Вы тут

У Гімалаях знайшлі старажытнае каменнае войска


Археалогія ў першую чаргу асацыюецца з раскопкамі, аднак часам унікальныя старажытныя помнікі можна знайсці проста на паверхні зямлі. Падобнае адкрыццё нядаўна было здзейснена ў Гімалаях.


Улетку 2017 года расійска-індыйская экспедыцыя з удзелам спецыялістаў Інстытута археалогіі і этнаграфіі Сібірскага аддзялення РАН працавала ў Малых Гімалаях. У гарах Пір-Панджал навукоўцы знайшлі каля двухсот каменных скульптур коннікаў, пліт з выявамі людзей і жывёл, каменных пастаментаў і абліцаваных каменнымі плітамі басейнаў. Унікальныя помнікі знаходзіліся проста на паверхні зямлі. Той факт, што яны не былі адкрыты раней, тлумачыцца іх размяшчэннем на вышыні ў дзве тысячы метраў. Статуі коней з двума, трыма, а часам і чатырма вершнікамі выкананы з вялікай дбайнасцю. Касцюмы воінаў, іх зброя, упрыгажэнні, конскі рыштунак і вупраж уражваюць багаццем дэталяў, аднак твары коннікаў пазбаўленыя індывідуальнасці: у кожным з іх перададзены абагульнены вобраз воіна.

Гімалайскія скульптуры нагадалі археолагам партрэты, якія сустракаюцца на манетах эфталітаў — племяннога аб'яднання ранняга Сярэднявечча ІV—VІ стагоддзяў у межах цяперашніх Сярэдняй Азіі, Афганістана і Паўночнай Індыі: для гэтага народа характэрныя буйныя рысы твару, вялікі доўгі прамы нос і плоска зрэзаная патыліца. Апошняя асаблівасць можа быць звязаная з традыцыямі дэфармацыі чэрапаў, прынятай у шэрагу старажытных плямёнаў. Вялікія круглыя завушніцы ў коннікаў таксама збліжаюць іх з некаторымі выявамі эфталіцкіх уладароў, выбітых на манетах.

Меркаваны ўзрост каменных статуй — VІ—VІІ ст. н. э. Колькі часу і сіл спатрэбілася на стварэнне велізарнага каменнага войска, навукоўцы пакуль не ведаюць. У ліку іншых пытанняў, якія стаяць перад археолагамі, — праўдзівае значэнне скульптурных кампазіцый і неабходнасць устаноўкі іх так высока ў гарах.

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.