Вы тут

Фотаздымак з гісторыяй. Памятаем і ганарымся


Гэтых фотаздымкаў у нашай сям'і засталося ўсяго некалькі, і яны беражліва захоўваюцца. На адным з іх мае бабуля і дзядуля — Цвірка Антон Лаўрэнцьевіч і Марыя Ксенафонтаўна са сваім сынам у тым далёкім 1933 годзе. Жылі яны ў вёсцы Пукава (цяпер Камсамольскае) Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Маладыя, энергічныя, поўныя сіл і спадзяванняў. Тады яны яшчэ не ведалі, праз якія выпрабаванні прыйдзецца прайсці.


Да вайны дзядуля быў адным з арганізатараў калгасаў у сваім раёне. 15 лютага 1933 года ў Маскве пачаў сваю работу Усесаюзны з'езд калгаснікаў-ударнікаў. Сярод 44 прадстаўнікоў ад Беларусі ў ім прымаў удзел і мой дзядуля — Антон Лаўрэнцьевіч Цвірка. У сваім выступленні напярэдадні ад'езду ў сталіцу ён гаварыў: «Падохнеце з голаду!» — смяяліся з нас кулакі і падкулачнікі. Але выйшла зусім інакш. У 1931 годзе ў наш калгас уступіла 117 гаспадарак...» З Масквы дзядуля прыехаў у свой родны калгас «Баявік» поўны сіл і энергіі. Дзяліўся са сваімі роднымі і землякамі ўражаннямі аб Маскве.

Не скажаш, што жыццё было лёгкае. Але была надзея на нешта лепшае. Вайна перарвала ўсё. Дзядуля добраахвотнікам пайшоў на фронт, хоць і меў «бронь» па хваробе. Але ён, камуніст, не мог інакш. Бабуля засталася адна з трыма дзецьмі. Тое, што ёй прыйшлося вынесці, цяжка было слухаць без слёз на вачах.

Летнім ранкам 1941 года вёску акружылі карнікі. Нямецкія салдаты зайшлі ў хату бабулі. Але гэта былі проста салдаты, на руках у іх не было спісаў з прозвішчамі тых, каго патрэбна знішчыць. Яны частавалі дзяцей цукеркамі, абліваліся вадой каля калодзежа. Здаецца, нічога страшнага не адбывалася, але бабуля адчула небяспеку. Яна шапнула старэйшаму сыну, каб той з сёстрамі ўцякаў з хаты. Пасля непрыкметна выйшла і сама. Схаваліся ў бульбоўніку. І тут з'явіліся эсасаўцы, хата запалала. Сям'я камуніста павінна была быць знішчана. Бабулі разам з дзецьмі ўдалося адпаўзці ў старое рэчышча. За некалькі крокаў ад іх прайшоў паліцай, але не заўважыў. У той жудасны дзень нямногім удалося выратавацца. Знішчаны былі сем'і камуністаў, яўрэяў, вясковых актывістаў.

Пасля жылі ў партызанскім сямейным лагеры да заканчэння вайны. Прыйшлося перажыць і голад, і блакаду. У час блакады пры пераправе цераз раку бабуля прывязвала да сябе вяровачкай малодшую дачку, маю маму, каб не згубіць дзіця. Старэйшы сын Леанід дапамагаў разведчыкам, за гэта быў узнагароджаны медалём.

Пасля вызвалення Беларусі вярнуліся дамоў, на папялішча. Выкапалі зямлянку. Але, нягледзячы на ўсё, бабуля будавала хату, вучыла дзяцей. Яна ўсё верыла, што яе Антон вернецца. Але прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак у 1944 годзе.

Я заўсёды буду ганарыцца сваімі роднымі, хачу, каб іх жыццё стала для маіх дзяцей прыкладам мужнасці, стойкасці, непакорнасці лёсу. Буду старацца, каб агеньчык памяці ў нашай сям'і ніколі не патух, каб маладое пакаленне ганарылася сваімі продкамі і перадавала гэтыя ўспаміны сваім дзецям.

Таццяна Шыдлоўская, Уздзенскі раён, аг. Слабада

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?