Вы тут

Артбук - кніга ХХІ стагоддзя?


У кніжных крамах сёння ўсё часцей можна ўбачыць новыя віды кніг — артбукі. Што ж гэта такое? Рускамоўны і куды менш папулярны аналаг слова «артбук» — графічны альбом. Гэта ілюстрацыі на пэўную тэму, сабраныя і аформленыя ў выглядзе альбома. Нельга сказаць, што артбук — вынаходства сучаснасці. Яшчэ ў XIX ст. мастакі збіралі серыі сваіх графічных работ пад адну вокладку і выпускалі як самастойны мастацкі твор. Часцей за ўсё гэтыя альбомы ўяўлялі сабой пейзажныя віды якой-небудзь мясцовасці, выявы архітэктурных аб’ектаў, серыі партрэтаў; яны цалкам афармляліся самімі мастакамі і не ўтрымлівалі ў сабе практычна ніякага тэксту, акрамя подпісаў да работ. Раннімі прыкладамі артбука можна назваць альбом «Хокусай Манга» Кацусіка Хакусая, датаваны 1814 г., выкананы Напалеонам Ордам у 1873—1883 гг. «Альбом гістарычных відаў Польшчы», а таксама «Дэкаратыўныя дакументы» Альфонса Мухі 1902 г.


Артбукі карыстаюцца сёння велізарнай папулярнасцю ў мастакоў ва ўсім свеце. Сучасны артбук мае больш складаную структуру і мастацкую канцэпцыю: гэта друкаванае выданне з работамі мастака на адну агульную тэму, нешта сярэдняе паміж кнігай і часопісам. Ёсць мноства розных відаў артбукаў, якія маюць рознае прызначэнне, структуру і аб’ём, паколькі сам фармат такога альбома абумоўлівае поўную свабоду аўтара ў задуме. Многія маладыя мастакі ствараюць альбомы са сваімі работамі ў электронным выглядзе і размяшчаюць у інтэрнэт-прасторы як партфоліа з мэтай папулярызаваць сваю творчасць, зрабіць яе вядомай. Лічбавая форма работ дазваляе мастакам прадстаўляць сваю творчасць за межамі галерэй або музеяў, распаўсюджваць у шырокія масы.

Адзін з самых цікавых і распаўсюджаных відаў артбукаў сёння — рэкламны артбук — альбом, прысвечаны гісторыі стварэння прадукту масавай культуры, напрыклад, папулярных кінафільмаў і камп’ютарных гульняў. Такія альбомы арыентаваны на фанатаў і ўтрымліваюць работы мастакоў і дызайнераў, якія бралі ўдзел у распрацоўцы прадукту і стварэнні мастацкага вобраза, канцэпцыі ўсіх візуальных элементаў, а таксама кароткую пісьмовую інфармацыю пра розныя аб’екты і з’явы выдуманага свету. Можна сказаць, што рэкламны артбук — гэта ілюстраваная энцыклапедыя, якая апісвае асаблівасці выдуманага свету фільма або відэагульні, а таксама гісторыю стварэння прадукту, інтэрв’ю з аўтарамі ідэі і мастакамі, уключаючы пачатковыя задумкі і вобразы, якія не ўвайшлі ў канчатковы вынік. Аднак у адрозненне ад энцыклапедыі тут галоўную ролю адыгрывае не тэкст, а малюнак.

Ілюстрацыі, якія змяшчаюцца ў артбуку, прысвечаным камп’ютарнай гульні або фільму, уяўляюць ужо гатовы і цэласны вобраз, таму іх задача — у тым, каб перадаць гэты вобраз, паказаць атмасферу і стылістыку прадукту ў цэлым і звярнуць увагу гледача на працу дызайнераў, прадуманасць кожнага элемента выдуманага свету.

Найбольшую цікавасць у мастацкім плане ўяўляюць артбукі, прысвечаныя камп’ютарным гульням, паколькі менавіта тут творчасць мастакоў і дызайнераў адыгрывае асноўную ролю. Камп’ютарная гульня — гэта з’ява на стыку кінематографа, выяўленчага мастацтва і літаратуры, прадукт творчасці мноства мастакоў і сцэнарыстаў. Ілюстрацыі ў артбуках да камп’ютарных гульняў можна параўнаць з ілюстрацыямі да апавяданняў, але яны маюць сваю стылістычную спецыфіку: як правіла, яны драматычныя, кантрасныя і дынамічныя, ім уласцівы нейкі пафас. Ілюстрацыя часцяком створана з выкарыстаннем кінематаграфічных ракурсаў.

Практычна ўсе ілюстрацыі артбукаў, прысвечаных камп’ютарным гульням, адносяцца да лічбавага жывапісу і малююцца на графічных планшэтах. Выкарыстоўваюцца пры гэтым розныя тэхнікі: імітацыя традыцыйнага жывапісу з ярка выяўленымі мазкамі электроннага пэндзля, гіперрэалізм, калаж. Паколькі адна з галоўных задач ілюстрацый артбука — перадача візуальнага напаўнення гульнявога свету, вялікі ўпор у іх робіцца на перадачу фактуры матэрыялаў, з якіх павінны быць створаны гульнявыя аб’екты. Для стварэння рэалістычнага эфекту фактурных матэрыялаў і паверхняў выкарыстоўваюцца розныя штампы і пэндзлі, узмацняецца маляўнічасць і рэалістычнасць малюнка.

Вялікае значэнне ў ілюстрацыі гульнявога артбука мае каларыт. Як правіла, увесь артбук выконваецца ў адзіным каларыце, які ў лепшай ступені паказвае каларыт і настрой гульні. Для ілюстрацый выкарыстоўваюцца пэўныя каляровыя схемы, якія павінны ствараць той ці іншы настрой і выклікаць у чалавека якія-небудзь эмоцыі і пэўны псіхалагічны водгук — жах, страх, небяспека альбо, наадварот, радасць, шчасце, прымірэнне. Паколькі колер стварае фокусныя кропкі ўвагі, то дапамагае пазбегнуць залішняй перанасычанасці і стракатасці малюнка, стварае ілюзію глыбіні і дапамагае надаць намаляваным аб’ектам рэалістычны аб’ём. Часта выкарыстоўваецца мастакамі манахромны каларыт з яркімі каляровымі плямамі, што разбівае асноўны тон і канцэнтруе на сабе ўвагу.

Нельга не адзначыць таксама старанна прадуманае выкарыстанне кантрасту. Персанажы на ілюстрацыі павінны мець выразныя сілуэты, якія ўспрымаюцца з першага погляду, перадаюць кірунак героя, дынаміку яго паставы. Яркія персанажы могуць валодаць уласнай характэрнай паставай, што паказвае розныя характарыстыкі: хуткасць, сілу, яркія рысы характару. Актыўна выкарыстоўваецца градыент ад светлага да цёмнага ў мэтах узмацнення эфекту аб’ёмнасці і рэалістычнасці. Звычайна верхняя частка аб’екта вымалёўваецца больш светлай, чым ніжняя, гэта дапамагае сканцэнтраваць увагу на найбольш важных элементах выявы. Ствараюцца кантрасныя блокі, якія вылучаюць постаць па тоне і колеры. Розныя элементы часткі фігуры таксама могуць кантраставаць паміж сабой.

Для ўзмацнення эфекту драматычнасці і падтрымання атмасферы мастакі выкарыстоўваюць розныя выразныя крыніцы асвятлення. Заход сонца, прамень святла, які прабіваецца скрозь акно ў цемру пакоя, рэзкае святло каляровых неонавых лямпаў або мяккае святло ад экранаў камп’ютарнай тэхнікі.

У ілюстрацыях могуць таксама выкарыстоўвацца розныя пункты прагляду. Завышаны пункт прагляду часта выкарыстоўваецца для паказу вялікай колькасці прасторы, напрыклад, пакоя; заніжаны пункт прагляду дапамагае мастаку паказаць розныя дэталі на вялікай вышыні, напрыклад, складаныя прылады столі. Глыбіня ствараецца з дапамогай высвятлення далёкага плана, ужываннем святлопаветранай перспектывы. Паколькі камп’ютарная гульня валодае якасцямі, падобнымі да кінастужак, для перадачы напружаных, дынамічных і вострых сцэн выкарыстоўваюцца «кінематаграфічныя» выразныя ракурсы, выявы па кампазіцыі нагадваюць стоп-кадры падчас руху.

Стылістычныя асаблівасці ілюстрацый артбука, прысвечанага камп’ютарнай гульні, залежаць у першую чаргу ад стылістычнай накіраванасці самой гульні, яе жанру. Так, можна вылучыць некалькі асноўных стылістычных тыпаў гульняў і, адпаведна, ілюстрацый: фэнтэзі, навуковая фантастыка, гістарычны стыль. Ілюстрацыі артбукаў, прысвечаныя розным жанрам гульняў, маюць характэрныя асаблівасці. Так, ілюстрацыі, выкананыя ў стылістыцы фэнтэзі, закліканы паказаць асаблівасці выдуманага свету, адрозненні розных рас і фантастычных істот.

Выявы да артбука могуць нагадваць ілюстрацыі да кнігі казак альбо стоп-кадры з фантастычных фільмаў. Стыль ілюстрацый — сінтэз розных гістарычных стыляў мінулых эпох, часта выкарыстоўваюцца перапрацаваныя міфалагічныя вобразы. Сюжэт гульняў у стылістыцы фэнтэзі часцей за ўсё разгортваюцца ў выдуманым свеце, шмат у чым падобны да альтэрнатыўнага Сярэднявечча, дзе чалавек суіснуе з магіяй, багамі і разнастайнымі звышнатуральнымі істотамі, вобразы якіх часцей за ўсё бяруцца з міфалогіі і фальклору.

Як прыклад можна прывесці артбук да гульні «Dragon Age: Inquisition». У намаляванай архітэктуры і касцюмах персанажаў праглядаецца выразны ўплыў готыкі, мадэрну, мезаамерыканскага мастацтва, мастацтва эпохі Адраджэння і ранняга барока. Храмы аздоблены яркімі каляровымі вітражамі з сюжэтамі з выдуманай гульнявой рэлігіі па тыпе вітражоў з гатычных храмаў, што рэальна існуюць. Інтэр’еры эльфійскіх будынкаў упрыгожаны мудрагелістым пераплеценым дэкорам з расліннымі матывамі з выкарыстаннем прыродных кветак. Многія будынкі ўпрыгожаны залатымі скульптурамі. Касцюмы мясцовай шляхты адной з дзяржаў нагадваюць касцюмы эпохі Адраджэння: мужчыны носяць панчохі і шарападобныя панталоны, гафрыраваны карункавы каўнер, жанчыны — сукенкі са спадніцай канічнай формы, што дзеляць постаць на два трыкутнікі.

Некаторыя касцюмы маюць дэкор, стылізаваны пад розныя прыродныя формы, напрыклад, маска ў выглядзе крылаў матылька. Сустракаюцца галаўныя ўборы тыпу «рагаты каптур», якія былі распаўсюджаны ў Сярэднявеччы. Мастацтва старажытнай невяковай мезаамерыкі нагадваюць розныя каменныя будынкі: закінутыя ў лясах піраміды, руіны, каменныя брамы. Ілюстрацыі, выкананыя ў стылістыцы навуковай фантастыкі, перш за ўсё павінны паказваць тую ці іншую ідэю, прадстаўляць канцэпцыю магчымай будучыні, новых тэхналогій і метады іх работы. Для іх характэрная вялікая дэталізацыя, рэалістычнасць і выкарыстанне ў ілюстрацыях крыніц штучнага рэзкага асвятлення.

У ілюстрацыях выкарыстоўваюцца элементы гістарычных стыляў, можа часткова капіравацца рэальнасць. Гульні ў жанры навуковай фантастыкі грунтуюцца на фантастычных дапушчэннях у галіне навукі: вынаходства выдуманых тэхналогій, навуковыя адкрыцці, кантакты з нечалавечым розумам, магчымая будучыня або альтэрнатыўны ход гісторыі, катастрофа, якая паглынула свет, і ўплыў гэтых дапушчэнняў на чалавечае грамадства. Сюжэт гульняў жанру навуковай фантастыкі часта разгортваецца ў будучыні. Прыкладам тут можа паслужыць артбук да гульні «Stellaris». У ілюстрацыях вялікая ўвага ўдзяляецца шматлікім гульнявым расам, фантастычным іншапланетным краявідам з разнастайнымі кліматычнымі ўмовамі, шматлікім відам зброі і караблёў. Пейзаж кожнай планеты мае свой ландшафт і асноўны колер у залежнасці ад яе атмасферных і кліматычных асаблівасцяў. Вялікая ўвага — малюнку фактуры розных матэрыялаў: ашалёўка касмічных караблёў, паверхня скуры іншапланетных рас.

Ілюстрацыі да гістарычных гульняў імітуюць тыя ці іншыя з’явы з рэальнасці, характэрныя для той эпохі, у якой адбываецца развіццё гульнявога сюжэта, і цалкам капіруюць яе стылістыку. Спецыфіка гульняў з гістарычнай тэматыкай — яны грунтуюцца на прыкладзе рэальнага свету, але могуць несці некаторыя змененыя элементы. Напрыклад, альтэрнатыўнае развіццё гістарычных падзей, развіццё сюжэта ў выдуманым горадзе, які мае прататып у рэальнасці, увядзенне выдуманага персанажа ў рэальныя падзеі. Для такіх гульняў робяць дасканальную рэканструкцыю эпохі, у якой адбываецца дзеянне гульні, уключаючы мадэляванне палітычнай сістэмы, прадметаў ужытку, зброі і адзення ды іншых характэрных асаблівасцяў.

Прыкладам артбука да гульні ў гістарычнай стылістыцы можа паслужыць артбук «Mafia». Ілюстрацыі ў стылістыцы нуара адпавядаюць эпосе, у якой разгортваюцца падзеі гульні. Каларыт артбука прыглушаны, стрыманы, большая частка ілюстрацый выканана ў чорна-белых тонах, а ў каляровых ілюстрацыях наўмысна зніжана яркасць, нібы яны штучна састарэлыя. Большасць малюнкаў прыцемненыя па тоне, а дзеянні адбываюцца ноччу, часта ў дрэннае надвор’е. Усюды пануе змрочная атмасфера крымінальнай Амерыкі, персанажы на «фотаздымках» быццам злоўлены ў кадр выпадкова, злёгку размытыя. Героі паказаны ў характэрных для стылю барах, гульнявых установах, аўтамабілях, цёмных завулках, невыразнае асвятленне кантрасна вылучае контуры асоб.

Артбук — дастаткова цікавая з’ява ў свеце мастацтва, якое набірае папулярнасць. На жаль, беларускія мастакі яшчэ не спрабавалі сябе ў стварэнні артбукаў. Хочацца думаць, што ў нас гэта наперадзе.

Юлія ПЕШЫНА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.