Вы тут

На шпацыр, за Шагалам


Чым цяпер кранаюць мясціны на Лёзненшчыне?

Пра Марка Шагала звычайна гавораць як пра мастака Віцебшчыны. Але не толькі Віцебск натхняў яго. Вядома, што ён зрабіў нямала работ, прысвечаных Лёзна і іншым мястэчкам той зямлі, дзе нарадзіўся. У год 130-годдзя з дня нараджэння мастака працягваецца тэматычная праграма святкавання ў Віцебску: адкрываюцца выстаўкі, прысвечаныя жыццю і творчай спадчыне Шагала, арганізоўваюцца сустрэчы з мастацтвазнаўцамі, даследчыкамі яго творчасці. Але памяць пра Марка Шагала захоўваюць і ў Лёзненскім раёне. У мясцовым музеі ёсць экспазіцыя, прысвечаная вялікаму мастаку. А ў наваколлі райцэнтра адзін ініцыятыўны чалавек добраўпарадкаваў лес — там калісьці шпацыраваў сам Шагал.


Дом на тэрыторыі былой панскай сядзібы

«Да дзядулі ў Лёзна»

Лёзненшчыне Марк Шагал прысвяціў шэраг вядомых работ. Сярод іх — «Ферма ў Лёзна» (1909 год), «Па дарозе ў Лёзна» (1910 год), «Аптэка ў Лёзна» (1914 год), «Дом у Лёзна» (1914 год), «Дача. За домам. Завольша» (1918 год) і іншыя. «Тое, што Шагал адлюстраваў на сваіх палотнах Лёзна і ваколіцы, перш за ўсё Завольша, тое, што з яго карцін на нас глядзяць асобы лёзненцаў, а ў нашай зямлі ляжаць ягоныя блізкія, назаўжды зрабіла і Лёзна Шагалаўскім...» — распавялі ў Лёзненскім ваенна-гістарычным музеі.

Род Марка Шагала па бацькоўскай лініі паходзіць насамрэч з беларускага мястэчка Слуцк. А яго далёкі продак Хаім Сегал у пачатку XVIII стагоддзя распісаў дзве драўляныя сінагогі ў Капылі і Магілёве. Затым Сегалы пераехалі ў Лёзна. У мясцовым музеі распавялі, што тут жылі шматлікія сваякі Марка Шагала па мацярынскай і бацькоўскай лініях. Ён пісаў ва ўспамінах, што толькі дзядзечак «паўтузіна ці крыху больш». А яшчэ цётачка, яе дзеці і, вядома ж, бабуля і дзядулі.

«...А ці не з’ездзіць на пару тыдняў да дзядулі ў Лёзна?.. Як я любіў прыязджаць у Лёзна... Гарадок, як на малюнку. Усё на сваіх месцах: домікі, рэчка, мост, дарога... І высокая белая царква на галоўнай плошчы... На небе шалеюць фарбы», — так пісаў Марк Шагал у кнізе «Маё жыццё».

У 1915 — 1918 гадах ён з жонкай Бэлай, а затым і з дачкой Ідай неаднаразова прыязджаў у Завольша. Там у бацькоў Бэлы была дача.

«Цяпер гэта месца вызначыць не ўдаецца, але Завольша глядзіць на нас з карцін мастака, якія напісаныя тут», — удакладняюць супрацоўнікі музея.

У страшны лютаўскі дзень

Падзеі Вялікай Айчыннай вайны пакінулі глыбокія раны ў сэрцах кожнага жыхара Лёзненшчыны яўрэйскага паходжання. Сярод яўрэяў Лёзна, забітых у 1941 годзе, былі Шагал Давід Зіслевіч, стрыечны брат Марка, яго жонка Шагал Соня Абрамаўна і іх дзеці: Вольга, Шыфра, Хаім. У студзені 1942 года на тэрыторыі Дабрамысленскага сельсавета былі расстраляныя больш за 200 яўрэяў. Самым страшным днём стала 23 лютага 1942 года. Тады больш за паўтары тысячы яўрэяў былі вывезены на бераг ракі Мошны да Адаменскага рова і там расстраляныя.

Па злой іроніі лёсу менавіта ў гэтым месцы любіў маляваць Марк Шагал…

«Гэтыя карціны — не толькі творы мастацтва, гэта — памяць, гэта — заклік да міру, да верацярпімасці, да дабрыні...» — канстатуе даследчык гісторыі яўрэйскіх мястэчак Аркадзь Шульман.

Від на лесапаркавую зону.

Надпіс на гранітнай пліце

Упершыню памяць пра Шагала была ўвекавечана ў Лёзна ў 2002 годзе. У ліпені ўрачыста адкрылі мемарыяльную дошку на будынку раённага Дома культуры. На гранітнай пліце надпіс на беларускай мове абвяшчае, што на гэтым месцы знаходзілася сядзіба сям’і, у якой нарадзіўся мастак Марк Шагал.

А ў лістападзе 2013 года на цэнтральнай вуліцы Леніна ў Лёзна, ля ваеннагістарычнага музея, адкрылі бюст знакамітага мастака. На цырымоніі прысутнічаў пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал. Нядаўна на месцы царквы, пра якую пісаў мастак (але яна была разбурана за савецкім часам), усталявалі памятны знак. На адкрыцці прысутнічалі прадстаўнікі кіраўніцтва вобласці і ганаровыя госці з Расіі.

У нашы дні супрацоўнікі музея і цэнтральнай раённай бібліятэкі ладзяць розныя мерапрыемствы для школьнікаў: музейныя ўрокі, лекцыі «Марк Шагал і Лёзна», краязнаўчыя мерапрыемствы «Гарадок, як на карцінцы»... Тут выдалі брашуры «Шагалаўскі вянок», «Васільковая муза Шагала».

Сядзіба натхнення

У аграрным мястэчку Адаменка, што недалёка ад райцэнтра, я пазнаёміўся з дзіўным чалавекам: Віктар Грыбаў узначальвае лёзненскае прадпрыемства ЖКГ. Дзякуючы яго намаганням добраўпарадкаваны лес, дзе шпацыраваў Шагал яшчэ ў дзяцінстве. Цяпер уздоўж берагоў рэчкі Мошны з задавальненнем шпацыруюць бацькі з дзецьмі, пенсіянеры. Дарэчы, мясцовыя жыхары актыўна дапамагалі наводзіць парадак. Яшчэ нядаўна тут было шмат смецця (калі наводзілі прыгажосць, смецця вывезлі некалькі грузавікоў...).

Віктар Грыбаў родам адсюль. Вярнуўся на малую радзіму з Мінска. Там працаваў на адказнай пасадзе ў арганізацыі, якая займаецца добраўпарадкаваннем. За некалькі гадоў пад яго кіраўніцтвам камунальнікі зрабілі шмат: пасёлак і наваколле сталі прыкметна прыгажэйшымі.

Сам Грыбаў у мястэчку Адаменка жыве ў доме, які знаходзіцца на тэрыторыі былой панскай сядзібы. Калісьці мясцовы памешчык дасылаў у Санкт-Пецярбург яблыкі. Мяркуецца, што быў нават пастаўшчыком імператарскага двара. У садзе працавалі ажно сем садоўнікаў.

Віктар Грыбаў і Святлана Пукава.

— На плытах сплаўлялі яблыкі да чыгункі. На беразе ракі быў млын. Камерцыйнай дзейнасцю пан займаўся з размахам, — удакладняе Віктар Грыбаў. Ён сціплы чалавек. І, калі я пытаўся ў яго, чаму вырашыў пасяліцца ў глыбінцы, суразмоўца згадаў словы кіраўніка беларускай дзяржавы, які неаднаразова заклікаў суграмадзян вяртацца ў родныя мясціны, працаваць на зямлі.

Дом спадара Грыбава ўражвае прыгажосцю. А паглядзіш уніз — убачыш дзіўны пейзаж. Уражваюць рэчка, на якой жывуць вадаплаўныя птушкі, лес, шматузроўневыя жывапісныя гарызонты... Непадалёк зрабілі спартыўную пляцоўку. Цяпер цяжка паверыць, што раней тут таксама была звалка.

— Землякі, у якіх ёсць дзеці, у вольны час прыходзілі збіраць камяні... Пясок прывезлі, каб зрабіць спартыўную пляцоўку. Рэзалі трубы і зварылі канструкцыі работнікі ЖКГ. Усталёўвалі ратавальнікі з РАНС», — распавядае старшыня Лёзненскага сельскага выканкама Святлана Пукава.

Цяпер прайсціся па Шагалаўскіх мясцінах у Лёзна прыемна. Ёсць чым тут натхніцца і мастакам, нашым сучаснікам.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.