Вы тут

Вершы і вайна. Вялікая Айчынная ў беларускай паэзіі


«Мы скора прыйдзем з песнямі дадому. З дарог вайны у хаты прынясём жывое рэха ўшчуленага грому і сэрцы, гартаваныя агнём...» Колькі шэдэўраў нарадзіла балючая тэма вайны ў беларускай паэзіі! У 2024-м мы будзем адзначаць 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Зразумела, прагучыць і шмат вершаў. Але ці асэнсавалі мы, ахапілі ўвесь вялізны скарб беларускай паэзіі, якая нарадзілася ў часы Вялікай Айчыннай вайны ці пазней, створаная яе ўдзельнікамі і сведкамі? Ці ведаем усе вартыя творы? Ці ёсць адметнасць у беларускай паэзіі на ваенную тэматыку? Пра гэта на круглым стале «Звязды» гавораць Яўген Гарадніцкі, доктар філалагічных навук, дацэнт, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, Васіліна Міцкевіч, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, Алена Макаранка, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Міхал Бараноўскі, дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, і мадэратар размовы рэдактар аддзела культуры газеты «Звязда» Людміла Рублеўская.


«Беларусь, я твой воін адданы і сын...»

— На тэму Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі пісалі і паэты-франтавікі, многія з якіх загінулі, — даследчык Алесь Бельскі склаў з іх твораў трохтомную анталогію «Скрыжалі памяці». Некаторыя выжылі і змаглі асэнсаваць перажытае ў пазнейшай творчасці. Пісалі і дзеці вайны, і тыя, хто яе не застаў. Вялізны пласт — ад шэдэўраў да фармальнай патэтыкі. Усе прымаюць як дадзенасць, што ваенная тэма — магістральная для беларускай паэзіі... Але ва ўсіх літаратурах свету ёсць вершы і паэмы пра вайну і яе ахвяраў. Чым адметная ў гэтым плане менавіта наша нацыянальная паэзія?

А. Макаранка: У нашым архіве-музеі захоўваецца шмат фондаў паэтаў-франтавікоў. У Вялікую Айчынную вайну Беларусь была цалкам акупаваная, і ў дзённікавых запісах увесь час гучыць: «Як там мая сям’я? Як мая каханая, мае дзеці?» Памятаю, у адным з запісаў аўтар перажывае, ці пазнае яго сын праз чатыры гады. Гэты ж боль адбіўся і ў творах. І яшчэ асаблівасць — партызанская тэматыка. Калі я працавала ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, у фондзе Камісіі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, створанай яшчэ ў канцы 1942-га года, і ў аб’яднаных архіўных фондах партызанскіх фарміраванняў у гады Вялікай Айчыннай вайны, сустракала шмат вершаў партызан.

Я. Гарадніцкі: Паэзія — вельмі складаная, тонкая з’ява. Яе трэба разглядаць у кантэксце ўсяго літаратурнага развіцця. Калі параўноўваць паэзію і прозу на ваенную тэму, у 1950-я гады была цяга аўтараў да эпічнасці, панарамнасці, маштабнасці. У прозе толькі ў 1960-х атрымлівае прызнанне так званая лейтэнанцкая, акопная проза, у беларускай літаратуры яе прадстаўляе Васіль Быкаў. Тое самае адбывалася і ў паэзіі.

А. Макаранка: Імкненне паказаць вайну эпічнай падзеяй было заўсёды, і ў 1960-х, і пазней. Дарэчы, твораў празаікаў на ваенную тэму ў нашых фондах усё-ткі болей, чым паэтаў.

Я. Гарадніцкі: А чаму мала захавалася вершаў, напісаных на фронце? Таму, што многія з аўтараў загінулі. У Доме літаратара ёсць мемарыяльная дошка, на якой пазначаны 26 імёнаў загінулых у Вялікую Айчынную вайну сяброў Саюза пісьменнікаў. Гэтыя паэты да вайны паспелі выдаць адзін-два зборнічкі, у асноўным грамадзянскай лірыкі. Яны не паспелі асэнсаваць вайну. Седзячы ў акопе, гэта зрабіць цяжка. Там страляць трэба, змагацца... Усё асноўнае асэнсаванне прыйшло пасля. Паэзія хоць і заснаваная на «тут і цяпер», на непасрэдных адчуваннях, але ў той жа час яна патрабуе нейкага абагульнення, тыпізацыі, пераасэнсавання…

— Значыць, паэзія, якая пісалася ў акопах, і паэзія, якая пісалася тым самым паэтам, але пасля вайны, — іншага ўзроўню?

Я. Гарадніцкі: Іншы ўзровень пранікнення ў сутнасць падзей, асэнсавання адчуванняў чалавека на вайне, рэтраспектыўны позірк. Яны ж не маглі пісаць у акопах паэмы. Самы яскравы прыклад — Аляксей Пысін. У 1950-я ён таксама пісаў вершы на розныя тэмы ў духу часу — і пра калгасы, і пра даярак... Але якія вершы пра вайну ён стварыў пазней!

А. Макаранка: Шмат хто з паэтаў-франтавікоў рабіў дзённікавыя запісы. Урыўкамі, калі была магчымасць. Хоць гэта было і забаронена. Аўтар рабіў накіды вершаў, занатоўваў вобразы. А пасля на аснове тых нататак накідаў з’яўляліся добрыя творы. Так, асэнсаванне прыйшло пасля... Але нататкі рабіліся непасрэдна на фронце.

В. Міцкевіч: Канешне, будучы ў акопе, напэўна, вельмі складана пісаць вершы, таму што рэч пра тое, як выратаваць сваё жыццё і выратаваць сваю краіну ад ворагаў. А франтавыя дзённікавыя запісы — цікавая частка спадчыны ўсіх аўтараў. Іх трэба выдаваць. Дзённікі Мікалая Красоўскага, які працаваў у Беларускім штабе партызанскага руху, нядаўна выходзілі ў «Нёмане», там шмат згадак пра беларускіх паэтаў, у тым ліку пра Якуба Коласа, Купалу і тагачаснае франтавое жыццё. Мне здаецца, што папулярызацыя такіх твораў — адна з нашых сённяшніх задач.

М. Бараноўскі: Адметнасць беларускай паэзіі пра вайну для мяне вызначаецца двума фармулёўкамі: «Ніколі зноў» і «Нельга забыць». Героіка, але абавязкова і трагедыйнасць.

«Нясцерпнай смагай сэрца засмучона. Былое ўспамінаецца часцей»

А. Макаранка: Наконт асэнсавання праз час... Мы знайшлі цікавы ліст 1975 года, адасланы з Масквы журналісткай, удавой савецкага воіна Валянцінай Салаўёвай Аркадзю Куляшову. Ён тычыцца камісара Зуева, пра якога Куляшоў напісаў у паэме «Сцяг брыгады». Журналістка, натхніўшыся паэмай, напісала верш пра Зуева, з якім паспяхова выступала ў вайсковых частках. Але адзін з рэдактараў Ваенвыдата сказаў, каб яна больш не выступала з гэтым вершам, бо Зуеў нібыта ўласавец, да таго ж тое, паводле сюжэта, яго прадае савецкі чалавек, пра гэта таксама не трэба гаварыць. Але Куляшоў у публікацыі ў «Литературной газете» даводзіць, што Зуеў, якога паэт ведаў асабіста, ніякага дачынення да ўласаўцаў не мае, ён герой. Салаўёва выказвае ўдзячнасць Куляшову. Так што творы пра вайну — гэта вялікая адказнасць. Вобразы ўражвалі чытачоў, падхопліваліся... Недакладнасці біяграфій герояў маглі паўплываць на лёсы.

— Так, былі прыклады, калі літаратар з-за недахопу інфармацыі альбо падмануты фальсіфікаванымі акупантамі фактамі апісваў героя, у якога быў рэальны прататып як здрадніка ці наадварот... Але мог і аднавіць справядлівасць — згадваецца «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна, дзе выкарыстана гісторыя мінскага падпольшчыка прафесара Яўгена Клумава, які пазней быў адзначаны званнем Героя Савецкага Саюза.

В. Міцкевіч: Хоць Якуб Колас і не быў франтавіком, вайну ён бачыў. Эвакуіраваліся з сям’ёй з палаючага Мінска. Трапілі пад бамбёжку нямецкіх самалётаў пад Оршай. Дзякуй Богу, што дапамог Купала і даслаў машыну. Самалётаў пад Оршай — дзякуй Богу, што дапамог Купала і даслаў машыну. Сям’я Якуба Коласа, як і сам паэт, змаглі адзін дзень адпачыць на купалавым лецішчы ў Ляўках. Застацца надоўга не выпадала, вайна вымушала рушыць далей…

Страшныя першыя дні вайны паўставалі перад Якубам Коласам, і, канешне, ён адгукаўся сваімі вершамі. Першы яго такі верш, які з’явіўся ў друку — «Шалёнага пса на ланцуг». Ён быў надрукаваны 23 чэрвеня 1941 года і ў «Звяздзе», і ў «Савецкай Беларусі», і нават газета «Правда» дала яго без перакладу. Колас вельмі цікавіўся падзеямі на фронце, слухаў радыё і ўвесь час адгукаўся сваімі вершамі. Яны вельмі вядомыя, за цыкл вершаў на ваенную тэматыку яму была прысуджана Дзяржаўная прэмія па літаратуры. Але ў Коласа ёсць творы, якія не так шырока вядомы сённяшняму чытачу. Дзве паэмы пісаліся падчас вайны — «Суд у лесе» і «Адплата». Яны прысвечаны беларускім партызанам і заслугоўваюць увагі. Ёсць у Коласа і невялікія апавяданні пра вайну — «Санітарка Таня», «У разведцы», «Сустрэча з ворагам». Яны вельмі добра падыходзяць для патрыятычнага выхавання дзяцей.

Міхал Бараноўскі

М. Бараноўскі: Аднойчы я вырашыў здзейсніць асабісты праект — шукаць вершы на ваенную тэматыку, якія мне асабіста падабаюцца, і дзяліцца імі ў сацыяльных сетках. Але знайсці для сябе нешта знакавае аказалася яшчэ цяжэй. Вельмі своечасова арганізаваны гэты круглы стол, бо мы можам якраз абгаварыць небяспеку ўпасці замест звароту да добрых твораў, якія кранаюць, уражваюць, выхоўваюць, у пафас. Мікола Сурначоў, які загінуў на фронце, напісаў на пачатку вайны верш «У стоптаным жыце». У школе я гэтага верша не чуў. І каб не падказка сяброў-філолагаў, на яго б, напэўна, і не выйшаў бы. А гэта вяршыня паэзіі! «Ляжыць ён, як віцязь, у стоптаным жыце. Маці спаткаеце — ёй не кажыце». Трэба ствараць канон лепшай паэзіі пра вайну, не прыцягваючы туды штосьці штучна.

Я. Гарадніцкі: Так, паэзію франтавікоў трэба ведаць, іх усіх трэба шанаваць. Але гэта не значыць, што ўсё імі напісанае высокай мастацкай якасці. Сапраўдная паэзія па-за часам. Мне згадаўся адзін твор, дзе таксама ляжыць забіты салдат — ён належыць ведаеце, каму? Максіму Багдановічу. Яго твор пра вайну — абразок «Страшна». Адбыўся бой. Ляжаць забітыя. Вось салдат ляжыць, нібы адпачывае, глядзіць на неба, на хмаркі. І адна дэталь: вялікі рыжы муравей спаўзае з яго чупрыны, паўзе па скроні, а потым па расплюшчаных вачах. Вось як можа адна дэталь стварыць геніяльны твор, які актуальны ва ўсе часы…

— Вельмі важна, каб захоўвалася гістарычная памяць, каб не разбураўся гістарычны кантэкст... Вось, напрыклад, вельмі просты верш-чатырохрадкоўе Анатоля Вялюгіна «Лемантар вайны»: «Мама мыла раму — там, на ўроку рана. Вісне ў небе „рама“, што забіла маму». Верш уражлівы... Але для таго, хто ведае, што рамай называлі нямецкі самалёт-разведчык.

М. Бараноўскі: Сённяшнія дзеці без тлумачэнняў не зразумеюць. Тэма вайны — складаная, праўду пра вайну не ўсе гатовыя былі прыняць. І тут яшчэ шмат таямніц.

— Аркадзь Куляшоў сцвярджаў, што сустракаў яго пасля вайны ў Маскве.

«Я бяру з сабой ліст і цалую пры ўсіх, і да сэрца кладу, каб ад куль захаваць...»

— Ці ўсе вартыя творы на тэму Вялікай Айчыннай вайны вывучаныя, данесеныя да чытача, ці ёсць невядомыя або незаслужана забытыя? Можа, дзе-небудзь яшчэ ў гільзе, у агульнай магіле ляжыць нататнік з геніяльным вершам…

А. Макаранка: У Нацынальным архіве выйшла цудоўная кніга ілюстрацый з партызанскіх дзённікаў. Ёсць там і вершы, якія асобна не друкаваліся. Я працавала над кнігай «Мы жылі ў буднях барацьбы», у якой сабраны франтавыя дзённікі чатырох пісьменнікаў. І там таксама ёсць вершы, асабліва шмат у дзённіку Пятра Валкадаева, які прайшоў усю вайну, у 1944-м ваяваў у партызанскім атрадзе. Некаторыя старонкі тых дзённікаў — як замалёўкі для будучых твораў.

Алена Макаранка

Я. Гарадніцкі: Вядома, у архівах можна яшчэ шмат знайсці непасрэдных сведчанняў удзельнікаў вайны, знойдуцца там і іх вершы. Іншая справа — мастацкі ўзровень, ён не заўсёды можа быць высокі. Як жартоўна кажуць, добрых вершаў мала ў каго многа... А на тэму вайны напісаць шэдэўр складана. Нават у такіх паэтаў, як Куляшоў і Танк, іх не так багата.

— Значыць, трэба не толькі знаходзіць тое, што яшчэ не вядома, але і аднаўляць цікавасць да паэтаў франтавога пакалення, чые творы даўно не перавыдаваліся?

Я. Гарадніцкі: Так. Згадваецца верш Максіма Танка пра подзвіг Януша Корчака, які загінуў у Асвенціме разам са сваймі выхаванцамі, яўрэйскімі дзецьмі. Ён просты, без асаблівай патэтыкі... Або верш Анатоля Вярцінскага «Дынамік»... Пра старую ўдаву, сыны якой загінулі, і яна прынесла да электрыка сапсаванае радыё — свайго адзінага суразмоўцу. Згадаю яшчэ паэму Алеся Наўроцкага «Палячыце нас, доктар». Ён усё жыццё дапісваў гэты твор, які выйшаў у першым яго зборніку. Пра людзей, пакалечаных вайной, але якія не зламаліся духоўна. Але асабліва мяне ўразіла паэзія Аляксея Пысіна, са школьных часоў. Элегічнасць, шчырасць, вера ў перамогу жыцця... Яго мы не вельмі часта згадваем.

М. Бараноўскі: Часам вока ў нас «замыленае». Мы аддаём шмат увагі лаўрэатам, тытулаваным літаратарам, забываючы не менш вартых. Я згодны наконт Аляксея Пысіна. На мой погляд, яго імя варта надаць не толькі вуліцы, але і, скажам, заснаваць прэмію яго імя. Чаму паэма «Палячыце нас, доктар» Алеся Наўроцкага не на слыху — здзіўляе. Я змяшчаў урыўкі ў сваім блогу. Згадаю верш Барадуліна «Бацьку». Не так часта бачу, як мужчыны плачуць, але калі мой калега агучваў гэты твор, ён плакаў. Мы амаль не гаварылі пра жанчын-паэтак... Даволі часта згадваецца Яўгенія Пфляўмбаўм, і няхай яна не была на фронце, але важна, што ў яе праз моц паэтычнага таленту перадаецца атмасфера ваеннага часу.

— Давайце пагартаем выданні... У аб’ёмным 19-м томе «Залатой калекцыі беларускай літаратуры» выдавецтва «Мастацкая літаратура», дзе прадстаўлена паэзія вайны, тры паэткі — Ніна Тарас, Эдзі Агняцвет, Канстанцыя Буйло. У зборніку «Памяці вечны агонь» з серыі «100 вершаў», выдадзеным да 75-годдзя вызвалення Беларусі, з гэтых ста вершаў ніводнага, напісанага жанчынай. Не думаю, што, каб пашукаць, такіх вершаў не знайшлося б.

— А яшчэ думаю, што фальклорныя творы на тэму вайны — а ў Беларусі найбагаты пласт такога фальклору — амаль цалкам створаны жанчынамі.

М. Бараноўскі: Беларуская народная творчасць пра вайну таксама вартая папулярызацыі. Навукоўцы шмат зрабілі ў гэтым кірунку, і вылучыць нешта цікавае можна.

В. Міцкевіч: І ў музеях, і ў архівах ёсць рукапісы сведкаў вайны. Можа, у некаторых знойдуцца іх адзіныя паэтычныя творы, яны варты вывучэння. У музеі Якуба Коласа, напрыклад, маецца рукапісны сшытак «Голас Беразянкі» Яніны Крайнік, партызанкі брыгады «Полымя». У сваёй паэме яна расказала пра спаленую пухавіцкую вёску.

Васіліна Міцкевіч

— Калі мне даводзіцца праглядаць у архіве газетныя выразкі ваеннага часу, я нярэдка знаходжу ў журналісцкіх матэрыялах пра жыццё ў партызанскіх лагерах, культурную працу на фронце шмат узораў творчасці салдат і партызан. Падазраю, што многае з тых твораў засталося толькі ў тых газетных публікацыях. Таксама крыніца, якой не варта пагарджаць.

М. Бараноўскі: Тым болей Прэзідэнцкая бібліятэка алічбавала шмат перыядычных выданняў ваеннага часу.

А. Макаранка: Варта паглядзець у Нацыянальным архіве у Нацыянальным архіве фонды Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі і Камісіі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Там ёсць дакументы, якія датычацца дзяржзаказаў паэтам на напісанне твораў пра герояў вайны. Помніцца, там ёсць і рукапісы.

«Ну што ж, не сорам, родныя, паплачце...»

— Няма такога чалавека, які б жыў у той час і якому б вайна не пераламала жыццё, не перавярнула ўспрыманне свету. Тым болей гэта паўплывала на паэтаў і пісьменнікаў. Мы згадвалі Яўгенію Пфляўмбаўм. Яна паехала ў Сібір на зняволенага мужа, паэта Максіма Лужаніна, потым яны жылі ў Маскве. І перад вайной іх адносіны разладзіліся — з ліставання вынікае, як гэта было для абодвух пакутліва... Але раз’ехаліся. А калі пачалася вайна, Лужанін трапіў на фронт. Ён ваяваў, удзельнічаў у Сталінградскай бітве, быў паранены. І ўсе іх непаразуменні з Яўгеніяй забыліся. Яны пішуць адзін аднаму лісты, поўныя палкага кахання. Яўгенія дачакалася свайго «Аля», разам вярнуліся ў вызвалены Мінск. Вайна выявіла рэальныя каштоўнасці, якімі трэба даражыць. А згадаем Міхася Лынькова, чый сын Марык і жонка загінулі ў канцлагеры. Ён да канца жыцця так і не аправіўся ад гэтай трагедыі.

В. Міцкевіч: Лынькова хацелі ўключыць у камісію па расследванні злачынстваў акупантаў, але Колас прыклаў усе намаганні, каб яго не ўключалі — бо Лынькову было гэта вельмі цяжка.

— Пра яго сямейную трагедыю напісаў Янка Маўр, апавяданне «Завошта?». Сам Лынькоў не змог. Пісаў пра падобнае, напрыклад, апавяданне «Дзіцячы башмачок», але пра сваю сям’ю, відаць, сіл не меў душэўных выказацца.

Я. Гарадніцкі: Але ж напісаў ён эпапею «Векапомныя дні», якая, аднак, не дацягвала па мастацкім узроўні.

Яўген Гарадніцкі

— Мне здаецца, што ён свой боль спрабаваў прыгасіць вось такой фундаментальнай працай. Як бы і пра вайну, але не пра ўласную трагедыю. Ад асабістай трагедыі паэты ішлі да агульнанацыянальнага і агульначалавечага... Але часам і да патэтыкі. Згадаю паэму Петруся Броўкі, прысвечаную яго маці — яна загінула ў канцлагеры, пайшла ў агонь крэматорыя, замяніўшы сабой маладзенькую дзяўчыну. Сюжэт, варты Шэкспіра і Еўрыпіда. Броўка пра гэта піша толькі ў адной частцы паэмы…

М. Бараноўскі: На першых дзвюх старонках.

Я. Гарадніцкі: Але мы не можам асуджаць паэта — магчыма, гэта ў яго натуральна спалучалася.

А. Макаранка: А як аб гэтым, балючым, яму было пісаць? Ён не мог.

М. Бараноўскі: Ён не мог. А нехта мог. І мы павінны такіх паэтаў вылучаць. Тады для кожнага з літаратараў быў абавязак — адгукнуцца на падзеі вайны. Многія рэчы, асабліва эпічнага характару, пісаліся на дзяржзамову.

— Можа, для каго была і дзяржзамова, але калі Аркадзь Куляшоў выходзіць пад бамбёжкай з Мінска, ці калі Якуб Колас пакутліва шукае хоць якой звестачкі пра сына Юрку, які пайшоў на фронт — тут ужо не дзяржзамова, тут асабістае пакліканне выказацца…

Я. Гарадніцкі: Канешне, асабістая жыццёвая трагедыя адбіваецца на творчасці. Але глыбіня твору залежыць ад таленту.

В. Міцкевіч: Шмат вершаў пра вайну Якуба Коласа напісана пад уражаннем уласна перажытага. Верш «Развітанне» прысвечаны яго дзядзьку, Ігнату Юр’евічу Міцкевічу... Ёсць верш, прысвечаны сыну Юрку, апошні ліст з фронту ад якога прыйшоў у верасні 1941 года. На Коласа вялікае ўражанне зрабіла тое, што ён пабачыў у вызваленым Мінску. У дзённікавых запісах, у артыкулах шмат запісаў: «Ты спалены датла, але ты прыгожы ў сваіх руінах». Але ў кожным яго творы ёсць вера, што ўсё будзе адноўлена.

А. Макаранка: Не нам судзіць людзей, якія прайшлі праз тыя жахі. Мая родная бабуля была ў Малым Трасцянцы, шмат чаго бачыла... Колькі я, гісторык, спрабавала яе распытаць — яна маўчала. З мамінага боку бабуля і яе сястра прайшлі Асвенцім — таксама маўчалі. 

— У маёй бабулі Пелагеі Часлаўскай на руцэ быў выбіты нумар — яна трапіла ў канцлагер Азарычы, калі карнікі спалілі вёску за сувязь з партызанамі. Вярнулася пасля вызвалення, хворая на тыф. Колькі я пыталася, што гэта за нумар на яе руцэ, — «Ай, не пытайся. Не звяртай увагі».

М. Бараноўскі: Таму што ўсё ў рэальным жыцці складаней, чым у агітцы. Не ўсё можна агучыць.

«Попел сэрцаў нашых ракоча ў зямлі: Памятай! Памятай! Памятай!»

— Што варта зрабіць для таго, каб папулярызаваць лепшыя творы пра вайну, зацікавіць гэтай тэмай сучасных дзяцей?

В. Міцкевіч: Мне падаецца выключнай у гэтым плане кніга «Ніколі не забудзем», над якой працавалі мае абодва прадзеды, Янка Маўр і Якуб Колас: успаміны дзяцей, якія былі сведкамі вайны. Цяпер не хапае ўвагі менавіта да такіх кніг. Мне вельмі цікавыя дзённікі сведкаў вайны. Колас таксама пісаў дзённік, і там вельмі шмат інфармацыі аб тым, як ён перажываў падзеі, якія адбываліся на фронце. Другі мой прадзед, Янка Маўр, таксама адгукнуўся на гэтую тэму. Яго творы такія кранальныя, што іх немагчыма чытаць без слёз і зараз. І «Сям’я», і «Максімка», і «Дом пры дарозе», і «Драўляная лыжка» — творы, якія павінна ведаць сённяшняе юнае пакаленне беларусаў. У Янкі Маўра ёсць і тое, што не публікавалася. У часопісе «Полымя» да 130-годдзя Янкі Маўра выйшла першая частка незавершанага рамана «Дзяўчына-маці», прысвечанага мінскаму гета. І ёсць яшчэ ў Маўра накіды твораў «На рацэ Бярэзіне», «Эшалон нявольнікаў», якія таксама і ніколі не друкаваліся. Мне падаецца, што было б добра выдаць кнігу апавяданняў і невядомых твораў Янкі Маўра на тэму вайны.

А. Макаранка: Што датычыцца ўспамінаў Янкі Маўра — у нас захоўваецца ўсяго адна староначка, з 22 чэрвеня па 26 чэрвеня 1941 года. Тэкст «згасаючы», драбнюткі, дрэнна расчытваецца. Нагадаю, што ў наступным годзе не толькі юбілей Перамогі, але і юбілеі літаратараў-франтавікоў Аркадзя Куляшова і Васіля Быкава. Калі мы пачалі разглядаць фонд Аркадзя Куляшова, аказалася, што ў нас ёсць яшчэ неразабраныя тэчкі. А ў іх мы знайшлі рукапіс паэмы «Сцяг брыгады» 1942–1943 года з праўкамі аўтара.

М. Бараноўскі: Калі будуць канцэрты да дня вызвалення Беларусі, важна, каб гучалі песні на лепшыя тэксты беларускіх паэтаў.

Я. Гарадніцкі: Чаму б не стварыць праграму на вершы Аляксея Пысіна?

М. Бараноўскі: Нагадаю, што ў «Песняроў» была праграма «Праз усю вайну». Можа, ёсць сэнс яе аднавіць?

Я. Гарадніцкі: Толькі трэба асцерагацца патэтыкі. Каб гэта было шчыра і пранікнёна.

— Безумоўна, па краіне пройдзе шмат тэматычных літаратурных конкурсаў, конкурсаў чытальнікаў... Напрыклад, Мінскае гарадское аддзяленне СПБ ужо аб’явіла літаратурны конкурс, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Мінска і Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

А. Макаранка: У наступным годзе юбілей Саюза пісьменнікаў Беларусі, у нашым архіве шмат дакументаў паэтаў-франтавікоў. Так што плануем шмат мерапрыемстваў. У лютым, напрыклад, вечар памяці Аркадзя Куляшова.

В. Міцкевіч: У нашым музеі рыхтуецца вялікі выставачны праект да вызвалення Мінска. Будзем згадваць творчасць Якуба Коласа ваеннай тэматыкі. Паколькі Колас правёў два з паловай года ў эвакуацыі ва Узбекістане, прадставім работы вядомай беларускай архітэктаркі Галіны Левінай — краявіды Узбекістана, а таксама творы прысвечаныя Мінску.

Я. Гарадніцкі: Я б прапанаваў да юбілею Аляксея Пысіна выдаць збор твораў гэтага геніяльнага паэта. У ягоным родным Магілёве ёсць вуліца яго імя. Добра было б назваць яго імем вуліцу і ў Мінску, а таксама даць вуліцам імёны паэтаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.