Вы тут

Як залежнасць ад гульнявых аўтаматаў разбурыла жыццё чалавека


Разуменне таго, што ты залежны ад «аднарукага бандыта», прыходзіць, у лепшым выпадку, калі ў кішэнях «гуляе скразняк», а ў горшым — пасля падпісання дакументаў аб перадачы сваёй кватэры за даўгі. Як усё гэта адбываецца ў жыцці, нам расказаў заўсёднік гульнявых клубаў Аляксандр. Калі ўсё здарылася, яму было 34 гады, ён працаваў гандлёвым прадстаўніком, экспедытарам...


— Ведаеце, у такія месцы мала хто прыходзіць гуляць, каб атрымаць задавальненне. Для гэтага больш падыходзіць казіно. З аўтаматамі крышку іншая гісторыя. «Мы» прыходзім сюды з надзеяй хоць крышку зарабіць. Хто на падарунак каханай, хто на яшчэ колькі «падыходаў» да аўтаматаў. У кожнага свае матывы, але гэта, хутчэй, не задавальненне ад працэсу гульні, — гаворыць суразмоўца. — Наконт таго, ці можна сапраўды выйграць грошы: і так, і не. У большай палове выпадкаў аўтамат «дае» выйгрыш. Здавалася б, ну выпала табе шчасце, забірай грошы і ўсё — мэта дасягнутая, ты «зарабіў». Але з гэтых шчасліўчыкаў з поўнымі кішэнямі ідуць дадому адзінкі (і тое, хутчэй за ўсё, не дадому). Віною таму чалавечая сквапнасць.

Атрымліваецца прыкладна так: ты «ставіш» дзесяць рублёў; аўтамат дазваляе выйграць сем; кіруючыся тым, што грошы яшчэ ёсць і яны невялікія, ставіш і гэтыя сем; аўтамат аддае пятнаццаць; ставіш і іх; атрымліваеш пяцьдзясят (тут, здаецца, можна і спыніцца, забраць грошы і пайсці); разважаеш, што раз ужо ёсць пяцьдзясят, то можа быць і сто — ставіш пяцьдзясят; аўтамат «зжырае» іх усе — і «развітальна махае рукой».

Пасля гэтага, як правіла, з'яўляецца жаданне вярнуць сабе хоць бы дзесяць рублёў, з якімі ты прыйшоў. Ставіш пяць рублёў; праз колькі хадоў, падобных на вышэйапісаныя, ты ужо «маеш» трыццаць і пачынаюцца разважанні: «Трэба вярнуць тыя пяцьдзясят, што я выйграў (нягледзячы на тое, што ні разу ў руках гэтыя грошы не трымаў, заўсёды здаецца, што яны твае па справядлівасці)»; ставіш трыццаць — аўтамат «аддае» семдзесят.

Хвіліну назад, прыгадаем, ты быў згодны і на дзесяць, а ўжо разлічваеш на сто пяцьдзясят...

— І гэта бясконцы працэс. Калі заканчваюцца грошы, ты ідзеш пазычаць у каго заўгодна. Нават пад вялікі працэнт. Я такім чынам застаўся без кватэры... Як сёння памятаю свой першы візіт у клуб. Мы святкавалі дзень нараджэння сябра. Было ўжо позна, а кругласутачных устаноў у Мінску не так ужо і шмат. Вось і вырашылі зайсці ў залу гульнявых аўтаматаў — усяго на пару хвілін. Хочацца падкрэсліць, што я быў цвярозы. Паназіраўшы за гульнёй, мы вырашылі паспрабаваць адзін разочак. Нездарма кажуць, што пачаткоўцам шанцуе: я зарабіў трыццаць рублёў, паставіўшы «дваццатку». Пасля гэтага выпадку я і забыўся пра аўтаматы, — прыгадвае Аляксандр. — Праз два месяцы мы з жонкай разыходзіліся. Я вырашыў пакінуць ёй кватэру, а ўзамен атрымаў дазвол бачыцца з сынам раз у тыдзень. А ў яго якраз праз два дні дзень нараджэння. Грошай у мяне засталося не вельмі многа (прыйшлося набыць сабе аднапакаёвую кватэру). А падарунак павінен быў быць шыкоўным! Тут я і ўспомніў пра аўтаматы. Мне зноў пашанцавала своечасова спыніцца і застацца пры грашах. Гэта быў другі і апошні раз, калі мне так пашчасціла.

У далейшым Аляксандр, прыходзячы ў залу, больш пакідаў грошай тут, чым прыносіў дадому. Але не адчуваў гэтага, таму што, нягледзячы на іх памер у параўнанні з першапачатковай сумай стаўкі, гэтыя грошы былі «з аўтаматаў», а значыць, ён выйграў! Так пакрысе знікалі ўсе зберажэнні. Былі і выпадкі, калі выйгрыш перавышаў пачатковую суму, але на агульным фоне гэта не адбівалася.

— Часам я знаходзіўся ў зале толькі таму, што не хацеў ісці дамоў і сумаваць там у адзіноце. Да таго часу «на аўтаматах» я завёў шмат «сяброў». І прыходзіць туды было яшчэ больш прыемна: ты ўсіх ведаеш, усе ведаюць цябе. Але ад такіх знаёмстваў вялікага дабра не было, — працягвае Аляксандр. — Сярод якасцяў майго характару пачалі праглядвацца дрэнныя. Я пачаў зайздросціць ігракам, якім пашанцавала больш, чым мне. Нават не памятаю, якой велічыні рабіў стаўкі, каб выйграць больш, чым яны.

Але ў аўтаматаў заўсёды свае «планы», таму я ніколі не аказваўся «ў плюсе».

Між тым не ўсё ўпіраецца ў грошы. Колькі асалоды, страху і жадання ў тым моманце, калі коціцца шарык электроннай рулеткі ці калі круціцца барабан аўтамата! Таму і прыемна было пракручваць барабан зноў і зноў. Карацей кажучы, «накруціў» я на 120 тысяч долараў. Зараз не маю ні грошай, ні кватэры, ні сяброў (з імі я разарваў адносіны, каб не слухаць вечнае «хопіць гуляць, гэта хвароба»). Аднеквацца ад таго, што гэта і сапраўды хвароба, нельга. Але я, хоць на гэта і спатрэбіўся год, прызнаю сябе хворым. Таму што амаль упэўнены: як толькі з'явяцца грошы, панясу іх «скормліваць» аўтаматам зноў.

Аляксандр кажа, што большасць цяпер, напэўна, асуджаюць яго за адсутнасць сілы волі, легкадумнасць і ўпэўнены ў тым, што яны ніколі б не апынуліся ў такой сітуацыі. «Яшчэ нядаўна я быў бы сярод іх. Але не трэба думаць, што кожны зможа спыніцца пры першым выйгрышы...»

Сітуацыю каментуе кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт і практыкуючы псіхолаг Вольга Каламінская:

— У гульнявой залежнасці, як і ў любой іншай асобаснай паталогіі, ёсць свае прычыны. Існуе цэлы шэраг праблем, здольных прывесці да яе. Многія з іх мы назіраем і ў кантэксце гісторыі Аляксандра.

Незадаволены сабой можа быць любы чалавек. Своеасаблівай кампенсацыяй для яго становяцца разнастайныя хобі. Аднак сустракаюцца выпадкі, калі чалавек паглыбляецца ў залежнасць. Гэта можа быць не толькі алкагалізм ці гульняманія, як у згаданым выпадку, але і больш карысныя для чалавека і яго асяроддзя варыяцыі, напрыклад працагалізм.

Карані залежнасці вынікаюць з нізкага ўзроўню самаацэнкі. Любому чалавеку, як асобе, важна ўсведамляць сваю значнасць. Не атрымліваючы порцыю самапавагі ў рэальным жыцці, ён шукае кампенсацыю ў гульні.

У якасці адной з прычын, якая прыводзіць да ўзнікнення гульнявой залежнасці, варта згадаць таксама імкненне чалавека збегчы ад будзённасці, манатоннасці свайго існавання. У гэтым выпадку гульняман шукае менавіта вострыя адчуванні. І атрымлівае іх, паколькі сам працэс і чаканне выйгрышу на псіхафізічным узроўні выклікаюць выкід у кроў гармону задавальнення, якому пасля цяжка знайсці замену. Такія адчуванні можна параўнаць толькі з закаханасцю. Тут назіраецца тая ж дынаміка (выйгрыш, пройгрыш, ізноў выйгрыш), імгненная змена падзей і выкіды адрэналіну.

Адна з самых распаўсюджаных прычын, якія могуць прывесці да ўзнікнення якой-небудзь залежнасці, — гэта стан псіхалагічнага крызісу. Ён можа быць узроставым, сацыяльным ці змешаным. З аднаго боку, чалавек можа выйсці з крызісу намнога больш загартаваным да любых жыццёвых няўдач. Аднак калі крызіс суправаджаецца дэпрэсіўным станам, пачуццем адзіноты, глыбокай незадаволенасцю рэчаіснасцю, то выйсці з яго будзе дастаткова складана. Такая ж сітуацыя і з экзістэнцыяльным крызісам: чалавек губляе сэнс існавання, калі ўжо дасягнуў поспехаў і ў асабістым жыцці, і ў кар'еры. Яму здаецца, што нічога яскравага з ім ужо не здарыцца, і ён пачынае шукаць вострыя адчуванні ў віртуальнай рэальнасці (у гульні).

Гульняману перш-наперш неабходна ўсвядоміць факт наяўнасці залежнасці і захацець яе пераадолець. Існуюць методыкі самастойнай барацьбы. Аднак чалавек схільны да самаапраўдання, таму далёка не кожная асоба дастаткова моцная, каб справіцца з гэтым самастойна. У большасці выпадкаў неабходна звяртацца па дапамогу да спецыяліста.

У нашых суседзяў-расіян ужо дастаткова даўно практыкуецца групавая тэрапія, накіраваная на пазбаўленне ад гульнявой залежнасці. Мы, на жаль, пакуль не можам пахваліцца тым жа. Аднак таленавітых практыкуючых псіхолагаў, якія гатовы дапамагчы ў тым ліку і гульняманам, дастаткова.

Дар'я АРЭФ'ЕВА, студэнтка VІ курса Інстытута журналістыкі БДУ


Рука дапамогі блізкаму

Сваякі змогуць звяртацца ў суд з заявай, каб гульнямана абмежавалі ў наведванні ігральных устаноў і ўдзеле ў азартных гульнях на тэрмін ад шасці месяцаў да трох гадоў.

Летась у Беларусі скарэктавалі Палажэнне аб ажыццяўленні дзейнасці ў сферы ігральнага бізнесу на тэрыторыі краіны. Новаўвядзенне было абумоўлена тым, «што многія ўдзельнікі азартных гульняў, пакутуючы ад гульнявой залежнасці, не могуць прымусіць сябе не наведваць такія ўстановы, што цягне цяжкае матэрыяльнае становішча іх блізкіх і разбурэнне найважнейшага сацыяльнага інстытута дзяржавы — сям'і». Новая норма пачне працаваць з 28 жніўня.

Дагэтуль жа гульняман мог напісаць сам на сябе заяву з просьбай не пускаць яго ў ігральныя ўстановы краіны на тэрмін ад шасці месяцаў да трох гадоў. З 2013 года, калі ў беларусаў з'явілася такая магчымасць, у «чорныя спісы» самі сябе занеслі, па звестках Міністэрства па падатках і зборах, больш за 41 тысячу чалавек. У большасці выпадкаў грамадзяне прымалі рашэнне абмежаваць сябе ў наведванні казіно і зал гульнявых аўтаматаў на максімальна магчымы тэрмін адразу.

З 28 лютага зменіцца механізм падачы заявы: супрацоўнікі казіно будуць перадаваць яе ў Міністэрства па падатках і зборах не па факсе, а праз «Спецыяльную камп'ютарную касавую сістэму». Пасля падачы заявы яна выдасць грамадзяніну спецыяльны дакумент, які пацвярджае прыём заявы і ўнясенне звестак у базу. Адказваць за новую сістэму будзе Маніторынгавы цэнтр па ігральным бізнесе. Як і раней, заяву можна напісаць у любой ігральнай установе, дастаткова мець пры сабе пашпарт. Забарона будзе распаўсюджвацца на ўсе казіно і гульнявыя залы ў краіне.

Патрапіць у «чорны спіс» можна будзе і з падачы родных. Заяву ў суд могуць аднесці бацькі гульнямана (уключаючы прыёмных), дзеці (уключаючы тых, каго ўсынавілі і ўдачарылі), родныя браты і сёстры, дзядулі, бабулі, унукі, жонкі і мужы, а таксама апекуны, папячыцелі і іншыя асобы, якія разам пражываюць і вядуць з іграком агульную гаспадарку. У суд могуць звярнуцца таксама пракурор, органы апекі і папячыцельства. Пасля вынясення судом рашэння таму, хто звярнуўся ў суд, трэба будзе накіраваць яго копію ў Маніторынгавы цэнтр па ігральным бізнесе, каб звесткі іграка ўнеслі ў «чорны спіс».

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Гульня на выбыванне

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.