З 10 кастрычніка па 15 студзеня на 5 паверсе гандлёвага цэнтра “Галерэя” будзе працаваць музей, экспазіцыя якога ацэньваецца ў 800 тысяч долараў. Размесціцца тут і філіял мінскай фабрыкі ёлачных цацак “Грай”.
Майстры будуць распісваць, рэзаць, ляпіць на вачах у наведвальнікаў. Упрыгажэнні ручной работы можна набыць — у кошт білета (ад 5 рублёў) уваходзіць зніжка на пакупку. Кожны наведвальнік музея пройдзе шлях даўжынёй у 500 метраў, пазнаёміцца з інтэрактыўнымі экспанатамі, якія можна і трэба кранаць ды фатаграфаваць. Навагоднія ўпрыгажэнні з Афрыкі, калекцыя дзядоў маразоў розных нацыянальнасцяў, крафтавыя цацкі з дрэва і шкла, шар-рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінеса і многае іншае.
Пяць прычын наведаць музей-фабрыку
- №1. Ёлачная цацка — самая папулярная ў свеце, яе любяць усе. Самая дарагая ў гэтай экспазіцыі каштуе 7 тысяч долараў (так яе ацэньваюць на аўкцыёне eBay). Паспрабуйце здагадацца, што за яна!
- №2. Падчас майстар-класаў можна самастойна пафарбаваць свой шар або паглядзець, як гэта робяць мастакі. Можна падгледзець і ўсе сакрэты вытворчасці. Для вырабу цацак са шкла — тэхнікай фьюзінг — асколкі разаграюць да 900 градусаў, каб яны сплавіліся разам.
- №3. Стваральнік калекцыі Андрэй Бягун аб’ехаў 52 краіны ў пошуку цацак і атрыбутаў навагодніх свят: драўляныя ёлачныя статуэткі з Конга і Інданезіі, цацкі ў выглядзе жывёл з арнаментам аўстралійскіх абарыгенаў, птушыныя гнёзды для ўпрыгажэння дома з Перу, цацкі, якімі ўпрыгожвалі каралеўскія балы ў Вене і ў выглядзе яек Карла Фабержэ…
- №4. Вы ўбачыце першы жывы гарадок. Пры жаданні механічны калядны гарадок можна запусціць, і там ажывуць дамы, ёлка, вуліцы з жыхарамі.
- №5. Ёсць шанс набыць ідэальны падарунак сабе і блізкім — крафтавыя ёлачныя цацкі ручной работы са шкла, халоднага фаянсу, шары з лепкай і многае іншае.
Святлана БАРЫСЕНКА