Вы тут

Памкненне да вышэйшага суладдзя


«Паэзія» і «Дзіцячая літаратура» — лідары сярод намінацый па колькасці прэтэндэнтаў на Нацыянальную літаратурную прэмію. Да ўвагі журы прапанавана дзесяць паэтычных зборнікаў, некаторыя з якіх пабачылі свет з урачыстай нагоды — у 2016 годзе адзначылі юбілей Ганад Чарказян і Людміла Кебіч. Ёмістая кніга Ганада Чарказяна складаецца з двух раздзелаў: «Караваны гор», дзе змешчаны пераклады вершаў з курдскай мовы Рыгора Барадуліна, і «Званы трывогі» — пераклады Казіміра Камейшы. Тут і ўсходняя мудрасць, і тонкія жыццёвыя назіранні, і туга па Радзіме ў нязвыклых абрысах... На думку крытыка Алеся Марціновіча, асабліва важкія набыткі Чарказяна-паэта ў жанры чаргаві (кароткія чатырохрадкоўі).


Зборнік Людмілы Кебіч «Рай для адзіноты» адметны жанравай разнастайнасцю: паэмы, верлібры, трыялеты, тэрцыны, рандэлі, песні... «Моцны ўплыў на паэзію Людмілы Кебіч аказаў такі біяграфічны факт, як наяўнасць музычнай адукацыі і праца ў каледжы мастацтваў у Гродне. Вершы быццам прасякнуты мелодыяй, са сваім своеасаблівым рытмам яны лёгка кладуцца на музыку, у некаторых праглядаюцца асаблівасці беларускай фальклорнай лірыкі», — адзначае аўтар прадмовы да зборніка, гродзенскі літаратуразнаўца і крытык Руслан Казлоўскі. Людміла Кебіч «блукае па жаночай непрадказальнасці душы», у многіх вершах яе лірычная гераіня адкрытая прыгажосці, сонцу і людзям. З іншага боку, інтымная лірыка Людмілы Кебіч зусім не сонечная, і радуюць у гэтай кнізе менавіта жыццесцвярджальныя вершы: «Сланечнікі», «Маёй Радзіме», «Цюльпаны», «Брамы восені».

Прысвячэнні Радзіме, звароты да Бога, чароўныя ўспаміны, згадкі пра мары, ад якіх даводзіцца адмаўляцца, знаходзім таксама ў зборніку Марыі Кобец «Палыновая квецень». «Колеры яе паэзіі падобныя да тых красак і фарбаў, якімі расквечаны атуляючы паэтэсу край», — піша ў прадмове Алесь Карлюкевіч. Калі ж вы шукаеце больш яркіх уражанняў, варта звярнуцца да зборніка Таццяны Сівец «Разняволенасць», на які напісана каля дзясятка рэцэнзій. Большасць вершаў Таццяны Сівец — узрушаная, нервовая размова з Ім: просьбы, дакоры, прызнанні, напаміны... «Праўду кажучы, ты вінаваты сам! / Азірнуўся першы, паклікаў, абняў, скалечыў... Я ж вінаватая, што не паспела збегчы, / Мне засталося толькі адно — пісаць... / Ты хацеў бы і гэта забраць у мяне? Канечне! / Каб не кардыяграма, а роўная паласа...».

Калі аўтар крыху спакайнее, робіцца больш удумлівай і лірычнай, чытаць яе значна цікавей. Часам Таццяна Сівец забываецца на перыпетыі складаных адносін з Ім і згадвае сур’ёзна, без надрыву, пра іншыя, не менш істотныя рэчы: гасціннасць і Бога, мора і вайну, Радзіму і волю. Паэт — не толькі чалавек, прызначаны на пакуту, вершы — не толькі магчымасць ператварыць боль і каханне ў слова. На творчасць можна глядзець інакш, і некаторыя вершы зборніка сведчаць, што Таццяна Сівец, магчыма, паспрабуе гэта зрабіць. Прыкладна палову кнігі складаюць пераклады, сярод якіх нямала выдатных твораў.

Помнік літары «Ў».

Калі сябры журы па чытанні паэтычных зборнікаў Людмілы Кебіч, Марыі Кобец і Таццяны Сівец захочуць адпачыць душой ад напружаных адносін лірычных герояў, то могуць разгарнуць, напрыклад, кнігу Алеся Пісарыка «Весенний поцелуй». Тут большасць вершаў прысвечана шчасліваму каханню, якое згадваецца ў акружэнні бэзавай квецені, салаўіных спеваў і анёлавых крылаў. Гэтак жа ўзнёсла і радасна Алесь Пісарык піша пра прыроду і родныя краявіды.

Яшчэ адна кніга, якая паляпшае настрой, — зборнік гумарыстычных вершаў Віктара Рэчыца «Паўцарства за ўсмех». Вясёлы калейдаскоп самых розных побытавых сітуацый, сямейных канфліктаў і павучальных гісторый дапамагае глядзець на жыццё з аптымізмам.

Бадзёры настрой перамагае меланхолію і ў кнізе Алеся Жыгунова «У храме радасці і смутку». Адметнасць гэтага зборніка — пачуццё свойскасці, бо лірычны герой не засяроджаны на складаных перажываннях, галоўнае для яго — стасункі са сваякамі, суседзямі, сябрамі. У сталым узросце усё часцей даводзіцца згадваць бацькоў і добрых знаёмых, якія даўно пакінулі гэты свет. У кнізе Алеся Жыгунова памяць робіць чалавека больш трывалым, замацоўвае непарушную сувязь мінулага і будучыні.

Зборнік Рагнеда Малахоўскага «Клічнікі дажджу» стаў нагодай для рэцэнзіі Жаны Капусты «У прадчуванні верша» («ЛіМ», № 41, 14 кастрычніка 2016), якая будзе выдатнай перасцярогай-папярэджаннем для маладых творцаў. Многія вершы Рагнеда Малахоўскага маюць арыгінальную ідэю, але ў пэўны момант замест таго, каб усцешыць чытача новым паваротам думкі альбо цікавым вобразам, аўтар напускае звыклага «паэтычнага туману», што прыкметна ўплывае на агульную ацэнку зборніка.

Унікальная кніга, якая намініруецца на Нацыянальную літаратурную прэмію, — «Венец природы» Мікалая Сярова. Гэта чатырнаццаты вянок вянкоў санетаў, які ўваходзіць у вянок вянкоў вянкоў санетаў Corona areala corona sonnets. Такога кшталту вопыт, у поўным аб’ёме здзейснены і апублікаваны, пакуль невядомы ў гісторыі літаратуры.

Дзякуючы працы ілюстратара Валерыі Яршовай, кніга мае годнае мастацкае афармленне. Што да зместу, то аўтар прыгожа і паэтычна піша пра веліч і таямніцу Боскай задумы, сэнс чалавечага і ўсеагульнага існавання, зносіны чалавека з Богам. Але калі знакамітыя санеты Шэкспіра сутнасныя і ёмістыя, то ў вершах Мікалая Сярова зашмат трывіяльнага. Зрэшты, няма сумненняў, што «грандыёзная праца аўтара ўнікальная ў маштабах сусветнай літаратуры, і ўжо таму прыцягне ўвагу чытачоў, якія напраўду шануюць паэзію».

Яшчэ больш прывабіць чытачоў зборнік Анатоля Аўруціна «Просветление». У параўнанні з абстрактнай паэзіяй папярэдніх аўтараў, у творах Анатоля Аўруціна адлюстравана шмат жыццёвых рэалій: звыклыя рэчы могуць стаць паэтычнымі сімваламі, побытавыя сітуацыі дазваляюць узгадаць пра супярэчнасці і праблемы. Аўтар прадмовы Вячаслаў Люты бачыць тут «раскол между идеалом и горемычным земным бытом». Сапраўды, многія творы нагадваюць пра недасканаласць жыцця, але ў тым, магчыма, і цуд сапраўднай паэзіі, што гармоніяй слоў і трапнасцю радка яна адкрывае вышыню, нагадвае пра магчымасць прыгажосці ды нейкага вышэйшага суладдзя, і з гэтым адчуваннем вальней і радасней жыць у свеце. Таленавіты творца не апускаецца да таго, каб з сур’ёзнай нагоды перакідвацца ўрачыстымі, мілагучнымі словамі. Разам з тым кніга Анатоля Аўруціна дазваляе апынуцца ў тым выкшталцоным свеце паэзіі, дзе ліхтары, пальчаткі, рэдакцыя з друкаркай, Аляксандр Пушкін і Адам Міцкевіч, Барыс Пастарнак і Ганна Ахматава...

Напрыканцы хацелася б працытаваць верш Анатоля Аўруціна, які натхняе, асвятляе і нагадвае:

Лампочка

Как трудно освещать и лицезреть

Всего лишь стол, чернильницу, лекало…

И с полным напряжением гореть,

Когда иные тлеют вполнакала.

Выхватывать склоненные черты,

Их на стене размножить непохоже...

 «А если, — убеждать себя, — не ты,

То кто же это сделает, то кто же?

На большее способна — не судьба…»

Простужено гудеть от напряженья

И чувствовать — как всё-таки слаба

Вольфрамовая ниточка горенья!..

Светить всю ночь, до медлящей зари,

Потом перегореть в рассветном гуле,

Чтоб кто-то удивился:

«Ты смотри,

А ведь недавно, кажется, ввернули…»

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.