Вы тут

Што сказаць, каб атрымаць работу?


Першае, што трэба зрабіць, каб уладкавацца на працу, — пачаць хадзіць на гутаркі. Гэта самая стрэсавая і складаная частка працэсу. Але ж без яе ніяк. Каб даведацца, пра што зараз пытаюцца падчас такіх гутарак, я прайшла (увага!) 23 сустрэчы ў якасці саіскальніка.


Размова пойдзе не пра выпадкі, калі абавязкова трэба мець профільную адукацыю (інжынер, урач і г. д.). Вакансіі выбіраліся такія, дзе не патрабуецца яе мець: прадавец-кансультант у краме адзення, прадавец у краме будматэрыялаў, адміністратар (офіса, гасцініцы, трэнажорнай залы, салона прыгажосці), менеджар па продажах, кур'ер, дыспетчар, кантралёр-касір, аператар кол-цэнтра і іншыя.

Першае, што робіць любы спецыяліст па рабоце з персаналам — глядзіць ваша рэзюмэ і правярае сацыяльныя сеткі. Таму перад уладкаваннем стварыце прывабнае «партфоліа» і праверце, якая інфармацыя ёсць пра вас у інтэрнэце. У ходзе эксперымента я размясціла ў сеціве шэсць розных варыянтаў рэзюмэ і пачала прэтэндаваць на вакансіі.

Як высветлілася, апынуцца на сустрэчы з работадаўцам — гэта ўжо маленькая перамога. Далёка не кожнае ваша рэагаванне на вакансію атрымае адказ, тым больш, запрашэнне на гутарку. Я адправіла 84 заяўкі розным работадаўцам. Адгукнулася толькі 29 з іх. З 23-ма мы дамовіліся на сустрэчу. 55 кампаній не палічылі патрэбным паведаміць штосьці ў адказ, хоць рэзюмэ ў іх праглядалі.

Далей поспех на 90 працэнтаў залежыць ад вашых паводзін і слоў на самой сустрэчы. Куды б ні ўладкоўваліся, хваляванне адназначна не дапаможа. Справіцца з ім не так і проста, але можна: падрыхтуйцеся адказваць на мноства пытанняў (лепш нават мець прыблізныя шаблоны адказаў), загадзя прачытайце некалькі артыкулаў пра мову жэстаў, прадумайце, што апранеце, выглядайце ахайна і трымайцеся ўпэўнена.

Наведаўшы 23 гутаркі, я вывела некалькі заканамернасцяў. У пераважнай большасці выпадкаў маім візаві была жанчына ва ўзросце прыкладна ад 30 да 55 гадоў. Калі сустрэча прызначалася на раніцу, яна доўжылася больш часу і слухалі мяне больш уважліва. Дарэчы, усе запрашэнні на работу я атрымала ад тых прадстаўнікоў кампаній, з якімі мы сустракаліся ў першай палове дня.

Пра пытанні, што задаюць саіскальнікам, можна напісаць асобную кнігу. Ёсць сярод іх і самыя распаўсюджаныя. Напрыклад, розныя пытанні пра хобі і тое, чым вы любіце займацца ў вольны час, чым цікавіцеся, што чытаеце. Тут не можа быць правільных ці няправільных адказаў. Усё залежыць ад таго, чаго чакае ад вас работадаўца. Калі вакансія не мае на ўвазе вашага знаходжання на працоўным месцы ў адзіноце, лепшымі адказамі будуць тыя, што звязаны з каманднымі гульнямі, што паказваюць вашае імкненне знаходзіцца сярод людзей і ўменне ўзаемадзейнічаць з імі.

Часта просяць: «Раскажыце пра сябе». Тут не чапайце тэмы асабістыя (дзе вы нарадзіліся, што любіце есці на сняданак). Расказвайце пра свае дасягненні, моцныя бакі і рысы, якія могуць падысці для працы ў канкрэтным месцы і адпаведнай сферы.

Усе пытанні накшталт «як вы бачыце сябе ў нашай кампаніі праз два гады», «чаму вы хочаце працаваць менавіта тут», «якую заработную плату разлічваеце атрымліваць» таксама разлічаны найперш на тое, каб убачыць, наколькі сур'ёзна вы настроены на гэтую работу, ці маеце амбіцыі і якія. Мне не патэлефанавалі пасля тых сустрэч, дзе я не выказвала нават крыху перабольшанай зацікаўленасці работай у той ці іншай кампаніі.

Яшчэ адзін момант, які часта хвалюе работадаўцу — вопыт. Калі ў вас яго няма, не падманвайце, так і скажыце. Але ў гэтым выпадку пажадана абавязкова «перакрыць» гэты недахоп чымсьці важным. Напрыклад, іншымі сваімі дасягненнямі, якія дапамогуць вам справіцца і з гэтай работай. Калі вопыт ёсць, распісвайце яго ва ўсёй красе.

З усёй масы праведзеных сустрэч я атрымала толькі 11 запрашэнняў на працу (гэта з улікам таго, што вакансіі не патрабавалі нейкіх звышспецыфічных навыкаў). Мне здаліся больш-менш цікавымі месцамі з нядрэннымі ўмовамі толькі 7 з гэтых 11.

Таму, калі вы зараз у пошуку работы, будзьце гатовыя да мноства спроб, на некалькі сустрэч за дзень і... пастаяннага чакання адказу. І ўсё ж такі, калі жаданне ўладкавацца сапраўды ёсць, на адной з гутарак вы зразумееце, што нарэшце знайшлі, што хацелі.

Дар'я АРЭФ'ЕВА

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.