Вы тут

Што павялічваецца і памяншаецца ў ЖКГ


Службы 115 з'явяцца па ўсёй Беларусі, а аб'ёмы капітальнага рамонту жылля павялічацца. Пра гэтыя і іншыя моманты работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі расказалі спецыялісты Міністэрства ЖКГ.


2,5 млн «квадратаў» — для капрамонту

Сёлета Мінжылкамгас плануе капітальна адрамантаваць больш за 2,5 млн квадратных метраў жылля і зрабіць гэта «ў поўным аб'ёме, з належнай якасцю і ва ўстаноўлены тэрмін», запэўніў Дзмітрый КАЗАНОЎСКІ, начальнік упраўлення эканомікі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Такая лічба азначае выхад на запланаваны на гэты год аб'ём капрамонту ў 2,3% (яшчэ ў 2010-м за год рамантаваўся толькі 1% ад усёй эксплуатаванай плошчы жылля ў Беларусі). Згодна ж з дзяржаўнай праграмай «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» аб'ёмы капрамонту да 2020 года павінны дасягнуць 3% у год.

За першае паўгоддзе бягучага года падчас капрамонту заменена 275 ліфтаў. каля 97 тысяч састарэлага асвятляльнага абсталявання заменена энергаэфектыўным. адрамантавана 4 тысячы 314 пад'ездаў.

Акрамя таго, сем'і, у якіх на аплату жыллёва-камунальных паслуг у горадзе прыходзіцца 20% даходу, а ў сяле — 15%, атрымалі за паўгоддзе 330 тысяч рублёў безнаяўных жыллёвых субсідый. Гэтая сума была падзелена паміж 11 тысячамі чалавек.

— Субсідыі ў памеры 15 рублёў атрымала каля 6,6 тыс. чалавек, астатнім выдзелена больш за 15 рублёў.
А ў сярэднім памер безнаяўных жыллёвых субсідый склаў каля 5 рублёў, — дадаў Дзмітрый Казаноўскі.

Нумар 115 — для ўсёй краіны

Яшчэ адно новаўвядзенне — адзіная дыспетчарская служба ЖКГ 115, якая пачала сваю работу ў сталіцы, а цяпер функцыянуе ў Віцебску і пачынае работу ў Барысаве, распаўсюдзіцца на ўсе абласныя і раённыя цэнтры краіны, паведаміў Генадзь АКСЦІЛОВІЧ, начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і сродкамі масавай інфармацыі Мінжылкамгаса:

— Гэтая служба — станоўчы вопыт перш за ўсё для спажыўца. Яна забяспечвае адсутнасць неабходнасці шукаць тэлефоны арганізацый, што аказваюць тыя ці іншыя паслугі. Адпаведна, у арганізацый, якія ажыццяўляюць жыллёва-камунальныя паслугі, няма магчымасці здзейсніць маніпуляцыі са скаргамі ці ўтаіць іх, бо кантраляваць выкананне заявак можна ў рэжыме анлайн.

Ён дадаў, што служба 115 стваралася дзеля ўдасканалення работы са зваротамі грамадзян і забеспячэння належнага аказання паслуг насельніцтву. За першае паўгоддзе 2017-га, дарэчы, колькасць зваротаў грамадзян скарацілася на 19%, а палова з іх характарызуецца як кансультацыя ці патрэба ў растлумачэнні. Ускосна гэта таксама паказчык якасці аказаных паслуг.

Памяншэнню колькасці зваротаў, на думку Генадзя Аксціловіча, садзейнічала і ўкараненне з 2014 года прэтэнзіённага парадку разгляду зваротаў. Арганізацыям ЖКГ даецца на работу са зваротам грамадзян па якасці аказаных камунальных паслуг не 15 ці 30 дзён, а адзін дзень. Пры гэтым меры рэагавання павінны прымацца адпаведна тэхнічным нарматыўным актам, што складае, як правіла, ад аднаго да сямі дзён, а ў выпадку аварыі — неадкладна.

Зніжэнне затрат на паслугі ЖКГ — таксама станоўчы момант у рабоце міністэрства, упэўнены Дзмітрый Казаноўскі. За першае паўгоддзе яны зменшыліся на 5,7% у параўнанні з мінулагоднімі лічбамі за студзень—чэрвень. Такім чынам удалося зэканоміць 52,15 млн рублёў.

Такое памяншэнне дасягнута за кошт энергазберагальных мерапрыемстваў, зніжэння тэхналагічных страт цеплавой энергіі і вады, расходаў на прыродны газ. Аўтаматызацыя працэсаў і зніжэнне накладных расходаў таксама паспрыяла гэтаму выніку.

Начальнік аддзела эканомікі адзначыў таксама некалькі буйных праектаў сістэмы ЖКГ: будаўніцтва смеццеперапрацоўчага завода і ўдасканаленне сістэмы абыходжання з адходамі ў Гродне, работы па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў у Брэсце, Віцебску, Гродне, будаўніцтва біягазавых комплексаў у Баранавічах і Слоніме.

Ірына СІДАРОК

sidarok@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.