Вы тут

Да юбілею «глебаўкі»


Вучоба ў Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя Аляксея Глебава (былым Мінскім мастацкім вучылішчы) стала пачаткам шляху ў прафесійнае мастацтва для Мая Данцыга, Арлена Кашкурэвіча, Нінэль Шчаснай, Уладзіміра Жбанава, Мікалая Купавы ды многіх іншых вядомых творцаў. Семдзесят гадоў таму ў гэтай легендарнай навучальнай установе распачаліся першыя заняткі.


Афіцыйна Мінскае мастацкае вучылішча пачало дзейнічаць 25 ліпеня 1947 года. Да юбілейнай даты ў выдавецтве «Беларусь» выйшла кніга «Шлях у мастацтва», прысвечаная гісторыі «глебаўкі». Аўтары выдання — прафесар кафедры малюнка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва Васіль Ясюк і мастак Уладзімір Басалыга.

У паўразбуранай сталіцы Мінскае мастацкае вучылішча спачатку не мела ўласнага будынка. Заняткі па спецыяльных дысцыплінах ладзілі ў паўпадвальных памяшканнях Дзяржаўнага тэатра оперы і балета. Як згадваў мастак Віктар Грамыка, «тут панаваў дух усеагульнай захопленасці малюнкам і жывапісам, за якім адкрывалася запаветная далячынь вялікага мастацтва». Нягледзячы на складаныя побытавыя ўмовы, маладыя людзі з імпэтам працавалі пад кіраўніцтвам колішніх навучэнцаў Віцебскага мастацкага тэхнікума Аляксандра Мазалёва, Віталя Цвіркі ды іншых выкладчыкаў. Менавіта ў Мінскім мастацкім вучылішчы ў пасляваенныя гады фарміраваліся традыцыі беларускай школы выяўленчага мастацтва.

Пра выпускнікоў мастацкага каледжа напісана нямала артыкулаў і манаграфій. Новая кніга — «першая спроба сістэматызаваць матэрыялы, падаць гісторыю ўнікальнай навучальнай установы, вывучэнне якой толькі пачынаецца».

Выданне атрымалася інфарматыўным, прыгожым і яркім. Рэпрадукцыі работ выпускнікоў — мастакоў, скульптараў, дызайнераў, рэзчыкаў па дрэве — займаюць больш за чвэрць кнігі. У некалькіх пераліках згадваюцца імёны выкладчыкаў і былых навучэнцаў «глебаўкі». На фотаздымках — пленэры, святы, мастацкія конкурсы, першамайскія дэманстрацыі, рэпетыцыя гурта «Мроя»...

З гістарычнага нарыса можна даведацца пра актуальныя тэндэнцыі ў беларускім мастацтве, змены ў структуры вучылішча, сістэму выкладання, тэматыку дыпломных работ. Побач з асноўным тэкстам — копіі архіўных дакументаў, вытрымкі з успамінаў выпускнікоў вучылішча Барыса Аракчэева, Леаніда Шчамялёва, Георгія Паплаўскага ды іншых.

Аўтары кнігі маюць непасрэднае дачыненне да дзейнасці мастацкага каледжа. Васіль Ясюк у 2006 — 2008 гадах быў яго дырэктарам, Уладзімір Басалыга і адказны за мастацкае афармленне выдання Усевалад Свентахоўскі — колішнія навучэнцы Мінскага мастацкага вучылішча. Кніга-падарунак «глебаўцы» падрыхтаваны з душой і вялікай стараннасцю. Творчага плёну выкладчыкам і навучэнцам!

 Алеся ЛАПІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.