Вы тут

Будзем разам!


Неўзабаве пасля 135-годдзя Янкі Купалы, якое адсвяткавалі ў Вязынцы, адбылася другая значная для ўсёй беларускай супольнасці падзея, цяпер ужо ў сталіцы, — VII З’езд беларусаў свету, арганізаваны Міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”». У з’ездзе ўзялі ўдзел 228 дэлегатаў, з якіх 115 — прадстаўнікі беларускага замежжа з 20 краін свету. Мерапрыемства адбываецца нячаста — толькі раз на чатыры гады. Яго можна лічыць унікальнай нагодай для беларускай грамады, каб сустрэцца ды абмеркаваць пытанні супрацы дыяспары і мітраполіі.


Маштаб з’езда, вядома, уразіў і прысутнымі асобамі, і тэмамі іх дакладаў, якія прагучалі падчас працы асноўнай панэлі ды тэматычных секцый. З вітальнымі выступамі да беларусаў замежжа звярнуліся прадстаўнікі дзяржаўных устаноў: Уладзімір Макей, міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь, і Васіль Чэрнік, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь.

 — Так сталася, што мы з вамі жывём сёння ў розных дзяржавах, у розных культурных асяроддзях. Але ёсць тое, што аб’ядноўвае ўсіх нас, тое, што з’яўляецца нябачнай, але вельмі трывалай повяззю. Гэта любоў да Беларусі, да яе культуры, традыцый, духоўнай спадчыны, — прамовіў Уладзімір Макей.

З’езд беларусаў свету, з аднаго боку, — афіцыйнае мерапрыемства, а з іншага — пляцоўка для сяброўскай сустрэчы беларусаў, якіх аб’ядноўвае клопат пра захаванне беларускай мовы, культуры і гісторыі. Усё ж беларусы дыяспары не чужыя, а свае, хоць ад Радзімы іх аддзяляюць сотні ды тысячы кіламетраў. Па словах міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, за мяжой пражывае ад трох да чатырох мільёнаў суайчыннікаў. Гэта магутная рухальная сіла, якая можа спрыяць развіццю краіны і яе ўмацаванню за мяжой. Каб наладзіць стасункі і падтрымаць беларусаў замежжа, у 2014 годзе быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб беларусах замежжа», які юрыдычна замацаваў статус «беларус замежжа» і заклаў заканадаўчую базу для супрацоўніцтва з дыяспарай.

 Сёлетні сёмы з’езд быў прысвечаны тэме «Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць, беларускае замежжа — выклікі сучаснасці і стратэгія развіцця». Таму невыпадкова, што асноўная ўвага дэлегатаў і гасцей была засяроджана на пытанні супрацоўніцтва дыяспары і мітраполіі. Як вынік плённай працы з’езда — прапановы да дзяржаўнай стратэгіі «Беларусь-дыяспара» на перыяд да 2025 года. Прынятыя на з’ездзе дакументы актуалізуюць агульнанацыянальныя пытанні, а ўзнятыя ў іх праблемы тычацца кожнага беларуса, незалежна ад краіны пражывання ды сферы дзейнасці.

 — У мяне склалася пазітыўнае ўражанне ад з’езда. Тут сапраўды прагучала ідэя дыялогу і паразумення, кансалідацыі на карысць Бацькаўшчыны, незалежна ад палітычных поглядаў. Я ўбачыў гэта і на пленарных выступленнях у першы дзень, і падчас выступленняў працы секцый на другі дзень. Скразной лініяй з’езда праходзіла тэма мовы як асновы ідэнтыфікацыі, як нацыяўтваральнага, дзяржаваўтваральнага элемента — без чаго не можа існаваць ні дзяржава, ні нацыя. Цікава было даведацца, чым сёння жыве беларуская дыяспара. Беларусы, якія выехалі за мяжу, паспяхова там рэалізаваліся, у прыватнасці ў бізнесе і сацыяльных праектах. Свае ідэі яны пераносяць у Беларусь, што дазваляе інтэгравацца ў сусветную супольнасць і ажыццяўляць перадавыя ідэі ў нашай краіне. Але ж ёсць і праблемы. Дзеля іх вырашэння, відаць, і збіраліся на з’езд, — падзяліўся думкамі Ігар Капылоў, кіраўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, удзельнік секцыі «Беларуская мова і культура — аснова нацыянальнай дзяржаўнасці».

 Спрэчныя пытанні, вядома, узнікалі. Аднак дыялог адбыўся, бо важна чуць і быць пачутымі. Прадстаўнікі дзяржаўных устаноў, якія прысутнічалі на з’ездзе, ужо маюць ідэі па супрацоўніцтве з беларусамі замежжа.

 — З грамадзянамі, якія жывуць за мяжой, можна камунікаваць праз сацыяльныя сеткі ці электронную скрыню: сучасныя тэхналогіі дапамагаюць гуртавацца нягледзячы на аддаленасць. Пытанне толькі ў тым, хто ў якім напрамку будзе працаваць. Напрыклад, супраца магчымая ў сумесным даследаванні архіваў для навукоўцаў і ў галіне стварэння Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання. Галоўнае — карыстацца напрацоўкамі, якія ўжо ёсць у беларусаў замежжа і беларусаў мітраполіі. Нам вельмі патрэбна ствараць для дзетак фільмы і мультфільмы на беларускай мове, навукова-папулярныя перадачы. Таксама мне падаецца, што варта было б падумаць пра музычны канал, які б цалкам трансліраваў беларускамоўную музыку, — распавяла Алена Анісім, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VI склікання, мадэратар секцыі «Беларуская мова і культура — аснова нацыянальнай дзяржаўнасці».

Беларусы замежжа сапраўды вельмі актыўна выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі для абмеркавання агульных спраў, з іх дапамогай дамаўляюцца пра святкаванне традыцыйных беларускіх святаў. На сайце Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”» ёсць спасылкі на сайты беларусаў замежжа, там можна знайсці шмат карыснай інфармацыі пра нашых суайчыннікаў у ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Ізраілі, Казахстане, Расіі ды іншых краінах, што таксама спрыяе збліжэнню з беларусамі замежжа.

Каштоўна, што дыяспара мае архівы з унікальнай перыёдыкай. Некаторыя адсканаваныя кнігі можна знайсці і ў інтэрнэце. Напрыклад, на сайце Кафедральнага Сабора Святога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку ў раздзеле «Літаратура» ёсць доступ да рэлігійна- грамадскага часопіса праваслаўных беларусаў пяцідзясятых — шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя «Голас царквы», прысвечанага Калядам і Вялікадню. Са старадрукаў і рукапісаў можна падзівіцца на Біблію Францыска Скарыны, напісаную па-старабеларуску ў Празе ў 1517 — 1519 гадах, а таксама Трэбнік Пятра Магілы, выдадзены ў Кіеве ў 1646 годзе.

Гэта толькі некалькі прыкладаў захавання беларускай гісторыі дыяспарай Амерыкі. А колькі такіх архіваў раскідана па ўсім свеце! Трапна заўважыла на з’ездзе беларусаў свету Наталля Гардзіенка, намеснік дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва: «Хто валодае архівамі, той валодае гісторыяй». Таму будзе актуальным стварэнне навуковага цэнтра па вывучэнні беларускай дыяспары пры Акадэміі навук ды Дзяржаўнага культурна-інфармацыйнага цэнтра беларусаў замежжа «Беларускі дом» у Мінску. Зрэшчы, менавіта з такім зваротам звярнуліся дэлегаты з’езда да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, да Нацыянальнага сходу і Савета Міністраў нашай краіны. Улічваючы гэта, ёсць спадзяванне на агульную будучыню мітраполіі і дыяспары, захаванне беларускай ідэнтычнасці і ўмацаванне нашай дзяржаўнасці.

Марына ЯЎСЕЙЧЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.