Вы тут

Адкрытая маладосць


За апошні год у Палацы мастацтваў арганізавана вялікая колькасць арыгінальных праектаў, што маюць на мэце раскрыць творчы патэнцыял маладых аўтараў. Гэтыя выстаўкі прадэманстравалі магчымасці мастакоў і іх жаданне развівацца, набірацца досведу, адточваць індывідуальны почырк. На мінулым тыдні ў Палацы мастацтваў прэзентавалі чарговую выстаўку маладых творцаў «Оpen youth» , што экспануе творы сябраў моладзевай секцыі Беларускага саюза мастакоў, а таксама запрошаных мастакоў ва ўзросце да трыццаці пяці гадоў.


Дар’я Раманенка «Пені-фартынг», 2014 г.

Канцэпцыю выстаўкі падказвае назва праекта. У перакладзе з англійскай на беларускую выстаўка называецца «Адкрытая маладосць», адкрытая, таму што напаказ. Арганізатары вырашылі паказаць не проста асобны пласт моладзевых твораў, а адабралі сапраўды дзёрзкія работы, якія дэманструюць самыя шчырыя пачуцці.

— Гэта можна лічыць трамплінам у дарослае мастацкае жыццё, — адзначыў на адкрыцці праекта старшыня моладзевай секцыі Беларускага саюза мастакоў Міхаіл Фінскі. — Выстаўка дае магчымасць аўтарам вучыцца адзін у аднаго, аналізаваць, бачыць праблему не толькі ў рэальным жыцці, але і ўмець знайсці яе ў творчасці. Такія праекты, як правіла, маюць асаблівы сэнс у сучасным мастацкім грамадстве: яны сімвалічна паказваюць, што цікава сёння маладому чалавеку, якія праблемы хвалююць і як ён прапануе іх вырашаць. Досвед заўсёды важны, але часам юнацкі парыў, запал у сукупнасці з талентам могуць даць унікальны мастацкі вынік.

Мастацкія творы не абмежаваныя формай, тэматыкай альбо матэрыялам. І гэта дае аўтарам мастацкую свабоду. Большасць твораў прысвечаны каханню, маладому і чароўнаму, якое паглыбляе ў дарагія і цёплыя ўспаміны. Мастак агаляе душу, пад крыламі рамантыкі бачны балючы нерв.

Наведвальнікаў чакае мноства жаночых вобразаў, якія мастакі параўноўваюць са стыхіямі. Жанчына можа быць лёгкая як паветра, гарачая як агонь і спакойная як вада. Галоўная задача аўтараў — захаваць у творах гармонію, адцягнуць увагу ад паўсядзённых праблем, паглыбіць у свет рамантыкі, зачапіць ідэяй.

— Адкрыта і шчыра выказаўся кожны мастак: работы глыбокія, філасофскія, хоць сёлета ў моладзевай выстаўцы ўдзельнічае не так і шмат творцаў, — падкрэсліў першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык. — Калі такія выстаўкі мы арганізоўвалі раней, працавалі з раніцы да вечара. Гэтым разам справіліся за адну гадзіну. На жаль, мала маладых мастакоў адгукнулася паўдзельнічаць у праекце. Але творы, размешчаныя на сценах Палаца мастацтваў, вартыя ўвагі і аналізу. Хацелася б больш актыўнай працы з боку мастацкай моладзі, але нам і зараз ёсць чым ганарыцца і што развіваць.

Дар’я Шышкова «Туманнае каралеўства», 2016 г.

У аснове сюжэтаў маладых мастакоў — сямейныя каштоўнасці, элементы айчыннай культуры, гістарычныя матывы. Майстры разбураюць стэрэатыпы, паказваюць, што могуць мысліць глыбока і ўдумліва. Многія з іх адмаўляюцца ад класічных падыходаў адлюстравання, уносяць наватарскія ноты ў фарміраванне мастацкага працэсу, развіваюць творчы густ. Цікава, як аўтары падбіраюць колеры для твораў. Тут практычна няма пастэльных тонаў, пераважаюць стракатыя адценні, часам увогуле нечаканыя спалучэнні.

Арганізатары адзначаюць, што выстаўка «Оpen youth» будзе карыснай для тых, хто шукае сябе і сваю душу, і для тых, хто ў прадказальнам супакоі, і нават для тых, хто нібы маятнік!.. Наведаўшы «Оpen youth» , кожны зможа паставіць «дыягназ» сваёй душы: ці здольная яна адкрыцца для абмену энергетычнымі плынямі з мастацтвам?

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.