Вы тут

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні


«Ніткі лёсу»

Беларусь 1, з 16 кастрычніка па буднях

Што можа быць цікавей за чужыя сямейныя таямніцы, асабліва калі вакол іх накручаны клубок інтрыг, барацьбы за жыццё, вострых пачуццяў і эмоцый, ад кахання да нянавісці і прагі помсты? Аўтары 40-серыйнай украінскай меладрамы абяцаюць усё вышэйпералічанае ў непрадказальных сюжэтных паваротах, а на дэсерт — ашаламляльную развязку.

У цэнтры заблытанай гісторыі — родныя сёстры Каця і Оля, якія пасля смерці бацькоў выхоўваліся ў розных сем'ях. Адна купалася ў раскошы, а другая выжывала ў галечы — адпаведна і выраслі яны зусім рознымі людзьмі. Жыццёвыя шляхі дзяўчат сышліся разам толькі праз шмат гадоў, але сустрэліся яны не роднымі людзьмі, а чужымі незнаёмкамі, да таго ж непрымірымымі саперніцамі, закаханымі ў аднаго і таго ж мужчыну...


«На наш густ»

АНТ, з 15 кастрычніка па нядзелях

Яшчэ адна кулінарная праграма, прыпраўленая звычаямі, культурай і традыцыямі розных краін свету, разнастаіць нядзельныя сняданкі беларусаў. У 52 выпусках праекта «На наш густ» вядучы Яўген Булка і яго госці замесяць, нашынкуюць, падсмажаць і аздобяць спецыямі не толькі нацыянальныя стравы, але і гісторыі пра кулінарныя асаблівасці і прывычкі кожнай краіны. Напрыклад, госцяй прэм'ернага выпуску стане «індыйская беларуска» спявачка Святлана Агарвал, якая дапаможа крыху лепш зразумець загадкавую экзотыку Індыі.

Як падкрэслівае кіраўнік «ранішняй дырэкцыі» АНТ Наталля Маеўская, гаворка ідзе не проста пра кулінарнае шоу: «У аб'ектыве — краіна наогул; мы будзем расказваць пра самае цікавае на наш візуальны, кулінарны і музычны густ, прыцягваць экспертаў і абвяргаць або пацвярджаць разам з імі распаўсюджаныя стэрэатыпы, а паралельна гатаваць стравы, якія, дарэчы, кожны лёгка зможа паўтарыць на дамашняй кухні».


«Трэніровачны дзень»

Беларусь 5, з 21 кастрычніка

Наведаць трэніроўкі вядомых беларускіх спартсменаў і нават цэлых зборных, «падгледзець» мазгавыя штурмы трэнерскага штаба, паслухаць меркаванні суддзяў і развагі блізкіх людзей, вывесці з ценю штодзённую работу медперсаналу і наогул больш даведацца аб тым, як куюцца спартыўныя кадры і якія неардынарныя падзеі здараюцца ў чэмпіёнскай кар'еры — усё гэта зробіць для гледачоў здымачная група новага праекта «Трэніровачны дзень».

Як прызнаўся аўтар праекта Аляксандр Ісайчук, яго натхніў тэматычны відэачасопіс «Адзін крок на шляху да Алімпу», які выходзіў напярэдадні Алімпійскіх гульняў — 2016 у Рыа: «Узнікла ідэя ахапіць не толькі алімпійскія віды, але ўсё, што адбываецца вакол беларускага спорту. Таму героямі нашай праграмы сталі, напрыклад, жонкі спартсменаў, зборная па рэгбі, спартыўныя ўрачы і нават асуджаныя, якія дзякуючы спорту атрымалі другі шанц пачаць жыццё наноў».

Прэм'ера «Трэніровачнага дня» прысвечана знакамітаму футбалісту, імя якога дагэтуль выклікае ў балельшчыкаў вір пачуццяў, ад ухвалення да абурэння. Імя спартсмена аўтары не раскрываюць, але абяцаюць «бомбу».

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.