Вы тут

Выступ Уладзіміра Андрэйчанкі на адкрыцці сесіі Нацыянальнага сходу


Выступленне старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У. П. на адкрыцці трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.


Паважаныя дэпутаты, члены ўрада і запрошаныя!

Пачынае работу трэцяя сесія Палаты прадстаўнікоў. Яна пройдзе пад знакам выканання патрабаванняў кіраўніка дзяржавы, накіраваных на забеспячэнне дынамічнага эканамічнага росту, развіццё дзелавой ініцыятывы, адстойванне нацыянальных інтарэсаў.

Ключавое месца на сесіі адводзіцца пакету бюджэтных законапраектаў. Краіна павінна своечасова атрымаць галоўны фінансавы дакумент, які фарміруе надзейныя ўмовы для замацавання і развіцця пазітыўных тэндэнцый.

Праекты, прадстаўленыя ўрадам у рабочым парадку, ужо змяшчаюць прапановы дэпутатаў, і працягваць работу над імі неабходна аб'ектыўна ацэньваючы перспектывы сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Важную ролю ў разняволенні дзелавой ініцыятывы закліканы адыграць праекты законаў, накіраваныя на супрацьдзеянне манапалізму, развіццё канкурэнцыі, паляпшэнне бізнес-клімату, банкаўскай сістэмы, дзяржаўна-прыватнага партнёрства, забеспячэнне празрыстасці дзяржаўных закупак. Акрамя таго, у Палату прадстаўнікоў будуць унесены яшчэ два законапраекты па пытаннях прыцягнення інвестыцый і развіцця прыватызацыі, якія распрацаваны дэпутатамі з улікам грамадскага абмеркавання.

Мы працягнем удасканаленне законаў сацыяльнага блока. Змяненні плануецца ўнесці ў законы аб пенсійным забеспячэнні. Прадугледжана зніжэнне страхавога стажу да 10 гадоў для асоб, якія доўгі час знаходзіліся на ваеннай службе, даглядалі дзяцей-інвалідаў, інвалідаў І групы, састарэлых. Карэкціроўка Закона «Аб ветэранах» пашырыць магчымасці фінансавання мерапрыемстваў, якія праводзяцца грамадскімі аб'яднаннямі ветэранаў, узмоцніць гарантыі іх сацыяльнай абароны. У Закон «Аб фізічнай культуры і спорце» ўносяцца нормы, накіраваныя на павышэнне адказнасці за рацыянальнае выкарыстоўванне дзяржаўных сродкаў пры падрыхтоўцы спартсменаў і стварэнне новых стымулаў для дасягнення высокіх вынікаў у спорце.

Шэраг захадаў будзе накіраваны на ўзмацненне абараназдольнасці, барацьбы з тэрарызмам, сістэмы аховы грамадскага парадку.

Вялікая ўвага будзе ўдзелена міжнародным абавязацельствам Беларусі. У ліку найважнейшых дакументаў гэтага блока — праект новай рэдакцыі Закона аб міжнародных дагаворах і ратыфікацыя Дагавора аб Мытным кодэксе ЕАЭС. Трэба будзе разгледзець таксама сур'ёзны пакет міжнародных пагадненняў. Іх ратыфікацыя дазволіць павялічыць аб'ёмы айчыннай нафтаперапрацоўкі, прыцягнуць фінансы Еўрасаюза для развіцця памежных рэгіёнаў Беларусі, нарошчваць інвестыцыйнае супрацоўніцтва.

Галоўнай міжнароднай падзеяй у міжсесійны перыяд з'явілася правядзенне ў Мінску 26-й штогадовай сесіі ПА АБСЕ. Найважнейшым яе вынікам стала зацікаўленае абмеркаванне замежнымі палітыкамі ініцыятывы Прэзідэнта Беларусі аб запуску новага Хельсінкскага працэсу. Работа беларускай дэлегацыі на сесіі таксама мела поспех — у Мінскую дэкларацыю ўвайшла рэзалюцыя, якая прапануе міжнароднай супольнасці новыя меры па барацьбе з наркотыкамі.

Актывізавалася і двухбаковае супрацоўніцтва. Вынікам візіту ў Беларусь суданскай дэлегацыі стала падпісанне Мемарандума аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве паміж Палатай прадстаўнікоў і Нацыянальнай асамблеяй Судана. На перагаворах з еўрапейскімі партнёрамі абмяркоўваюцца магчымасці рэалізацыі бізнес-праектаў.

Рост цікавасці да нашай краіны стварае ўмовы для нарошчвання міжпарламенцкага супрацоўніцтва. У лістападзе запланаваны візіт у адказ у Судан, дзе мы маем намер выйсці на канкрэтныя гандлёва-эканамічныя праекты. Рыхтуюцца візіты беларускіх дэлегацый у Кітай і Румынію. Нашу краіну плануюць наведаць кіраўнікі парламентаў Грузіі і Малдовы.

Для развіцця двухбаковых кантактаў трэба больш эфектыўна задзейнічаць магчымасці міжпарламенцкіх арганізацый. Сур'ёзныя перспектывы для абмеркавання пытанняў супрацоўніцтва з парламентарыямі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі адкрывае правядзенне 137-й сесіі Міжпарламенцкага саюза. Гэтым жа мэтам павінны служыць нашы кантакты з еўрапейскімі калегамі ў рамках восеньскага пасяджэння ПА АБСЕ ў Андоры і мерапрыемстваў Парламенцкай структуры Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы ў Мінску.

Узаемадзейнічаючы з нашымі стратэгічнымі партнёрамі па парламенцкіх структурах СНД, АДКБ, Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі, трэба больш актыўна выкарыстоўваць інструменты парламенцкай дыпламатыі для прасоўвання прадукцыі айчынных вытворцаў на гэтыя традыцыйныя рынкі. Напрыклад, 53-я сесія саюзнага парламента пройдзе ў Бранску. Сустрэчы дэпутатаў з прадстаўнікамі дзелавых колаў Браншчыны і абмеркаванне перспектыў супрацоўніцтва сталі б добрым крокам у развіцці інтэграцыі. У рамках гэтага ж мерапрыемства пройдуць парламенцкія слуханні, прысвечаныя збліжэнню заканадаўстваў па пытаннях забеспячэння роўных правоў грамадзян Саюзнай дзяржавы. І абмяркоўваць гэтую тэму трэба з пункту гледжання рэальнага раўнапраўя.

Працуючы ў выбарчых акругах, трэба дасканала валодаць інфармацыяй аб сацыяльна-эканамічнай сітуацыі і на гэтай аснове выходзіць на запатрабаваныя жыццём прававыя рашэнні. Разглядаючы звароты грамадзян, варта прынцыпова падыходзіць да ацэнкі эфектыўнасці дзеянняў мясцовых улад. Пры гэтым вельмі важна працягнуць шырокі грамадскі дыялог, эфектыўнасць якога з'яўляецца важнай умовай забеспячэння стабільнасці і дынамічнага прасоўвання краіны па шляху сацыяльна-эканамічнага росту.

Загаловак у газеце: Адказваючы на выклікі часу

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.