Вы тут

Чым адкажуць на дэманстрацыю агрэсіі Паўночнай Карэі


КНДР упэўнена працягвае здзяйсняць дзеянні па рэалізацыі свайго курсу на абвастрэнне адносін з заходнім светам. 29 жніўня быў ажыццёўлены пуск балістычнай ракеты, якая пераляцела цераз паўночны ўсход Японіі, выклікаўшы паніку ў мясцовага насельніцтва, і ўпала ў Ціхі акіян. Такога не было амаль дваццаць гадоў. Паводле ацэнак экспертаў, яна пераадолела 2700 км і дасягнула максімальнай вышыні 550 км. Прычым гэта быў ужо васямнаццаты пуск балістычнай ракеты з боку КНДР у бягучым годзе.


Натуральна, што падобны крок выклікаў рэзкую крытыку з боку сусветнай супольнасці і абмен пагрозамі з ЗША, якія з'яўляюцца найважнейшым саюзнікам Японіі. Прэм'ер-міністр Японіі Сіндза Абэ і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп правялі 40-хвілінную размову па тэлефоне, па выніках якой аб'явілі, што "ўзмоцняць ціск" на КНДР. Занепакоіліся і ў Сеуле, палічыўшы, што гэта рэакцыя Паўночнай Карэі на сумесныя ваенныя вучэнні ЗША і Паўднёвай Карэі. У выніку ў Паўднёвай Карэі Прэзідэнт Мун Чжэ Ян загадаў ваенным распрацаваць план наступлення на выпадак узброенага канфлікту з КНДР. Ён паказаў, што армія Паўднёвай Карэі павінна быць у стане хутка перайсці ў наступленне ў выпадку, калі Паўночная Карэя зробіць правакацыю, "пяройдзе рысу" або здзейсніць напад на Сеул. Здавалася, што далей ісці ўжо няма куды, дасягнуты максімальны пункт напружання адносін Пхеньяна з заходнім светам. Аказалася, што можна.

Раніцай 3 верасня ў раёне паўночнакарэйскага горада Кільчжу правінцыі Хамгён-Пукто быў зафіксаваны землятрус — па розных даных, магнітудай ад 5,2 да 6,4. Неўзабаве Паўночная Карэя паведаміла аб паспяховым выпрабаванні вадароднай бомбы. У КНДР заявілі, што створаны боезарад, які можа быць выкарыстаны для аснашчэння міжкантынентальных балістычных ракет. Ваенныя эксперты Паўднёвай Карэі ацанілі магутнасць выбуху ў 100 кілатон. Кіраўнік абароннага камітэта парламента Рэспублікі Карэя Кім Эн У падкрэсліў, што гэта прыкладна ў чатыры—пяць разоў мацней, чым ядзерная бомба, скінутая на Нагасакі ў 1945 годзе, якая забрала ад 60 да 80 тысяч жыццяў.

3 верасня кіраўнік Пентагона Джэймс Мэціс зрабіў важную заяву аб тым, што ўзброеныя сілы ЗША гатовыя даць "эфектыўны і падаўляльны ваенны адказ" у выпадку пагрозы для амерыканскіх тэрыторый або саюзнікаў Вашынгтона. У тэлефоннай размове прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з прэм'ер-міністрам Японіі Сіндза Абэ першы пацвердзіў гатоўнасць прымяніць супраць КНДР ядзерную зброю. Таксама ўслед прагучала паведамленне аб тым, што міністэрства фінансаў ЗША ў адказ на выпрабаванне вадароднай бомбы ў Паўночнай Карэі распрацоўвае новы пакет санкцый супраць КНДР, які ўключае ў сябе поўную гандлёвую блакаду. Адным з варыянтаў прымусіць усе краіны свету, а не толькі саюзнікаў ЗША, яе выконваць можа стаць забарона на гандаль з ЗША любой краіне, якая не паслухаецца амерыканцаў і працягне гандаль з КНДР. Пра гэта заявіў сам Трамп. У адказ заснавальнік сайта WіkіLеаks Джуліян Асанж напісаў у сваім твітары, што галоўным гандлёвым партнёрам КНДР з'яўляецца Кітай, а ў Кітая з ЗША таваразварот на 650 мільярдаў долараў. Калі Кітай адмовіцца выконваць блакаду, а ЗША спыняць гандаль з Кітаем, Трамп будзе падвергнуты імпічменту.

Асаблівую заклапочанасць праяўляюць суседзі КНДР, Расія і Кітай. Абедзве краіны маюць свой погляд на падзеі, што адбываюцца. Масква і Пекін неаднаразова заклікалі бакі перастаць рабіць ваяўнічыя заявы і перайсці ад пагрозлівых дзеянняў да перагавораў. Імі прапанаваны прынцып "падвойнага замарожвання", у адпаведнасці з якім КНДР адмовіцца ад правядзення ядзерных і ракетных выпрабаванняў, а Вашынгтон і Сеул адмовяцца у адказ ад маштабных сумесных вучэнняў. На жаль, ні Захад, ні КНДР на гэтую прапанову не рэагуюць.

Па вялікім рахунку ў сапраўднай ядзернай вайне ніхто не зацікаўлены. Наўрад ці Кім Чэн Ын хоча страціць сваю ўладу ў выніку ваеннага паражэння, бо насельніцтва краіны ўсяго 25 мільёнаў чалавек і ў выпадку сапраўднай вайны ў яе няма шанцаў перамагчы згуртаваны заходні лагер. Расія і Кітай гатовы зрабіць усё магчымае, каб вайна не пачалася, паколькі Паўночная Карэя размешчана на іх межах і патэнцыйная ядзерная вайна нанясе велізарную шкоду іх тэрыторыі і насельніцтву. Асабліва можа пацярпець Кітай, вялізныя правінцыі якога Хэбэй, Шаньдун і Цзянсу, сталіца — Пекін, а таксама другі па значэнні горад краіны — Шанхай, размешчаны ўсяго ў некалькі сотнях кіламетраў ад патэнцыйнага тэатра ваенных дзеянняў. У Расіі сітуацыя хоць і прасцейшая у сілу малой заселенасці гэтай часткі яе тэрыторыі, але ўсё ж такі важны горад, як Уладзівасток, размешчаны паблізу мяжы з КНДР. Дзесяцігоддзямі КНДР лічылася саюзнікам Масквы і Пекіна, таму паспяховая атака ЗША супраць гэтай краіны стане таксама негатыўным рэпутацыйным фактарам, які падрывае значэнне Расіі і Кітая ў свеце. У сваю чаргу вайны баяцца Паўднёвая Карэя і Японія, размешчаныя непасрэдна на тэатры патэнцыйных ваенных дзеянняў. Яны стрымліваюць напор ЗША, баючыся, што тыя ўступяць у ваенныя ядзерныя дзеянні, якія фатальна адаб'юцца на экалогіі рэгіёна.

Сяргей Кізіма, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.