15 Жнівень, серада

Вы тут

На канікулярным тыдні школьнікі сталі «студэнтамі» Акадэміі кіравання


На працягу чатырох дзён — з 30 кастрычніка па 2 лістапада — галоўная альма-матар дзяржаўных служачых і кіраўнікоў розных узроўняў ажыццяўляла праект "Восеньская школа кіравання. Лесвіца поспеху". У яго рамках трыццаць школьнікаў адчулі сябе паўнавартаснымі студэнтамі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.


Рэктар Марат Жылінскі, кажучы пра асноўныя мэты праекта, адзначыў: "Па-першае, мы арыентуемся на тое, каб сабраць у добрым сэнсе залатую моладзь, каб ужо зараз пачаць работаць з матываванымі і таленавітымі людзьмі. Калі вобразна, наша задача — знайсці гэтыя маленькія алмазы і ператварыць іх у сапраўдныя брыльянты. Па-другое, вельмі важна даць магчымасць будучым студэнтам паглядзець на тое, што ўяўляе сабой не толькі Акадэмія, але і ўвогуле сістэма вышэйшай адукацыі. Трэцяя мэта — гэта развіццё адпаведных навыкаў, таму што ў нашай установе мы чакаем людзей, якія будуць мець не толькі багаж ведаў, але яшчэ і пэўныя схільнасці да кіравання. Ну і зразумела, што гэта будзе вельмі эфектыўная рэклама нашай установы, калі ўдзельнікі праекта будуць дзяліцца са сваімі сябрамі, аднакласнікамі менавіта тым, што яны бычылі на свае вочы, што самі адчувалі, і школьнікі будуць атрымліваць жывую і адаптаваную пад іх інфармацыю пра Акадэмію".

"Восеньская школа кіравання" з'яўляецца пілотным праектам, таму сёлета прыняць удзел у ім мелі магчымасць толькі жыхары сталіцы. Але, як было адзначана рэктарам, геаграфія мерапрыемства будзе пашырацца і неўзабаве ахопіць усю тэрыторыю краіны.

У першы дзень удзельнікам выдалі часовыя студэнцкія білеты. У праграме "Восеньскай школы кіравання" былі прадугледжаны рознага кшталту інтэрактывы: трэнінгі, майстар-класы і дзелавыя гульні, прафесійна-псіхалагічнае тэсціраванне, індывідуальная гутарка, круглы стол з членамі студэнцкага актыву, дзе адбылася прэзентацыя спецыяльнасцяў, і сустрэча з арганізатарамі праекта.

Адметным мерапрыемствам стаў выязны занятак на базе Генеральнай пракуратуры. Удзельнікі праекта пазнаёміліся з сістэмай і сутнасцю дзейнасці пракуратуры, у размове з генеральным пракурорам Аляксандрам Канюком закранулі такія вострасацыяльныя тэмы, як праблемы наркаманіі, злачынстваў сярод дзяцей і падлеткаў, прафанацый і правакацый у СМІ.

Таксама генеральны пракурор расказаў пра свой кар'ерны шлях і даў некалькі карысных парад будучым абітурыентам наконт здачы экзаменаў і выбару прафесіі. "Такія сустрэчы, безумоўна, вельмі эфектыўныя. Самае прыемнае, што інтэлектуальная эліта моладзі наведвае мерапрыемствы такога роду і разглядае як варыянт працу ў гэтай сферы", — заўважыў Аляксандр Канюк. Ён паабяцаў не толькі спрыяць арганізацыі падобных сустрэч, але і выступаць іх непасрэдным ініцыятарам, а таксама запрасіў удзельнікаў размовы да сябе на лекцыю.

У апошні дзень праграмы студэнтам-школьнікам выпала магчымасць пабываць у галоўным офісе кампаніі "Wargamіng", якую Акадэмія кіравання забяспечвае кадрамі ў сферы кіравання інфармацыйнымі рэсурсамі.

Была праведзена экскурсія па дванаццаціпавярховым будынку, школьнікі наведалі рабочыя памяшканні, пакоі адпачынку, трэнажорную залу, Алею славы, кабінет, прысвечаны Бітлз, і шмат чаго яшчэ. Кажуць, што калі ў офіс "Wargamіng" прыходзяць на экскурсію групы, пытанне, якое задаюць найчасцей, — гэта "А як тут у вас можна непрыкметна згубіцца, каб застацца?" Удзельнікі праекта выключэннем не сталі.

Завяршальнай падзеяй "Восеньскай школы кіравання" стала сустрэча з рэктарам Маратам Жылінскім, дзе былі падведзены вынікі тыдня і ўручаны сертыфікаты ўдзельнікам праекта.

Аляксандра ДАРАШЭНКА

Загаловак у газеце: У пошуку алмазаў негранёных

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Прэзідэнт

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Вынікі рэзананснай камандзіроўкі Прэзідэнта ў Аршанскі раён падвялі на спецыяльнай нарадзе — не абышлося без адставак.

Грамадства

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

У наступным навучальным годзе ў беларускіх школах будуць выкарыстоўвацца 44 новыя вучэбныя дапаможнікі. 

Грамадства

Не багі гаршкі абпальваюць...

Не багі гаршкі абпальваюць...

...а ўдзельнікі шостага міжнароднага пленэру ганчароў, які нядаўна прайшоў у вёсцы Гарадная Столінскага раёна.