Вы тут

Настольныя гульні для ўсёй сям'і


Часта атрымліваецца так, што самыя блізкія людзі ў штодзённых клопатах, мітусні аддаляюцца адно ад аднаго, эмацыйна замыкаюцца і становяцца няздольнымі рухацца далей разам. А кожны, згадзіцеся, марыць пра дружную і шчаслівую сям'ю. На жаль, як стварыць і захаваць яе, рэцэпту няма. Але ёсць шэраг інструментаў, якія даказалі сваю каштоўнасць у стварэнні добрай атмасферы ў доме. Сёння гутарка пойдзе пра адзін з найстарэйшых з іх — настольныя гульні.


Цікава, што ў эпоху, калі існуе такая вялікая колькасць забаў, настольныя гульні не толькі не страчваюць сваёй папулярнасці, але і штогод набіраюць усё больш прыхільнікаў сярод шматлікіх сем'яў і кампаній сяброў. І гэта не выпадкова.

Настольныя гульні маюць надта глыбокія карані, каб быць выцесненымі сучаснымі забавамі: лічыцца, што першая настолка з'явілася яшчэ ў Старажытным Егіпце 5500 гадоў таму. Гэта гульня шашачнага тыпу мела назву Сенет, і лічылася, што яе вынайшаў бог ведаў Тот.

Колькі ж усяго з тых часоў чалавецтва вынайшла настольных гульняў, падлічыць, пэўна, немагчыма. Дакладна вядома, што самую вялікую калекцыю — болей за 20 тысяч — настольных гульняў сабраў амерыканец Кен Фанароў. А, напрыклад, гульня «Го» да гэтага часу застаецца адзінай гульнёй, у якой камп'ютар не можа перамагчы чэмпіёнаў на аматарскім узроўні.

Штогод на рынак і ў нашы дамы прыходзяць усё новыя гульні, якія становяцца не проста забавамі. Многія з іх вучаць нас нейкім карысным у рэальным жыцці навыкам. Самы яркі прыклад таму — «Манаполія», якая паказвае асновы эканамічнай стратэгіі і дапамагае арыентавацца ў эканамічнай сферы жыцця і з розумам распараджацца капіталам. Сімвалічна, што Чарльз Дэроў выпусціў «Манаполію» ў ЗША ў 1935 годзе, калі шэраг краін перажывалі эканамічны крызіс — Вялікую дэпрэсію. А ўжо ў 1936-м «Манаполія» стала самай папулярнай гульнёй у Амерыцы.

Акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Уладзімір Глотаў і яго жонка артыстка і рэжысёр дзіцячага тэатра «Бусы» Злата са сваімі дочкамі Яснай і Летай вельмі часта разам бавяць час за настольнымі гульнямі. «Гуляем вечарамі, калі дождж, напрыклад, — кажа Уладзімір. — Або калі кудысьці паедзем, таксама заўсёды бяром настолкі з сабой». «Залежыць ад умоў, але звычайна гуляем мы па некалькі партый, — дадае Злата. — Гэта ж не проста пагулялі-разышліся, заўсёды каму-небудзь хочацца адыграцца». Часам дзяўчаткі гуляюць удзвюх, але ж з дарослымі ім цікавей. «Калі гуляюць два чалавекі, гульня зацягваецца ў два разы і ўжо атрымліваецца не так весела. Цікава, калі ёсць дынаміка і прысутнічае спаборніцкі элемент», — лічыць Злата. У сям'і Глотавых шмат настольных гульняў, і зразумела, што сярод іх ёсць свае фаварыты. У пяцёрку любімых увайшлі «Сонная каралева», «Дагані абед», «Румікуб», «Лудо» і «Чарапашыя бягі». На пытанне, як звычайна праходзіць «знаёмства» з новай гульнёй, Ясна адказвае: «Спачатку мы чытаем правілы, а потым, каб было больш зразумела, глядзім відэа, як гуляюць». «Ютуб, вядома, вельмі дапамагае, бо правілы часам напісаны вельмі мудрагеліста, — дадае Уладзімір. — У «Румікуб» мы вельмі доўгі час не гулялі, а зараз гэта адна з любімых нашых гульняў. Многія думаюць, што там вельмі складаныя правілы, а насамрэч усё прасцей, чым падаецца».

Сям'я Глотавых часта бавіць час за настольнымі гульнямі.

Калі гуляеш у настольныя гульні з дзецьмі, мімаволі паўстае тонкае пытанне пра перамогу і пройгрыш. «Часам дзеці моцна засмучаюцца, і мне, як маці, хацелася б, каб перамаглі яны. Але, бывае, так складваецца, што ты не хочаш паддавацца, таму што ўжо ўсе гуляюць на роўных, — каментуе гэтую праблему Злата. — Тут кожны можа чамусьці навучыцца, таму што перамога не становіцца самамэтай, ёсць момант дамоўленасці, г. зн. ісці на кампраміс. Вось, напрыклад, гульня «Лудо» ў перакладзе з кітайскай так і завецца «Не крыўдуй». Вельмі важна, што з дапамогай гэтай настолкі дзеці могуць патрэніравацца ў пройгрышы, і гэты пройгрыш становіцца часткай вопыту. І, вядома, такі вопыт лепш упершыню атрымаць у сям'і».

«Мы можам адразу абмеркаваць, што здарылася, і гэта ператвараецца ўжо у асобную гульню пасля той гульні, — працягвае Уладзімір. — Усё адно пройгрыш — гэта вялікае фіяска для дзяцей, і таму ідзе момант дыспуту з бацькамі. Не часта ж дзецям у школе або дзесьці яшчэ выпадае шанц паспрачацца з дарослымі па-добраму, па-сур'ёзнаму, па-цікаваму, выказаць сваё «не» і абгрунтаваць яго».

Сям'і Глотавых падабаецца не толькі гуляць, але і пазнаваць гісторыю гульняў, бо, як кажа Злата, «нароўні з гульнямі народнага паходжання, ёсць яшчэ і аўтарскія». «Адна дзяўчынка, калі не магла заснуць, пачала выдумляць розных каралёў і каралеў, драконаў і рыцараў, — расказвае Ясна пра стварэнне гульні «Сонная каралева». — Раніцай яна падзялілася гэтым са сваёй сям'ёй. Бацькі распрацавалі правілы гульні, а сястра стварыла ілюстрацыі».

Уладзімір і Злата прызнаюцца: «Ёсць і такія гульні, як «Імаджымарыум», «Аліяс», для якіх дзеці яшчэ маленькія, таму мы ідзём паступова ад самых простых. Затое мы адкрылі цэлы свет настолак, якія б мы, дарослыя, для сябе не купілі б».

Таксама як і любыя структураваныя гульні, настольныя дапамагаюць вызначыць правілы і прытрымлівацца іх, што таксама ў далейшым дапамагае ў вызначэнні і выкананні сямейных абавязкаў і захаванні межаў як для дзяцей, так і для дарослых.

Радуе, што з кожным годам на палічках у крамах з'яўляецца ўсё больш гульняў на беларускай мове: «Разам», «Казачнік» і г. д. Яны здольныя не толькі прынесці ў ваш дом цудоўныя вечары роднага слова, але і прывіваць дзеткам любоў да мовы. Беларускія настольныя гульні могуць стаць нават своеасаблівым дадаткам да школьнага падручніка: можна знайсці гульні на гістарычную тэматыку, як «Паўстанцы», «1514». А настолка «Мова» дапаможа пашырыць слоўнікавы запас.

І калі наступны раз вы будзеце думаць, як правесці час увечары, то лепш не ўключайце тэлевізар, не набірайце тэлефонны нумар сяброўкі, а проста адчыніце тую кардонную каробку, якая цярпліва чакае вас на палічцы.

Псіхолаг Надзея Ржавуцкая: «Роля настольных гульняў, як і любых іншых для сумеснага баўлення часу сям'і, дастаткова вялікая, асабліва ў сучасны перыяд гаджэтаў і інтэрнэту. Настолкі дазваляюць непасрэдна ўзаемадзейнічаць адно з адным, уключацца ў здаровую канкурэнцыю, вучаць перамагаць і прайграваць. Гульня павінна быць сапраўды цікавай усім членам сям'і, што дазволіць кожнаму атрымаць асалоду ад яе і гутаркі».

Аляксандра ДАРАШЭНКА

Фота Надзеі Бужан

Загаловак у газеце: Гуляць дык гуляць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».