Вы тут

Фотаздымак з гісторыяй


З Уладзімірам Палякшанавым я знаёмы ўжо некалькі гадоў. Жывём па суседстве, нярэдка сустракаемся на вуліцы ці ў крамах, і заўсёды ў нас ёсць аб чым паразмаўляць. Так вось і даведаўся я, што ён калісь вучыўся ў лесатэхнікуме з маім старэйшым братам. Гутарка тады перакінулася і на іншыя тэмы, што ў далейшым і замацавала наша знаёмства. А напярэдадні сёлетняга Дня абаронцы Айчыны мы глядзелі ў яго кватэры тэлеперадачы пра разгром нямецка-фашысцкіх полчышчаў.


— Калі пачалася вайна, — кажа суразмоўнік, — мне было восем гадкоў, і я добра памятаю асобныя эпізоды свайго дзяцінства. Вось адзін з іх. Двое немцаў забралі ў нас коніка. Старэйшы сеў на яго, а маладзейшы ўзяўся за аброць. Калі немцы аддаліліся ад нашай хаты метраў на пяцьдзясят, мой брат Толік так прарэзліва свіснуў, што конік узбрыкнуў, і немец апынуўся на зямлі. Фашысты ўхапіліся за аўтаматы і подбегам назад. А мы паспелі ўжо зашыцца ў салому.

Уладзімір Фёдаравіч успамінае, як немцы пагражалі вяскоўцам расправай, калі хто не будзе падпарадкоўвацца новым парадкам, як рабавалі яны народ, як павесілі старасту за сувязь з партызанамі, як аднойчы з іншым братам Рыгоркам ён уратаваўся ў каноплях, калі над полем праляталі дзве нямецкія «рамы» і адкрылі агонь па іх. Не можа забыць ён і той дзень, калі пасля вызвалення вёскі пайшоў купацца ў кар'ер, а там жудасць: дзясяткі трупаў чырвонаармейцаў. Як без адной нагі вярнуўся з вайны пехацінец бацька, як Палякшанавы нарэшце атрымалі пісьмо ад старэйшага сына і брата Васіля, якому ўдалося пазбегнуць прымусовага ўгону ў Германію і апынуцца ў партызанскім атрадзе, а затым уступіць у Чырвоную Армію і дайсці да Берліна.

— Да вайны, — працягвае свой аповед Уладзімір Фёдаравіч, — наша сям'я з васьмі чалавек жыла ў вёсцы Бахань Слаўгарадскага раёна. Бацька Фёдар Аляксеевіч узначальваў у калгасе садаводчую брыгаду, а маці Фёкла Цімафееўна займалася хатняй гаспадаркай. У пачатку трыццатых гадоў бацькі, ратуючы нас ад голаду, вырашылі пераехаць у Чалябінскую вобласць. Аднак там да голаду і холаду дабавіліся яшчэ і хваробы. Брацік Коля памёр на станцыі Шуміха, а сястрычка Юля — у Маскве, калі мы вярталіся ў Беларусь. Пасля вайны ў нас нарадзіліся Валя і Мая.

Фёдар Аляксеевіч і Фёкла Цімафееўна выхоўвалі дзяцей у працы, вучылі іх быць годнымі, паважлівымі да людзей, стараннымі, іншым разам паказваючы ім бацькоўскую папружку ці матчыны матузы. Для парадку, для дысцыпліны, што ўкладвалася ў звычайны лад жыцця і не шкодзіла справе. Дзякуючы гэтым і іншым метадам выхавання ўсе іх дзеці пайшлі па жыцці роўнай дарогай. Васіль, напрыклад, даслужыўся да генерал-маёра. Ён адзначаны шаснаццаццю ўрадавымі ўзнагародамі. Анатоль пасля заканчэння Віцебскага ветэрынарнага інстытута шчыраваў галоўным ветурачом у Рагачоўскім раёне. Уладзімір з дыпломам Маскоўскага машынабудаўнічага інстытута займаў адказныя пасады на прадпрыемствах Гомеля. Рыгор аддаў лепшыя гады жыцця Доўскай эксперыментальнай базе (Рагачоўскі раён) і саўгасу «Чырвонакастрычніцкі» Буда-Кашалёўскага раёна. Ён з'яўляецца кавалерам двух ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі, «Знак Пашаны», мае іншыя высокія ўзнагароды і званні.

На гэтым свеце няма ўжо Фёдара Аляксеевіча, Фёклы Цімафееўны, Васіля і Анатоля Фёдаравічаў. Але іх добрыя справы жывуць у людской памяці і ў тых наказах, якія яны далі сваім сынам, дочкам, унукам і праўнукам.

Уладзімір Пернікаў, г. Гомель

Шаноўныя чытачы! Конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома. Здымкі (не больш за тры) з невялікай гісторыяй дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а, 220013, г. Мінск або іnfо@zvіаzdа.bу. Найлепшага аўтара чакае прыз. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца.

Загаловак у газеце: Моцныя карані і парасткі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.