Вы тут

Стартуе ІІ Рэспубліканскі конкурс маладзёжных праектаў


Міністэрства адукацыі Беларусі і кампанія МТС абвясцілі пра старт ІІ Рэспубліканскага конкурсу маладзёжных праектаў «Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу».


Прапанаваць свае ідэі могуць навучэнцы 8—11-х класаў і студэнты сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў ва ўзросце да 23 гадоў.

— Лічбавая трансфармацыя, якая ахапіла ўсе сферы грамадскага жыцця, ставіць нас перад неабходнасцю не проста прыстасоўвацца да змен, а быць актыўнымі ўдзельнікамі інавацыйных працэсаў. Наш конкурс дазваляе навучэнцам праявіць сябе з творчага боку і, што асабліва важна, спрыяе фарміраванню актыўнай жыццёвай пазіцыі маладых людзей, бо іх праекты могуць рэальна паўплываць на тое, што адбываецца ў сферы адукацыі, — пракаментаваў падзею дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Павел ЛІС.

Конкурс пройдзе ў тры этапы: збор праектаў і ацэнка журы, паўфінал і работа з ментарамі, фінал і абарона праектаў. Конкурсныя работы будуць ацэньвацца ў наступных намінацыях: «Найлепшы інавацыйны праект для навучэнцаў і студэнтаў ВНУ»; «Найлепшы інавацыйны праект для бацькоў»; «Найлепшы інавацыйны праект для педагогаў» і «Найлепшы маладзёжны інавацыйны праект».

Прыём праектаў на конкурс прадоўжыцца да 16 лістапада. Прапановы і ідэі, аформленыя ў прэзентацыі, можна размясціць на сайце конкурсу yіp.unіbel.by або адправіць па электроннай пошце на адрас yіp@unіbel.by.

Па словах кіраўніка камерцыйнага дэпартамента МТС Мікалая Булаша, у 2016 годзе ў конкурсе прынялі ўдзел 200 чалавек, экспертная група разгледзела і ацаніла больш за 50 праектаў, 13 з якіх прайшлі ў фінал: «Гэтым разам мы чакаем не меншую колькасць работ. Падобная адукацыйная ініцыятыва — добры прыклад прыватна-дзяржаўнага партнёрства, у выніку якога кампанія МТС і Міністэрства адукацыі інвестуюць у будучыню».

Конкурс праводзіцца ў рамках пагаднення, заключанага паміж мабільным аператарам і міністэрствам. Партнёрам выступае кампанія Huaweі. Аўтары найлепшых праектаў не толькі змогуць увасобіць свае ідэі ў жыццё, але і атрымаюць каштоўныя падарункі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Ёсць ідэя? Заяві...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.