах пяра не ўбачыў, пра што і сказаў прама». «Паэты» асабліва не засмуціліся. Вырашылі свае творы паказаць самому Льву Талстому. Ды да Яснай Паляны не дабраліся, а трапілі ў Кіеў, дзе ў іх «жылі далёкія родзічы». Там зразумелі, «што далёка ад Капыля ім наўрад ці даводзіцца разлічваць на падтрымку». У той жа аўтабіяграфіі прызнаваўся: «Я зрадніўся з арганізацыяй сацыял-дэмакратаў, кінуў усякія думкі аб далейшым вучэнні і пайшоў працаваць спачатку чорнарабочым на бу¬даўніцтве. Цягаў цэглу, мяшаў вану, а вечарам чытаў кнігі і пісаў вершы. Калі будаўнічыя работы спыніліся, пайшоў працаваць бэйгарам у гарбарню. Было гэта ў лютым 1906 года». 

Для моладзі — свой, для паліцыі — чужы 

Смуродная, ледзь не катаржная работа. Адзіная ўцеха — поруч сябрыаднадумцы. Знаёмства з нелегальнай літаратурай, агітацыя сярод мясцовых салдат... Вечарам жа так хацелася выйсці з душнай майстэрні, спусціцца да рачулкі, пабыць сам-насам з прыродай. Дзесьці высока-высока ўверсе вісеў коўш Вялікай Мядзведзіцы, загадкава высвечваў Млечны Шлях. Каля ног лашчылася даверлівым кацянём Каменка, гарэзліва пераварочваючы з месца на месца каменьчыкі, шліфуючы, аздабляючы іх. 

Памятны знак майстра-гарбара ў Капылі, прысвечаны Цішку Гартнаму.

Вяртаўся дахаты пасвяжэлы, узрушаны і доўга не мог заснуць. Думкі набя¬галі адна на адну. Ім станавілася цесна ў галаве, хацелася свабоды, прасторы. Да позняй ночы не патухала газнічка ў хаце Хведара Жылуновіча — гэта яго сын Змітрок давяраў паперы патаемныя думкі. 

Чарговае развітанне з Капылём адбылося ў 1913 годзе. Працаваў на заводах «Вулкан», «Айваз» у Пецярбургу, друкаваўся ў сталічных газетах. Увайшоў у рабочае культурна-асветнае таварыства «Знание», вёў рэвалюцыйную работу сярод беларусаў-бежанцаў. А бяссонымі начамі ў думках пераносіўся ў Капыль. У вольную ж хвіліну хацелася расказаць пра зямлю маленства ў вершах. Так 11 верасня 1914 года напісаўся «Капыль»: 

Капыль, Капыль! Маё мястэчка, 
Вялікай Міншчыны куток! 
Мне міла ўсё тваё: і рэчка, 
І хаты, нівы, і гаёк... 

Пабачыўшы свету, яшчэ больш зблізіўся з мясцовымі сацыял-дэмакратамі. Праяўляў дзіўную смеласць. Настаўніца Юлія Чарнушэвіч, якая сустракалася з ім ў юнацтве, успамінала: «Цішка Гартны быў няўлоўным для паліцыі і жандараў. Сходкі ён назначаў там, дзе ніколі не падумаеш: у балоце, на Памаргоўках. І заўсёды чытаў на сходках свае ўласныя вершы пра жандараў, паноў. Больш за ўсё ён мог прывабіць моладзь. Мы з ахвотаю ўпотай ад бацькоў бегалі на кірмашы, соваючы ў вазы лістоўкі. Здаралася нярэдка, што лістоўкі траплялі ў самыя людныя месцы. Тое ж самае было і ў млыне, куды з’язджаліся з розных вёсак Капыльшчыны. Нават з лавак разам з соллю і мылам у карзінах неслі людзі лістоўкі». 

Натхняла зямля маленства 

Перачытваеш яго раннія творы — і ва ўчынках, перажываннях персанажаў пазнаеш тое, чым жыў сам аўтар, што хвалявала яго. Як у навеле «На ўсходзе сонца»: «[...] Мне не спалася. Прачнуўся пасярод ночы, падышоў к акну, утаропіўся ў яго і пільна пачаў глядзець на вуліцу. 

На дварэ стаяла пекная чароўная ноч! Неба цемнавата-сіняе, глыбокае без меры, доўгае і шырокае без канца, густа патыканае мігатлівымі яснымі зоркамі, як вялізны дарагі купал, аблягала кругкругам чорную грэшную зямлю. Зоркі весела мігацелі...» 

Вуснамі лірычнага героя пісьменнік прамаўляе тое, што так трывожыць, не дае спакою: «[...] Я працаўнік шчыры і верны, зжыўся са сваёй майстэрняй, — дык чаму ж мне так міл гэты зялёны лясок, гэтае шырокае, нязмернае вокам поле, гэтыя вясёлыя пташкі? Чаму я так ірвуся сюды — да гэтай прыроды? Я рвуся, а мяне стрымліваюць, не пушчаюць. Іншыя задаволены ўсім, ім гэта непатрэбна... Чаму ж мне няхват? Чаму мне мала? Чаму?» 

Янка Купала, Міхась Зарэцкі, Міхась Чарот, Цішка Гартны. Прага, 1927 г.

Каб душой адпачыць, рваўся сюды — да гэтай прыроды. Як і ў юначую часіну, пісаў не адны апавяданні, а і вершы. У Капылі нарадзіўся адзін з іх — «Жыву», датаваны 1 верасня 1912 года. Друкаваўся Ц. Гартны ўжо не толькі ў «Нашай Ніве», але і ў «Правде». Пазней стаў яе рабочым карэспандэнтам. Але менавіта на зямлі бацькоў, як і трэба было чакаць, з’явіўся твор, у якім наймацней і найдакладней выказаў сваю знітаванасць з родным кутам: 

Я жыву ў квятох валошкі, 
У спелым жыце між дарожкі, 
У пшаніцы спалавелай, 
У грэчцы пахкай, у грэчцы белай. 
Я жыву ў рэчцы, у яе імкненні, 
Ў лісцяў вербных шалясценні, 
У вятрыску ціхавейным... 

Сілцы — сваё, блізкае 

Аб тым, наколькі Зміцер Хведаравіч прывязаны да родных мясцін, асабліва засведчыў 1914 год, калі была напісана паэма «Капыль» і пачалася праца над раманам «Сокі цаліны» — самым аўтабіяграфічным яго творам. У жанравых адносінах вызначыў яго як «квадру». У творы чатыры квадры: «Бацькава воля», «На перагібе», «Крыжовыя дарогі» і «Чырвоныя зарніцы». Апошняя кропка была пастаўлена 9 чэрвеня 1929 года. Першая квадра пісалася да 1916-га. 

Праз усе квадры праходзіць вобраз галоўнага героя Рыгора Нязвычнага. З сябрамі ён яшчэ ў 1915 годзе стаў сацыял-дэмакратам, распаўсюджваў лістоўкі, пракламацыі, арганізоўваў маёўкі. У пошуках работы апынуўся ў Рызе, дзе не пакінуў рэвалюцыйнай барацьбы. А ў думках заўсёды заставаўся з родным кутам. Гэтая далучанасць да яго асабліва адчувальная ў лісце да каханай Зосі: «Я гэтак прагну дамоў, так ірвуся на радзіму, жадаю пабываць у Сілцах, што проста не ведаю, як дачакацца [...]. 

Сілцы, канешне, — Капыль. Мястэчка, ваколіцы яго, як і паселішчы, што знаходзяцца далей, лёгка пазнаюцца ў першай квадры. З таго моманту, калі Рыгор «атрымаў заробак і пасведчанне, купіў мацеры гасцінец: хустку, кабат і мяккія туфлі, і з начным цягніком выехаў з Рыгі. Ехаць яму прыйшлося чыгункаю да павятовага горада Ліцка, дзе ён мусіў перасесці на балагола». Некалькімі дакладнымі штрыхамі перадаецца, як выглядае гэты павятовы гарадок: «Станцыя Ліцк — зусім малая і глухая; цягнік прыпыняецца толькі на некалькі хвілін; людзей заўсёды прыязджае нядужа, бо сам горад Ліцк — месца не фабрычнае і не тарговае. А за гэтым і сувязь са станцыяй зусім не адмысловая, няўрадная: пяць-шэсць рамізнікаў спраўляюцца лёгка з усімі прыязджаючымі і выязджаючымі ў Ліцк». 

Ліцк — таксама 

Ліцк — гэта Слуцк, які і самому Цішку Гартнаму быў блізкі. Яму нічога не трэба было прыдумляць. Нязвычны зірнуў на Ліцк так, як сам Зміцер Хведаравіч глядзеў на Слуцк і гэтыя мясціны: «Рыгор не спускаў вачэй з вакольных ніў. Яму на станцыю Ліцк, уперад таму гадоў некалькі, траплялася ездзіць вельмі часта, па тры, па чатыры разы ў тыдзень, і ўсе гэтыя месцы паабапал Ліцкага тракта былі яму досыць знаёмы і памятны. Трэба было кінуць першым узрокам вакол сябе, як тоненькі туман, зацягнуўшы памяць, раптам распыліўся, знік і ўсе дэталі знаёмага і блізкага вобраза мігам бліснулі-уваскрослі перад яго вачыма: ляскі, сіратлівыя грушкі ды яблынькі, ядлоўцавыя кусцікі па межах, старыя замшалыя платы, выбітыя да чорнага выганы, рэчкі-жарольцы, мосцікі дзіравыя. Уваскросла, ажыло і, здаецца, загаманіла ім кожнаю зялінкаю раслін, кожным чвырканнем пташкі, кожным бульканнем рачулак; ачаравала яго нейкаю незямною, салодка-казачнаю, прагнаю ласкаю, <...> уліла ў яго істоту жывільны сок, струмень бадзёрасці». 

Вокладка кнігі «Насустрач сонцу».

Гэтае ж знаёмае і ў такіх радках: «Вось яны едуць Жміным полем, а потым будзе Ясева грэбля — вёска Жыгуны, а там Чылаўскі лес». Случане ды і капыляне лёгка здагадваюцца пра што гаворка: «Якраз у Міжканаўі, перад Ясевай грэбляй, сялянскі конь захнабэрыўся ці спалохаўся і раптам спыніўся». А што ўжо казаць пра самі Сілцы?! «Толькі Рыгор выйшаў са свайго двара і дайшоў да Перасечнага перавулка, як адразу спыніўся і пачаў меркаваць: «Можа, яшчэ трэба далей прайсці па вуліцы, а мо сюды павярнуць направа? Не ведаю!.. Напрапалую павярну ў перавулак!» — рашыў ён і пайшоў тылам да вуліцы. 

На правым ад яго баку, выязджаючы з Сілцоў, ён пакінуў, наколькі помніць, старую разваленую карчму Лейбы Бляхара, які так любіў свой куток, што не пакідаў прадаваць гарэлкі пад страхам быць задушаным праваленай страхою. Насупраць Лейбавай карчмы жыў другі знаёмы яўрэй — Шолам Стрэльба, самы важны майстар-шапачнік. Як на карчме Лейбы, так і на хаце Шолама былі прывешаны шыльды, размалёваныя ўсякімі хваробамі, розных формаў і гатункаў шапкамі ў Шолама і пляшкамі ў Лейбы». 

Як Кузьма Чорны мог «пісаць пра цімкаўцаў бясконца», так Цішка Гартны — пра капылян. У гэтым пераконваюць яго апавяданні, нарысы канца 20-х — пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя. І ўсё ж ні ў адным іншым творы ён не дасягнуў такой праўдзівасці і пераканаўчасці ў паказе жыцця землякоў, як у «Бацькавай волі». Да бацькоўскага кута Рыгор Нязвычны звяртаецца і ў іншых квадрах, калі ў думках згадвае тое, што назаўсёды пакінула след у яго душы. 

* * * 

Цяпер — позняя восень. Зранку заімжэла, калючыя кроплі дажджу сыпанулі з нябеснага рэшата. Вецер падхапіў апошнюю лістоту, завіхурыў яе, кідаючы то ўверх, то ўніз, не жадаючы развітвацца з ёю. І радуецца гэтай дзіўнай сваёй гульні, і адчувае аднаму яму вядомую сілу і задаволенасць у моцнасці сваёй дужасці: 

І сумна, і нудна, і вецер пяе — 
Асенняя песня нудой аддае... 
Прыбрана у полі, і пуста вакруг, 
Адзежаю смутна апрануты луг. 

Толькі сонца здавацца не збіраецца. Спачатку нахмурыўшыся, а пасля смялей і больш упэўнена пасылае промні на астылую зямлю, што зачакалася ласкі. Зачараваны такой упартасцю, вецер сцішваецца, перад гэтым яшчэ раз папрацаваўшы ў волю. Быццам у вялікі кулак-жменю сабраў шматкі хмар, панёс па небе, каб кінуць недзе за даляглядам, там, дзе праглядаюцца далёкія абрысы хат. 

У нечым так, як было пры Цішку Гартным. Ды ён і працягвае жыць у Капылі. У раённым краязнаўчым музея ёсць бюст яго. Устаноўлены і помнік яму. Аб нараджэнні ў колішнім мястэчку нагадвае мемарыяльная дошка на месцы хаты, у якой ён нарадзіўся. 

Нядоўгі быў яго век, не стала 11 красавіка 1937 года. Аднак вечнасць у гісторыі літаратуры наканавана. Ды і не трэба забываць, што ён спрыяў станаўленню беларускай дзяржаўнасці. На капыльскіх жа пагорках асаблівы сэнс набывае пытанне «Чаму я так ірвуся сюды — да гэтай прыроды?», на якое кожнаму пакаленню даваць свой адказ. 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.