Вы тут

Выбудоўваў масты ўзаемаразумення


Адна з удзельніц круглага стала, што пройдзе ў рамках Дня беларускага пісьменства, — Святлана АНАНЬЕВА, загадчыца аддзела аналітыкі і знешніх літаратурных сувязей Інстытута літаратуры і мастацтва імя М. О. Ауэзава (Алматы, Казахстан). Цікавасць да асобы Скарыны, на яе думку, тлумачыцца яго імкненнем выбудоўваць міжкультурны дыялог:


— Асоба рэнесанснага тыпу Францыск Скарына — сімвал чалавека высокаадукаванага (доктар філасофіі і доктар медыцыны), цікавая перш за ўсё сваёй біяграфіяй і ініцыятывамі, накіраванымі на тое, каб яго сучаснікі палюбілі кнігу. Першадрукар, выдавец, перакладчык... Ён фактычна 500 гадоў таму выбудоўваў масты ўзаемаразумення і супрацоўніцтва. Знаходзячыся пастаянна ў дарозе (Полацк, Вільня, Кракаў, Падуя, Венецыя, Маскоўскае княства...), злучаў культурныя і навуковыя цэнтры Еўропы, знаёміў з беларускім словам жыхароў розных краін.

Вядомы Францыск Скарына і ў Казахстане. У красавіку гэтага года ў Алматы на IX Міжнароднай кніжнай і паліграфічнай выстаўцы «Па Вялікім шаўковым шляху — 2017» сярод экспанатаў стэнда «Кнігі Беларусі» вялікую цікавасць выклікала анталогія «Францыск Скарына на мовах народаў свету», у якую ўвайшлі пераклады класіка беларускай літаратуры на 64 мовы. Цёплыя і шчырыя словы аб супрацоўніцтве з беларускімі выдаўцамі сказаў галоўны рэдактар часопіса «Жулдыз» вядомы паэт Улугбек Есдаўлет. Дзякуючы яму, Францыск Скарына загучаў на казахскай мове. Складальнікі кнігі выказваюць падзяку Кайрату Бакбергенаву за арганізацыю паэтычных перакладаў на курдскую (Гасанэ Хаджысулейман), уйгурскую (Гульнар Аўтава), карэйскую (Кім Бён Хак) мовы.

— Чым цікавая і прывабная культура сучаснай Беларусі?

— Мінск сёння становіцца цэнтрам палітыкі міралюбнасці, добрых ініцыятыў, эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва. Культура сучаснай Беларусі прывабная сінтэзам традыцый этнакультуры і сучасных павеваў, адраджэннем гістарычнай памяці, сваёй разнастайнасцю, новымі імёнамі і адкрыццямі, знакавымі фестывалямі. Імпануе ініцыятыва міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліі Станіславаўны Ананіч аб вяртанні традыцыі: свая бібліятэка ў кожнай кватэры і кожнай хаце, бо кніга — крыніца ведаў і сімвал духоўнасці.

Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час» трэці год запар праводзіцца ў Мінску. Гэта сучасная пляцоўка для абмену думкамі па актуальных літаратурных і агульнацывілізацыйных пытаннях, яна служыць захаванню духоўна-маральных асноў развіцця грамадства і дзяржавы, раскрыццю каштоўнаснага патэнцыялу літаратуры ў сучасным шматнацыянальным і шматканфесійным соцыуме. Пытанні развіцця кніжнай культуры, вывучэння тэндэнцый выдавецкай палітыкі, ролі культуры і літаратуры ў мастацкай і эстэтычнай адукацыі асобы актуальныя для ўдзельнікаў штогадовай Мінскай Міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. У Беларусі не забываюць пра пераемнасць культур і літаратур, ладзяцца творчыя конкурсы для маладых мастакоў слова, міжнародныя тэатральныя і музычныя фестывалі. Гэта радуе і натхняе, таму што спрыяе пашырэнню і ўмацаванню агульнай гуманітарнай прасторы.

— Сучасныя літаратурныя кантакты ўплываюць на развіццё нацыянальных літаратур?

— Безумоўна, уплываюць. Пра гэта мы гаворым (і не адзін год) на міжнародных круглых сталах у рамках Дзён беларускага пісьменства, лейтматывам якіх выступае агульнасць нашых духоўных пошукаў. Вопыт міжнароднага культурнага супрацоўніцтва абагульняецца ў Мінску, Смаргоні, Быхаве, Заслаўі, Рагачове і іншых гарадах пастаянна, што дазваляе не толькі падводзіць вынікі, але і бачыць перспектывы. Новыя матэрыялы пра нацыянальныя літаратуры краін СНД і далёкага замежжа, проза і паэзія, перакладныя творы размяшчаюцца на інтэрнэт-партале «Сугучча». Гэта ўнікальны праект, які рэалізуецца ў Беларусі. Ён накіраваны на аднаўленне страчаных літаратурных і творчых сувязей паміж нашымі краінамі, папулярызацыю сучаснай і класічнай літаратуры. Інфармацыя размяшчаецца аператыўна і ўяўляе вялікую цікавасць як для спецыялістаў-філолагаў, мастацтвазнаўцаў, перакладчыкаў, так і для шырокага кола чытачоў.

Я падзяляю пункт гледжання дырэктара Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Івана Саверчанкі: «літаратура не можа развівацца без літаратуразнаўства». Каторы год на старонках часопісаў «Полымя» і «Нёман» публікуюцца творы пісьменнікаў, паэтаў Казахстана Нурлана Аразаліна, Валерыя Міхайлава, Назікен Алпамыскызы, Надзеі Чарновай, Амантая Ахетава, Галыма Жайлыбая, Любові Шашковай, Рымы Арцем’евай і іншых. Значным складнікам у часопісе «Нёман» на працягу апошніх гадоў сталі артыкулы казахстанскіх літаратуразнаўцаў аб сучасным сусветным літаратурным працэсе і рэцэнзіі на новыя кнігі. І як вынік нашага супрацоўніцтва — новая калектыўная манаграфія Інстытута літаратуры і мастацтва імя М.О. Ауэзава «Сусветны літаратурны працэс ХХI стагоддзя», якая адкрываецца раздзелам «Літаратура Беларусі» (аўтары А. Карлюкевіч і С. Ананьева).

 Падрыхтавала Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.