Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Скажы, хто твой сябар...

Гэта было ў далёкім 1980-м, напярэдадні Алімпійскіх гульняў. Я тады працаваў старшынёй камітэта па фізкультуры і спорце пры райвыканкаме, і мне (вядома ж, не аднаму) выдзелілі пуцёўку ў Маскву. Значыць, перад ад'ездам трэба было трохі прыбарахліцца, як той казаў, абнавіць гардэроб. Для гэтага я «запрог» сваю машыну (ужо разжыўся на гарбатага «запарожца»!) і на ім паехаў з жонкай у Мінск.

Насупраць ГУМа, каля скверыка, была тады невялічкая стаянка. На ёй мы пакінулі машфыну, доўга хадзілі па ўнівермагу, аднак вярнуліся ні з чым. У «запарожцы» трохі перакусілі і, перачакаўшы дождж, паехалі ў краму «Турыст». Там ужо пашчасціла больш: купілі і спартыўны касцюм, і чаравікі. Адзінае...

Навыкаў язды па такім вялікім горадзе, як Мінск, у мяне, вядома ж, не было, і таму, едучы па вуліцы Якуба Коласа, я парушыў правілы: з сярэдняга рада (мне трэба было) павярнуў... направа.

У такіх выпадках заўсёды знаходзіцца даішнік — вырастае як з-пад зямлі. А «мой» дык яшчэ і ў чыне, удвух з грамадскім інспектарам. Спыняе мяне, пытае дакументы ды чаму так езджу?

Я спрабую нечым апраўдацца, а капітан тым часам ужо дастае кампосцер, каб дзірку прабіць.

Значыць, справы мае дрэнь? Ці ўсё ж...

У тыя гады старшынёй Мінскага гарвыканкама працаваў наш зямляк. Мы з ім заканчвалі адну школу, я добра ведаў яго бацькоў. А таму, цяжка ўздыхнуўшы, уголас падумаў: як жа з прабітым талонам мне да сябра ехаць?

— Ну і хто ж твой сябар? — пытае капітан.

Я з форсам называю пасаду, прозвішча.

Кампосцер на імгненне завісае ў паветры, а потым і зусім знікае: капітан, схаваўшы яго ў кішэнь, кажа, што  добра мне з такім сябрам. Напэўна, жывеш і ніякіх праблем не ведаеш. А я вось нават кутка свайго дагэтуль не маю...

— Ды не пытанне... Дапамагу, усё вырашым, — паспяшыў з абяцанкамі я.

— А не падманеш? — пытае капітан, аддаючы мне дакументы, а з імі —
і сваю візітоўку.

Я дзякую, абяцаю пазваніць, саджуся ў машыну і еду далей, прычым з яшчэ большай асцярогай: гэта значыць памалу, па Паркавай магістралі, міма павароту на Дразды, дзе (не паверыце!) усё... пачынаецца спачатку! То-бок з будкі наперарэз мне выскоквае даішнік, спыняе...

Праўда, тут я ўжо не вытрымаў — стаў адбівацца: маўляў, ехаў паціху, у правым радзе, на святлафоры жоўтае...

— А разметку бачыў? — пытае інспектар. — Яна ж папярэджвае, што рух справа толькі направа. Табе ж не ў Дразды, не?

Карацей — зноў кампосцер...

І зноў выратавальная думка.

— Вось, — кажу, — толькі што сустракаўся з сябрам, рыбкай яго частаваў...

І дастаю пры гэтым візітоўку капітана міліцыі.

Даішнік зірнуў на яе і кажа:

— Дык гэта ж мой камандзір! Што ж ты адразу не сказаў, што ў цябе такі сябар.

Потым бярэ пад казырок і жадае нам шчаслівай дарогі.

...Пасля гэтых прыгод у Мінск на машыне я не ездзіў доўга. Па-другое, не меў патрэбных навыкаў і досведу, а па-першае, баяўся сустрэч са знаёмымі даішнікамі.

Ф. А. Карпей

г. Мядзел


«Цудны» дзень

У верасні ёсць цікавае праваслаўнае свята. Называецца яно Міхайлаў цуд. Не ведаю, як дзе, а ў нашай вёсцы працаваць у гэты дзень строга забараняецца. То-бок есці зварыць ды скаціну пакарміць яшчэ можна, а вось усё астатняе — барані божа, бо кара будзе непазбежная...

Вы можаце спытаць якая? І тады амаль кожны вам раскажа пра непрыемнасці, што зваліліся на яго невядома адкуль. Маёй цётцы, напрыклад, з раніцы таго «цуднага» неяк захацелася завяршыць учарашнюю справу. Дзядзьку сказала: «Хуценька зробім ды будзем святкаваць». Зрабілі і пайшлі ў грыбы. Здавалася б, мудрае рашэнне — чым падалей сысці ад «лю́бай» гаспадаркі, бо яно ж, калі вочы работу бачаць, то і рукі свярбяць. Ведама, сялянская душа...

Карацей, гадзіны са дзве яны па лесе цягаліся, збіралі грыбы, а потым замарыліся — дамоў пацягнула.

Спытаеце, калі дабраліся? І я вам скажу: толькі позна ўвечары, бо цэлы дзень блукалі. І гэта б не дзіва — з кім не бывае, асабліва ў грыбах. Дзіва, што лес той і лесам не назавеш: хмызняк за вярсту ад вёскі, змалку вядомы, як свой падворак.

Яны абодва гэта разумелі, аднак выйсці адтуль ну, ніяк не маглі!

Урэшце выбіліся з сіл, цётка дык нават павалілася. І толькі з зямлі праз прагаліну ў кустах убачыла абрысы вёскі.

...Слухаў я гэту ды іншыя гісторыі з доляй недаверу: чаго, маўляў, не прыдумаюць... Але ж, збіраючыся ў вёску да маці — выкапаць ды спарадкаваць бульбу, — у каляндар зазіраў: глядзеў, каб не трапіць на гэтае свята, каб не сядзець без работы.

Я, карацей, меркаваў, а бог, як заўжды, размяркоўваў. Факт, што ў той год я прыехаў да мамы акурат 19 верасня.

Пасядзелі з ёй, паснедалі, пагаварылі. Яна (старэнькая) пайшла паляжаць, а я — пасядзець на лавачцы — прыродай палюбавацца, чыстым паветрам падыхаць, падумаць, з чаго заўтрашні дзень распачаць — з касьбы ці з бульбы...

Аж бачу, нехта вялікі і, мякка кажучы, не зусім цвярозы ўлукаткі «паўзе» ў наш двор.

— Ты хто будзеш? — грозна пытае ў мяне.

Я ў адказ:

— А ты хто?

(Думаў, можа, знаёмы ці сваяк, ды я не пазнаю...)

За госцем, як той казаў, не заржавела. Сказаў, што ён — мясцовы брыгадзір (і камандзір!), працуе тут дваццаць гадоў, а мяне ў вочы не бачыў. Значыць, я — нейкі прайдзісвет — з тых, што наязджаюць ды абкрадаюць людзей, асабліва адзінокіх. Дык ён, маўляў, гэтага не дапусціць: маю маму ў крыўду не дасць. Таму — «вон са двара», і ўся размова...

Гэта ён кажа — мне.

Я яму таксама нешта кажу, але ж марна, бо ён не слухае.

«Разруліла» гэты канфлікт матуля: выйшла на вуліцу і «афіцыйна» пацвердзіла, што я не прыблуда, а сын, што прыехаў дапамагчы...

Мне ж тым часам шапнула, што «госця» не лішне было б і ў хату запрасіць, чарку наліць — тады, маўляў, і з канём прасцей, і з гноем...

Ад пачастунку брыгадзір, вядома ж, не адмовіўся, але, выпіўшы, стаў... раздзявацца і лезці на ложак, бо ён жа дома.

— І навошта нам гэтае «цуда»? Трэба яго неяк вывесці, даставіць дамоў, — кажа мама.

А значыць, я, закасаўшы рукавы, бяруся за «пачэсную» справу — дастаўку цела па названым адрасе.

...«Працэс» яе, гэтай дастаўкі, мусіць, варта было б здымаць на камеру, бо брыгадзір той сем пудоў — сама меней важыў! Ды яшчэ і ўпіраўся, адбіваўся, разуваўся (хацеў спаць улегчыся).

Карацей, за гадзіну мы з ім метраў дзвесце прайшлі. Далей была аўтамагістраль (прычым — міжнародная!): за яе перасячэнне я б ад медаля не адмовіўся! Дзякуй кіроўцам, што нас не збілі.

І дзякуй Госпаду, што пашкадаваў мяне: паслаў цуд — анёла (на «козліку») у выглядзе маладога агранома.

Яго, як сам прызнаўся, спачатку карцінка ўразіла: адзін мужык мёртвы, а другі — на каленях — падобна, яго аплаквае?

Толькі потым, пад'ехаўшы бліжэй, ён прызнаў брыгадзіра, падрадзіўся даставіць яго дамоў. Папрасіў толькі, каб я «загрузіць» дапамог і на развітанне падзякаваў, што не кінуў чалавека ў бядзе.

Маці мяне таксама пахваліла. Сказала, што ў гэты дзень мала не працаваць — трэба яшчэ і людзям памагаць, добрыя справы рабіць.

...Шкада вось толькі, што разумеем мы іх па-рознаму: нехта зранку налівае брыгадзіру чарку (другую, трэцюю, чацвёртую...), нехта — валачэ дадому, на «шчасце» для яго сям'і.

Іван Гаральчук

г. Мінск


Прасіць трэба правільна!

Многія з чытачоў «Звязды», напэўна, ведаюць, што такое малакамплектная школа? Іншым раскажу, што гэта, як правіла, тры класы ў адным будынку, які быў і вучэбным кабінетам, і бібліятэкай, і спартыўнай залай, і гардэробам...

Настаўніца (яна ж — дырэктар, завуч, загадчык гаспадаркі) таксама была адна і, як правіла, маладзенькая выпускніца педвучылішча.

Але ж іх сам-насам тады не кідалі: калегі з суседніх школ, спецыялісты райана прыязджалі, дапамагалі парадамі, кантралявалі, правяралі.

...Тая настаўніца (назавём яе Нінай Іванаўнай) правяральшчыкаў не баялася. Яна заўжды сумленна рыхтавалася да заняткаў, мела што расказаць сваім вучням, што паказаць. Таму са званком папрасіла ўсіх — і дзяцей, і таго прыезджага інспектара — сесці за парты, пачала ўрок...

Перапыніў яго стук у дзверы. Гэта Васілёк спазніўся: відаць, усе бліжнія гурбы аблазіў, вопратку намачыў, спэцкаўся, але ж (што тут будзеш рабіць?) з дазволу настаўніцы пашыбаваў на сваё месца за апошняй партай, спакойна сеў побач з незнаёмым дзядзькам. «Чаго добрага касцюм чалавеку спэцкае. Ногі ж у яго па калені мокрыя, куртачка таксама», — затурбавалася настаўніца.
І ўжо ўголас пачала прасіць:

— Васілёк, ты б здзеў...

— Я?! — не даслухаўшы настаўніцу, абурыўся хлопчык. — Не! Потым, праз паўзу, павярнуўся да «інспектара»:

— Можа, вось гэты дзядзька?

Дзеці аж зайшліся ад смеху, Ніна Іванаўна ледзь не правалілася пад падлогу, а ў дзядзькі ад здзіўлення ажно акуляры падскочылі.

Але ж ён не разгубіўся: прыязна ўсміхнуўся хлопчыку і ўдакладніў:

— Васілёк, ты не даслухаў... Ніна Іванаўна просіць, каб ты куртачку скінуў — распрануўся...

— Дык хай бы так і сказала, — прабурчаў малы і здзеў сваю мокрую куртку.

На гэтым інцыдэнт быў вычарпаны, але, як бачыце, не забыты.

В. Паплёўка

Лагойскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

P.S. Апошнюю гісторыю, як прызнаецца аўтарка, яна чула не раз. Прычым кожны з расказчыкаў ледзь не бажыўся, што адбывалася ўсё менавіта ў іх раёне альбо нават школе.

А зрэшты, ці так гэта важна, дзе — канкрэтна? Галоўнае, што сапраўды адбылося (бо такое, згадзіцеся, наўрад ці прыдумаеш)... І сапраўды насмяшыла — тую маладую настаўніцу, яе вучняў, інспектара... Ды што там — нават іх нашчадкаў... Праз дзесяцігоддзі.

Пішыце: конкурс на самую лепшую вясёлую і праўдзівую гісторыю працягваецца.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.