Вы тут

Чым кранаюць творы Юрыя Якавенкі?


Энергетычны запал мастака Юрыя Якавенкі ўражвае. Аўтар нястомны ў пошуках ідэй, матываў для новых твораў. Праз работы ён расказвае разнастайныя гісторыі, звязаныя з легендамі і паданнямі свету. Тыдзень таму ў галерэі «Акадэмія» Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адкрылася выстаўка графіка «XOTARIS / Падарожнік», у аснове экспазіцыі якой прадстаўлены творы з гісторыяй падарожжаў у цікавыя мясціны.


Візуальная гульня — менавіта так характарызуюць творы Юрыя Якавенкі мастацтвазнаўцы. Аўтар збірае дэталі ў адно цэлае і расказвае гледачу адно вялікае апавяданне. Мастак здольны захапіць увагу гледача ўжо хаця б таму, што творчасць для яго — не механічная справа, а працэс душы, у які ён укладае ўражанні ад кожнай новай пачутай гісторыі альбо падарожжа.

— Такой падзеі ў нашай краіне не было вельмі даўно. Мы доўга хацелі, каб Юрый Якавенка выставіўся ў нашай галерэі, — падкрэсліла на адкрыцці праекта куратар выстаўкі Кацярына Кенігсберг. — Ён робіць настолькі нечаканыя, насычаныя работы, якія не заўсёды паддаюцца чалавечаму ўспрыманню. Бывае, немагчыма паверыць, што гэтыя творы ствараў адзін чалавек. Выстаўка нездарма называецца «Вандроўнік». Творца не разбірае падарожжа як працэс, гэта ментальнае паглыбленне аўтара ў цікавую прастору. Кожны штрых, колер мае сэнс. Работы мастака касмічныя і філасофскія. Глядзіш на іх, а пасля пачынаеш з імі жыць. Праект патрабуе павольнага, уважлівага разгляду кожнай дэталі. Сюды немагчыма забегчы на пяць хвілін, экспазіцыя зацягвае, і ты трапляеш у свет падарожжаў, які цікавы аўтару. Важна, што творы кантактуюць з кожным з нас.

Мастацкія канструкцыі аўтара зачароўваюць. Сапраўды, не паддаецца разуменню, як чалавек можа захоўваць у галаве столькі дэталяў, а яшчэ і аб’ядноўваць іх разам. Юрый Якавенка часта звяртаецца да гістарычных фактаў, трансфармуе іх у актуальную інфармацыю, надаючы характэрныя рысы сапраўднага. Работы аўтара дапускаюць мноства тлумачэнняў.

Мінск для мастака — горад дарагі і блізкі, таму выстаўка ў роднай краіне стала святам.

— Я не так часта выстаўляюся ў Мінску, але калі ўжо і з’яўляецца выпадак, то стараюся рабіць гэта ў сценах роднай Акадэміі мастацтваў, — кажа Юрый Якавенка. — Мне важна прадстаўляць сваю творчасць тут, таму што менавіта тут яе могуць ацаніць мае выкладчыкі, сябры, якія выкладаюць у Акадэміі мастацтваў. Ды і тут я станаўлюся бліжэй да студэнтаў, магу падзяліцца з імі досведам. Я калісьці сам быў студэнтам, і мне падабалася пераймаць досвед у таленавітых творцаў, вучыцца новым тэхнікам, таму зараз я дапамагаю сам. Прадстаўленыя творы — вялікая частка майго жыцця, у іх адлюстраваны погляд беларуса на сусветную міфалогію. Мае работы выкананы ў класічным стылі, будуюцца на дэталях. Яны ствараюцца па спецыяльнай канструкцыі: працэс займае не адзін дзень, работы пішуцца тыднямі. Шмат тэхнічнай працы: кропачкі, лініі, якія робяцца ўжо па інерцыі. Але ўся работа абрастае сэнсавымі дэталямі. Многія дэталі вытлумачальныя, а многія атрымліваюцца ў працэсе: думка выскоквае як чорт з табакеркі, і ты паглыбляешся ў яе. Люблю дадаваць у творы колер, каб ствараць у сюжэце акцэнты. Калі ў афорце з’яўляецца маленькая каляровая кропка, то ён, як камертон, становіцца жывым. Таксама ў творах люблю закладваць месца, куды адразу можна ўводзіць акварэль, тады работа набывае дэкаратыўнасць.

Акрамя афортаў мастак займаецца стварэннем калекцыйных кніг. Працэс складаны, але вынік таго варты: у яго кнігах ажывае не толькі сэнс, але і час. Аўтар захапляецца працэсам: вывучае кожнага героя літаратурнага твора, думае над візуальным і тактыльным успрыманнем выдання.

— Я рабіў калекцыйныя кнігі ручной работы — «Песню пра зубра» Міколы Гусоўскага і «Песнь Цара Саламона» на італьянскай і англійскай мовах, — расказвае аўтар. — Гэта спецыфічныя кнігі, якія першапачаткова не могуць каштаваць танна. У іх дорага ўсё: папера, вокладкі, яны надрукаваны па старых тэхналогіях. Гэтыя кнігі таксама жывыя. Трымаеш яе ў руках і адчуваеш, як яна літаральна дыхае, як дыхае кожная старонка. Праца над такой кнігай займае ад двух да трох гадоў. Яе нельга зрабіць у адзіночку, гэта камандная работа: хтосьці кнігу сшывае, хтосьці працуе з вокладкай. Цяпер я працую ў асноўным на замежны рынак, таму што там ёсць замовы. Я б вельмі хацеў рабіць заказы для беларусаў, але ў цяперашняй сітуацыі гэта практычна немагчыма: у краіне не прапануюць тую цану, якая прымальная на замежным рынку.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.