Вы тут

У Мінску стартавала кампанія супраць выкарыстання аднаразовых пасудзін


А запусцілі яе выпускніцы экалагічнага маладзёжнага адукацыйнага цэнтра «Экастарт» пры падтрымцы Цэнтра экалагічных рашэнняў і «Зялёнай сеткі». Мы пагаварылі з арганізатарамі і даведаліся пра мэты кампаніі, а таксама пра тое, якіх вынікаў ужо дасягнулі і плануюць дасягнуць мінчанкі.


Аднаразовы посуд — гэта тавар, пра выкарыстанне якога цяпер ужо нават не задумваюцца, так часта яго сталі ўжываць. Штодня ў кафэ прадаюць сотні літраў напояў «на вынас». Цікавая форма і яркія колеры кубачкаў прыцягваюць пакупнікоў. Аднак складана падлічыць, колькі рэсурсаў сыходзіць на выраб і транспарціроўку такога посуду, што ўжо казаць пра адходы, якія застаюцца пасля выпітага змесціва.

Каб скараціць колькасць смецця, не абавязкова мяняць свае звычкі, дастаткова іх трохі перагледзець. І для пачатку арганізатары кампаніі прапануюць аматарам гарбаты, кавы і іншых напояў «на вынас» браць з сабой у кафэ шматразовы кубак.

— Адмова ад аднаразовых кубачкаў — гэта яшчэ адзін маленькі крок у межах канцэпцыі «Zеrо wаstе» («нуль адходаў»), якую распрацоўвае цяпер Цэнтр экалагічных рашэнняў. Пакуль мы не можам паўплываць на забарону выкарыстання аднаразовага посуду, але спадзяёмся, што наша ідэя дапаможа людзям перагледзець свае звычкі на карысць больш экалагічна дружалюбных, — расказала адна з арганізатараў кампаніі, супрацоўніца Цэнтра экалагічных рашэнняў Наталля Блышчык.

Па словах эксперта, экалагічнасць нават папяровых пасудзін для кавы — гэта міф. Такія кубачкі пакрыты знутры поліэтыленавай плёнкай, якую вельмі складана аддзяліць, таму іх у нас у краіне не перапрацоўваюць. Пластыкавыя пасудзіны не толькі не паддаюцца перапрацоўцы, паколькі выраблены з полістыролу (знак «РS» ці лічба 6 у трохвугольніку на ўпакоўцы), але і пры кантакце з гарачымі напоямі лічацца патэнцыйна небяспечнымі.

— Калі вы не ўяўляеце сваё жыццё без пластыкавых кубачкаў, то заўсёды звяртайце ўвагу на маркіроўку, — адзначыла Наталля Блышчык. — ПЭТ-бутэлькі і іншую тару («ПЭТ», «РЕT», «РЕТЕ» або «1» у трохвугольніку), у якую часцей за ўсё наліваюць ваду, катэгарычна забаронена выкарыстоўваць паўторна, бо пачынаецца выдзяленне фармальдэгідфталатавай сумесі. Плюс такога пластыку ў тым, што ён перапрацоўваецца. Самыя небяспечныя як для здароўя чалавека, так і для навакольнага асяроддзя — пасудзіны з полівінілхларыду («ПВХ», «РVС», «V» ці лічба 3 у трохвугольніку). ПВХ да гэтага часу не забаронены для вырабу посуду і харчовай тары, хоць можа выдзяляць таксічныя для арганізма бісфенол А, фталаты, фармальдэгід і вінілхларыд. Да таго ж гэты пластык не перапрацоўваецца. Для шматразовага скарыстання падыходзіць толькі пластык з поліпрапілену («ПП», «РР» ці «5» у трохвугольніку). Ён адносна бяспечны.

Каб ператварыць ідэю ў жыццё, першае, што зрабілі арганізатары, — звярнуліся ў Міністэрства аховы здароўя з пытаннем аб законнасці выкарыстання прынесенага з сабой посуду. Як высветлілася, па санітарных нормах наліваць напоі ў кубак пакупніка не забаронена. Адзінае — посуд павінен быць чыстым і без пашкоджанняў.

Прасіць барыста «У мой кубак, калі ласка!» можна ў любой кавярні. Ёсць ужо і ўстановы, якія актыўна далучыліся да кампаніі. Тут не толькі не адмовяць наліць напой у ваш посуд, але яшчэ і зробяць зніжку. Сёння такіх устаноў — 8, у бліжэйшы час з'явіцца яшчэ 7. З іх некалькі кафэ знаходзяцца ў рэгіёнах. Інфармацыю можна знайсці на сайце кампаніі mусuррlеаsе.tіldа.ws.

— Мы праводзім інфармацыйную работу, стараемся прыцягнуць да супрацоўніцтва як мага больш устаноў. Вельмі радуе, што многія ўладальнікі кафэ пасля запуску кампаніі самі да нас звяртаюцца. Устаноў, катэгарычна настроеных супраць, мы не сустракалі. Камусьці проста нецікавая гэта тэма, нехта пакуль не ўсведамляе важнасць кампаніі. Усяго два кафэ адмовілі нам, але астатнія настроены пазітыўна, — падзялілася Наталля Блышчык. — Асноўнае наша патрабаванне — каб ва ўстановах вісеў інфармацыйны стэнд. Таксама ў некаторых кавярнях цяпер можна купіць шматразовы кубак (у «меню» з'явілася пазіцыя СuрСаkе).

Далучыцца да кампаніі можа кожны. Выкарыстоўвайце свае кубкі і выкладвайце ў сацыяльныя сеткі фота і гісторыі з хэштэгам #mу_сuр_рlеаsе і # кава_у_кубачак!

Кацярына КІРЭЕВА

kаtуаkіrееvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: «У мой кубак, калі ласка!»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.