Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Цяжка быць дыпламатам... Нават народным

Аднойчы пасля водпуску я трапіў у... водпуск, амаль на тыдзень. Як атрымалася? Раскажу.

Значыць, не паспеў я, адгуляўшы свае трыццаць дзён, уліцца ў калектыў ды з усімі павітацца, як выклікае мяне начальства ў асобе намесніка дырэктара. Так і так, пытае: ці добра адпачыў?.. І адказу майго не чакае — гне сваё: ну, калі нядрэнна, маўляў, то прымай даручэнне. Заўтра да нас прыязджаюць венгры з досыць цікавымі прапановамі наконт аўтаматычных ліній па атрыманні сокаў. Трэба прыняць як блізкіх сяброў: пасяліць у гасцініцу, вырашыць пытанне з харчаваннем, прадумаць культурную праграму, суправаджаць у час паездак...

Карацей, кажа Яфімавіч, кіраўніцтва табе давярае. Урэшце ўручае канверт з грашыма (так бы мовіць, матэрыяльнае забеспячэнне)...

Ну што тут будзеш рабіць? Адмаўляцца? Ды неяк не выпадае...

Значыць, распачаў я дзейнасць «згодна з намечаным планам»: жыллё, харчаванне, сустрэча гасцей...

Імі аказаліся два венгры і адна венгерка, узрост — плюс-мінус сорак, прычым адзін з мужчын (не такі страшны чорт, як яго малююць!) раней вучыўся і працаваў у Расіі...

Адпаведна — патрэба ў перакладчыку адпала адразу. Да таго ж госці былі на дзіва свойскімі, кампанейскімі, так што мы з імі досыць плённа працавалі і гэтак жа цікава жылі: чаргавалі дзелавыя візіты ды перагаворы з паходамі ў музеі і тэатры...

Тут трэба сказаць адну важную рэч: гэта з боку венграў быў, так бы мовіць, візіт у адказ, бо напярэдадні наша начальства на чале з гендырэктарам ездзіла ў Будапешт. Іх там вельмі цёпла прымалі... А што найбольш уразіла, дык гэта безліч рэстаранчыкаў ды кавярняў, якія яны стараліся не абмінаць.

«Нам таксама іх трэба ўразіць», — паставіў задачу дырэктар. У выніку на сераду мы адмянілі ўсе дзелавыя сустрэчы, пасадзілі гасцей у аўтобус і павезлі ў бок Налібоцкай пушчы — у сваю падшэфную гаспадарку. А паколькі яна знаходзілася на мяжы трох раёнаў Міншчыны, туды ж завіталі «дэлегаты» з суседніх гаспадарак. Я, можна сказаць, аслупянеў, убачыўшы безліч скрынак, торбаў і пакункаў, з якіх — апроч іншага — вытыркаліся рыльцы бутэлек...

Карацей, гаспадары «накрылі паляну», насмажылі шашлыкоў, наварылі юшкі. Тостаў прамовілі не менш, чым на Каўказе, прычым пілі — выключна гарэлку, мясцовую, на гаючых травах... Смаката, вам скажу!.. Госці і тыя прызналі, што гэта не горш, чым іхнія фірменныя «Па́лінка» ды «Унікум».

Я таксама «накаціў» бы, як сёння кажуць, але ж адчуваў персанальную адказнасць за гасцей, а таму (быў грэх, аб якім дагэтуль шкадую!) час ад часу выліваў гарэліцу пад стол на траву.

...На зваротным шляху госці што сілы галасілі «Мама, чаа» (іншых слоў ды іншых песень чамусьці не помнілі).

Нічога не скажаш: файна пасядзелі!

...Перад ад'ездам я наведаў іх новых сяброў у гасцініцы, падарыў на ўспамін традыцыйную «Белавежскую». Мы трохі пасядзелі, пагаманілі.

На гэтай хвалі і развітвацца б, але мне раптам захацелася яшчэ большай цеплыні ў адносінах, і я на нешта сказаў гасцям пра свайго дзядулю, які ў 45-м, вызваляючы Венгрыю, загінуў каля возера Балатон.

Памянуўшы яго, мы змоўклі, і я ў хуткім часе пайшоў.

Па дарозе дамоў думаў: які цяжкі хлеб у нашых дыпламатаў! Колькі трэба ведаць і ўмець, як добранька думаць, перш чым сказаць... Бо мог жа ляпнуць яшчэ, што ў вайну ў нашай вёсцы мадзьяры стаялі — хаўруснікі акупантаў... І — хто ведае — можа, гэта былі дзяды маіх новых сяброў?

Іван Гаральчук, г. Мінск


Помста

...«Ты ведаеш, каго я сягоння падстрэліў?» — пытаецца паляўнічы ў знаёмага доктара. «Ведаю, касога, я толькі што яму перавязку зрабіў», — адказвае той. І тым самым... пазбаўляе чалавека цудоўнай магчымасці нешта збрахаць. Ды і сябе... Нештачка такое пачуць, бо рыбаловы ды паляўнічыя (вы ж ведаеце) жывы не будуць, каб не расказаць пра свае незвычайныя прыгоды, пра свае трафеі: то ў іх шчупакі на размах рукі, то зайцы не меншыя, чым па пудзе. І пры гэтым такія змыслыя...

Міхась, як мне расказвалі, прыроджаны паляўнічы. Хваліўся, што яшчэ дзед яго завальваў мядзведзя (не ўдакладняў, праўда, дзе той буры вадзіўся)... А бацька дык і наогул — жывога зайца злавіў! Як? Не паверыце: заціснуўшы... нагамі, калі той паміж імі хацеў прашмыгнуць.

Былі прыгоды і ў самога Міхася.

Неяк раз у складзе паляўнічай брыгады, апрануты ў белы маскіровачны халат, стаіць ён на нумары. Як тут раптам заяц — сабакі паднялі... І ляціць — проста на яго! Міхась ускідвае стрэльбу і...

Усё акурат як у Тараса-палясоўшчыка: «Злажыўся стрэльбай — кляпсь! — не паліць, / Крамзель з другога! — не пякець!»

Міхась тады стрэльбу ўбок і — на кукішкі: рукі-ногі развёў і застыў — чакае...

Як казалі старыя егеры, нічога дзіўнага ў тым няма. У зайцоў лепш «працуе» бакавы зрок, а перад сабой заяц нікога не ўбачыць. Ляціць... Але ж... міма. Міхась кідэц на яго...

З паўхвіліны валтузня ў снезе ішла. Потым з яго вылятае спалоханы заяц, адбягае метраў на дзесяць, замірае на задніх лапках і глядзіць на Міхася. Той, бедны, зноў за стрэльбу. Хоча зарадзіць і не можа: не то рукі ад хвалявання трасуцца, не то патроны ад наліплага снегу ў ствол не лезуць.

Карацей, касавокі пачакаў быў працягу гульні і, убачыўшы, што марна, падаўся ў бок хмызняку.

— Мабыць, заяц няпросты быў, — прызналі сябры Міхася. — Мабыць, гэта... нашчадак таго самага зайца, якога твой бацька, Міхась, нагамі злавіў. Адпомсціў за продка.

...Пра гэтую помсту мне расказаў мой былы аднакурснік і, дарэчы, таксама падпісчык «Звязды». Ён у складзе той паляўнічай брыгады на суседнім нумары стаяў, бажыўся, што ўсё на ўласныя вочы бачыў. Значыць, так яно і было?

Валерый Гаўрыш, г. Чавусы


Справа прынцыпу

...Адзін з вяскоўцаў згледзеў на вуліцы прыбраную суседку. Пытае: «Ну і куды ж ты гэтак спяшаешся?» — «У райцэнтр, — на хаду адказвае жанчына, — па сваёй патрэбе». — «А навошта гэтак далёка?»

Гэта — з назіранняў (праўда, у вольным пераказе) Янкі Брыля, а зараз — з нашых... і таксама чыстая праўда.

У 1931 годзе мінулага стагоддзя ў жыцці сельскіх жыхароў паўночнай часткі Петрыкаўскага раёна адбылася вялікая падзея: па новай чыгунцы, якая працягнулася ад Старушак да Бабруйска, пайшлі цягнікі. Першы з іх сустракалі і дарослыя, і дзеці, бо свята ж, бо не было тады ні добрых дарог, ні аўтамабіляў. А тут на табе: з Палесся, з гэтага глухога куточка, едзь куды хочаш! Для людзей столькі новых магчымасцяў, столькі новых працоўных месцаў! Ды і па абноўкі вяскоўцы ездзілі найчасцей у Бабруйск...

Дзед Апанас таксама туды наважыўся — радню праведаць, абутак купіць.

Сеў у цягнік, едзе, наваколлем любуецца, усё прыкмячае. А поезд жа не проста кіламетры адлічвае, ён яшчэ і спыняецца: адны пасажыры выходзяць, другія заходзяць.

Вось і дзед Апанас на невялікай станцыі Сякерычы выйшаў з вагона, пастаяў на драўляным пероне, пакруціў галавой — агледзеўся ды падаўся ў бок прыбіральні, што тулілася трохі воддаль, у лазняку. Толькі даклыпаў да яе, толькі дзверы зачыніў, чуе — дзяжурны па станцыі ў звон свой стукнуў, паравоз загудзеў, цягнік... крануўся.

— Сто-ой! — закрычаў яму ўслед Апанас, на хаду зашпіляючы порткі.

Але ж машыніст гэту каманду не пачуў: поезд паімчаў далей і, на жаль, без дзеда.

— Гэта ж трэба, — не пачакаў, — уголас крыўдаваў стары.

— А дзе ж вы гэтак забавіліся? — заспачувалі яму іншыя пасажыры.

— Ды ў маленькі домік схадзіў, была патрэба...

— А навошта, дзівак-чалавек? У цягніку ж таксама прыбіральня ёсць. Можна было туды...

— Туды, — строга перапыніў Панас, — хай іншыя ходзяць... А я, людцы, не: хоць забіце не пайду. Не тое ў мяне выхаванне...

На гэтым слове дзед закінуў за плячо сваю торбачку з гасцінцамі для бабруйскай радні і па шпалах пакрочыў дамоў — кіламетраў за дзесяць.

Уладзімір Пугач, м. Навасёлкі, Петрыкаўскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькі прадуктаў і адзення нам неабходна для нармальнага жыцця?

Колькі прадуктаў і адзення нам неабходна для нармальнага жыцця?

Колькі малака і яек беларус ужывае за месяц? 

Грамадства

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

29—30 лістапада ў Мінску пройдзе міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава-форум «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» (ІTE-2017). 

Грамадства

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Што стрымлівае развіццё турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Калейдаскоп

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

Раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам.