Вы тут

Пяць спектакляў, якiя можна паглядзець анлайн на будучым тыднi


Распаўсюджванне каранавiруса па-ранейшаму ўносiць карэктывы ў наша культурнае жыццё, i мы працягваем «хадзiць» у тэатры выключна анлайн. Часовая нязручнасць апынулася паўнавартасным эрзац-фарматам у тэатральнай культуры, якi хоць i не замяняе спектаклi ў афлайне, тым не менш мае свае перавагi. Цяпер у большасцi выпадкаў глядач не прывязаны да пачатку спектакля, а можа ўключыць запiс у любы зручны для сябе момант; ён ужо не мусiць выбiраць сукенку альбо гальштук, каб з'явiцца ў зале ў прыдатным выглядзе, а больш за тое — можа рабiць на балеце неналежныя рэчы накшталт паядання вячэры; нарэшце, ён мае ледзь не бясконцы выбар, глядзець оперу, сучасныя тэатральныя формы альбо цыркавое вiдовiшча. У чарговай падборцы, якая прыйдзецца дарэчы на наступным тыднi, мы сабралi Шэкспiра, Камю i шмат танцаў.


«Кармiна Бурана» Вялiкага тэатра оперы i балета

Наш Вялiкi добра прадстаўлены ў «Белтэлерадыёфондзе», якi на сваiх афiцыйных старонках у сацсетках Facebook i «УКантакце» перыядычна публiкуе захаваныя пастаноўкі. 5 чэрвеня «залаты» фонд выклаў запiс, зроблены яшчэ ў 1986 годзе, — гэта ўнiкальны балетны спектакль «Кармiна Бурана» Карла Орфа, увасоблены вядомым харэографам Валянцiнам Елiзар'евым, якi сёння з'яўляецца мастацкiм кiраўнiком Вялiкага. Вакальна-харэаграфiчная пастаноўка асноўваецца на кантаце нямецкага кампазiтара, а кантата ў сваю чаргу створана па матывах аднайменнага зборнiка вершаў сярэдневяковых вандроўных паэтаў. Звычайна «Кармiна Бурана» ўвасаблялася ў канцэртных пастаноўках, а на сцэне тэатра ў Мiнску Валянцiн Елiзар'еў аб'яднаў артыстаў балета, салiстаў оперы, хор i аркестр i з кантаты Орфа зрабiў тэатральны спектакль. Запiс шукайце ў суполках #ЗОЛОТОЙФОНДБТ.

«Калiгула» ў Тэатры нацый у Маскве

Вядомы рэжысёр, вядомы тэатр i вядомыя акцёры. Сённяшнi Тэатр нацый, мiж iншым, месцiцца ў будынку, якi некалi для свайго прыватнага тэатра пабудаваў Фёдар Корш — дзед класiка беларускага кiнематографа Уладзiмiра Корш-Саблiна. Вядомы лiтоўскi i савецкi рэжысёр Эймунтас Някрошус паставiў тут экзiстэнцыяльную драму «Калiгула» паводле п'есы Альбера Камю, у якой ёсць iмператар, што есць дзяцей, i прыгнечаны народ, але спачуванне тым не менш выклiкае менавiта правiцель. Галоўную ролю ў спектаклi iграе Яўген Мiронаў. Пастаноўка з 24 мая на тры месяцы даступная ў анлайн-кiнатэатры Okko.

«Карыялан» у Нацыянальным тэатры ў Лондане

Лонданскi Нацыянальны тэатр у час каранавiруса забяспечвае гледачоў адной з самых шыкоўных i спакушальных анлайн-праграм, таму да яе немагчыма не вяртацца. Да 11 чэрвеня на YouTube-канале тэатра можна паглядзець шэкспiраўскую трагедыю «Карыялан» з Томам Хiдлстанам у галоўнай ролi. Пастаноўка расказвае пра апiсанага яшчэ Плутархам рымскага палкаводца i правадыра Карыялана, яго ваенныя перамогi i барацьбу з ворагамi, палiтыку i помсту ў Старажытным Рыме. Тома Хiдлстана, што iграе Карыялана, гледачы ведаюць па кiнаролях, у прыватнасцi ў фiльмах «Поўнач у Парыжы» Вудзi Алена, «Выжывуць толькi палюбоўнiкi» Джыма Джармуша альбо марвелаўскай серыi пра супергерояў «Мсцiўцы». Запiс суправаджаецца англiйскiмi субцiтрамi, а на сайце тэатра можна знайсцi суправаджальныя ролiкi i iнтэрв'ю з тымi, хто робiць пастаноўку.

Серыя твораў Алвiн Эйлi Амерыканскага тэатра танца

«Ода» Джамара Робертса ў тэатры Алвiна Эйлi.

У 1958 годзе харэограф Алвiн Эйлi стварыў Амерыканскi тэатр танца свайго iмя — за час iснавання танцавальная кампанiя ў Нью-Ёрку зрабiла вялiкi ўнёсак у развiцце сучаснага танца як такога i з'яўленне ў танцавальным тэатры чорных выканаўцаў. У сваёй працы Алвiн Эйлi стала звяртаўся да афрыканскай культуры, чым надзейна замацаваў яе на сцэне. У час каранавiруса каманда тэатра лiчыць, што «шоу павiнна працягвацца», таму публiкуе свае работы для прагляду анлайн. Сярод iх — пастаноўкi розных харэографаў i ў тым лiку стваральнiка кампанii. Надзвычайныя танцавальныя кампазiцыi можна знайсцi на сайце тэатра Алвiна Эйлi — тут пастаноўкi «Ода» Джамара Робертса (да 10 чэрвеня), «Хрома» Уэйна МакГрэгара альбо «Адкрыццi» Алвiна Эйлi (да 11 чэрвеня).

«Масакра» ў Новым тэатры ў Варшаве

Яшчэ адна танцавальная пастаноўка — гэтым разам з варшаўскага Новага тэатра. I сапраўды новага: калектыў быў створаны ў 2008 годзе i паказаў свой першы спектакль у 2009-м. Сёння ў будынку тэатра можна ўбачыць асучасненую класiку, эксперыментальныя пастаноўкi, калi эксперымент разумець шырока, танцавальныя спектаклi i iншае. «Масакра» створана танцорам i харэографам Паўлам Саковiчам i мовай танца расказвае пра экспедыцыю 1937 года, накiраваную польскiм урадам на Мадагаскар, каб даследаваць магчымасць каланiзацыi вострава. Як мы ведаем, Мадагаскар польскай калонiяй так i не стаў. Прэм'ера запiсу пастаноўкi адбудзецца 7 чэрвеня i будзе даступная цягам 36 гадзiн, гэта значыць, глядзець яе варта, калi не ў нядзелю, то ў панядзелак на сайце Новага тэатра.

Вольга МIЦКЕВIЧ

Загаловак у газеце: Елiзар'еў, Камю i Хiдлстан

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?