Вы тут

Чаго чакаюць ад першага беларускага філасофскага кангрэса


Той, хто лічыць, што філасофія — гэта мёртвая навука, якая сябе зжыла, і ўвогуле, што гэта ўжо "не навука, а толькі каментарыі, пустыя словы", сур'ёзна памыляецца. Тэматыка першага беларускага філасофскага кангрэса, які адкрыўся ўчора ў Мінску, падобнае меркаванне цалкам зняпраўджвае. Вось толькі некаторыя з заяўленых тэм, якія выносяцца на павестку дня: "Рызыкі ў віртуальнай прасторы", "Інтэрнэт і сацыяльная дыферэнцыяцыя", "Сучасная персаналізаваная медыцына: этычныя аспекты",  "Біятэхналагічнае каструяванне чалавека: праблема экзістэнцыяльнага выбару", “Сацыякультурны фенамен мадыфікацый цела", "Этычныя выклікі інавацыйных генетычных тэхналогій", "Філасофскія праблемы інклюзіўнай адукацыі", "Рэформы ў адукацыі і фарміраванне сучаснай асобы", "Крызіс духоўнасці ў сучасным тэхналагізаваным адукацыйным асяроддзі".


Кангрэс «Нацыянальная філасофія ў глабальным свеце» сабраў 500 прадстаўнікоў філасофскай эліты з 25 краін блізкага і далёкага замежжа. Для ўдзелу ў ім у Беларусь прыехаў таксама генеральны сакратар Міжнароднай федэрацыі філасофскіх таварыстваў, прафесар Лука Марыя Скаранціна.

— Мы знаходзімся напярэдадні эпохі, якую называюць грамадствам ведаў, часам, калі пераможа інтэлект. Сёння ў беларускім грамадстве, як і ў многіх іншых, адраджаецца цікавасць да ўспрымання навуковых і філасофскіх ідэй, выпрацоўваюцца прадукцыйныя падыходы да спалучэння традыцый і наватарства ў палітыцы, эканоміцы і культуры. Філасофскія веды могуць і павінны надаць новы імпульс інтэграцыі навукі і вытворчасці, інавацыйным пераўтварэнням ва ўсіх сферах жыцця грамадства, міжнародным супрацоўніцтве і інтэграцыі, — падкрэсліў у сваім выступленні на кангрэсе старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэмік Уладзімір ГУСАКОЎ. — Часам можна пачуць меркаванне, што па меры развіцця дакладных, тэхнікаарыентаваных навук філасофская мудрасць адступае на другі план, страчвае сваё ранейшае значэнне. Гэта не адпавядае рэчаіснасці. Мы становімся сведкамі імклівага развіцця чалавекаарыентаваных, канвергентных тэхналогій, а таксама тэхналогій, непасрэдна накіраваных на мадыфікацыю паводзін і мыслення чалавека. Менавіта ў гэтых умовах філасофія — дысцыпліна, у якой феномен чалавека, яго цялеснасці, духу і інтэлекту набывае зусім новае, востра актуальнае гучанне. Філасофія ўвязвае ў адзінае цэлае комплекс адкрыццяў і дасягненняў усіх іншых галін і напрамкаў навуковага пазнання, а таксама паказвае перспектыўныя кірункі далейшага навуковага пошуку. У рамках філасофскіх ведаў адбываецца асэнсаванне праблем, звязаных з узнікненнем і развіццём інфармацыйнага грамадства. Філасофія збліжаецца з такімі новымі навуковымі напрамкамі, як штучны інтэлект і робататэхніка. Разам з тым, яшчэ чакаюць свайго філасофскага асэнсавання феномен лічбавай эканомікі, развіццё тэхналогіі блокчэйн, эксперыменты па мадыфікацыі геному чалавека, стварэнне электронных імплантаў і многія іншыя навацыі — усё тое, што пагражае радыкальна змяніць жыццё соцыуму.

Уладзімір Гусакоў упэўнены, што філасофія можа ствараць ідэальныя мадэлі свету, злучаючы ў адзінае цэлае інтэлектуальную дзейнасць чалавека і яго каштоўнаснае стаўленне да жыцця. У сістэме сучасных сацыяльна-культурных адносін значна ўзрастае роля экалагічных каштоўнасцяў — каштоўнасці жыцця, бяспекі, гармоніі з прыродай, беражлівага стаўлення да яе. Засваенне гэтых каштоўнасцяў павінна абапірацца як на тэхнічнае пераўзбраенне грамадства, стварэнне так званай зялёнай эканомікі, так і на мноства сацыяльных праграм, накіраваных на якаснае пераўтварэнне грамадства, яго патрэб, менталітэту і выпрацоўку маральна-экалагічнага імператыва. Такі падыход будзе садзейнічаць пераадоленню негатыўных бакоў індустрыялізму і глабалізму, нівеліраванню наступстваў існавання грамадства спажывання.

— Філасофія — больш чым навука. Гэта мастацтва, — упэўнены старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар МАРЗАЛЮК. — Яна дае адказы на вечныя пытанні, якія стаялі і заўсёды будуць стаяць перад чалавецтвам. Мы лічым, што пры дапамозе больш гуманнай палітыкі можам стварыць гуманнае грамадства, дзе не ўсё будзе пераводзіцца на грошы, дзе галоўнай каштоўнасцю будзе чалавек. І эканоміка павінна быць у імя чалавека, а не наадварот...

Дырэктар Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Анатоль ЛАЗАРЭВІЧ у сваю чаргу адзначыў, што ў сучасным свеце філасофія — не толькі тэарэтычныя, але і практычныя веды. «У сувязі з гэтым у нашым інстытуце створаны кластар практычнага значэння — Рэспубліканскі цэнтр фундаментальнай і практычнай філасофіі. Яго мэта — наблізіць філасофію да праблем беларускага грамадства, праблем сучаснай культуры», — дадаў ён.

Праграма кангрэса разлічана на тры дні. У яго рамках пройдуць два пленарныя пасяджэнні ў Акадэміі навук, тры міжнародныя навуковыя канферэнцыі на розных пляцоўках (у інстытутах філасофіі, гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, на факультэце філасофіі і сацыяльных навук у БДУ і ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь), а таксама семінары, прэзентацыі і круглыя сталы.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Даць адказы на пытанні сучаснасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.