Сёння ў Мінску пачынае работу ХІХ Сусветны кангрэс рускай прэсы «Партнёрства ў імя будучыні: прыярытэты сучаснай цывілізацыі».
Як адзначыла міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, сёлета ў нашай краіне праходзіць мноства мерапрыемстваў палітычнага характару. Да іх шэрагу можна аднесці і ХІХ Сусветны кангрэс рускай прэсы, бо СМІ — гэта не проста сродак фарміравання грамадскай думкі, яны сёння ўплываюць на сусветны палітычны парадак дня, адыгрываюць вялікую ролю ў тых працэсах, што цяпер адбываюцца ў краінах.
— Госці з 51 краіны свету разам з беларускімі калегамі будуць удзельнічаць у праграме кангрэса. Вельмі важна, каб мы эфектыўна выкарыстоўвалі гэтую пляцоўку для нарошчвання свайго інфармацыйнага патэнцыялу, каб мы маглі ствараць новыя праекты і знаходзіць падтрымку ў замежных калег, — дадала міністр.
Сустрэчу, якая будзе праходзіць з 11 па 15 ліпеня, арганізуюць Сусветная асацыяцыя рускай прэсы (САРП), Міністэрства інфармацыі Беларусі і Фонд супрацоўніцтва з рускамоўнай прэсай — Фонд САРП.
Беларусь прымае ўдзельнікаў кангрэса ў другі раз. Раней наша краіна стала пляцоўкай для правядзення ХV Сусветнага кангрэса ў 2013 годзе. На думку Ліліі Ананіч, гэта акалічнасць можа гаварыць пра інтарэс, які праяўляе Сусветная асацыяцыя рускай прэсы ў дачыненні да нашай краіны і такім чынам дае магчымасць абмяркоўваць у вялікім фармаце важныя для Беларусі пытанні парадку дня.
Разам з кангрэсам пройдзе таксама медыяфорум «Партнёрства ў імя будучыні», а асноўным мерапрыемствам сустрэчы прадстаўнікоў СМІ стане пленарнае пасяджэнне. Запланаваныя дзве панэльныя сесіі, якія закрануць важныя для сучаснай медыйнай прасторы пытанні — глабалізацыю, інтэграцыю, працэсы лічбавай рэвалюцыі.
— СМІ павінны вырашыць, як супрацьстаяць пагрозам у асяродку лічбавай рэвалюцыі, як зрабіць інфармацыйную прастору бяспечнай для жыцця чалавека і грамадства, — падкрэсліла міністр. — У руках нядобрасумленных дзеячаў такі магутны сродак як СМІ можа быць выкарыстаны ў якасці разбуральнай сілы. Мы ж зацікаўлены, каб гэта быў інструмент уплыву, які будзе скіроўваць да стваральных працэсаў.
Рагнеда ЮРГЕЛЬ
Фота БЕЛТА
Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці.
Карэспандэнты «Звязды» пабачылі, як праходзяць рэпетыцыі.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.