Вы тут

Бацькі падлеткаў баяцца і прафілактычных апытанняў, і любога ўліку


Спажыванне наркотыкаў у свеце зніжаецца, а вось тэмпы вытворчасці пакуль не. Дастаткова сказаць, што летась у Кітаі выяўлена 583 лабараторыі, якія ў прамысловых маштабах выраблялі сінтэтычныя наркотыкі. У некалькіх дзясятках выпадкаў размова ішла пра канфіскацыю наркотыкаў вагой больш за адну тону.


За апошнія тры гады колькасць нарказалежных на ўліку знізілася з 17 тысяч да 14 тысяч, выпадкаў перадазіровак у 2014 годзе было 360, цяпер — 195 (сярод непаўналетніх сёлета пакуль толькі тры, што ў дзесяць разоў менш), а з лятальным канцом маем ужо не 53 выпадкі, а 21. Колькасць нарказлачынстваў зменшылася ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года на 12 працэнтаў. Менш становіцца такіх злачынстваў і з удзелам непаўналетніх. За паўгода выяўлена 183 злачынствы, учыненых групай асоб, і 39 арганізаваных груп. Адна з іх, у складзе 19 чалавек, сістэматычна распаўсюджвала наркасродкі і псіхатропы на тэрыторыі Беларусі і Расіі.

— Беларусь не толькі краіна наркаспажывання, але і наркатранзіту — праз нашу тэрыторыю наркотыкі паступаюць з Еўропы ў Расію, а з Расіі ідзе, напрыклад, «сінтэтыка», вырабленая ў Кітаі, і сёлета мы спынілі дзейнасць 24 такіх каналаў, — кажа начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Генадзь КАЗАКЕВІЧ. — За пяць месяцаў гэтага года канфіскавана звыш 150 кг наркасродкаў і 13 кг псіхатропаў, што ўдвая больш, чым летась. У спісе забароненых новых відаў наркотыкаў апынуліся ўжо амаль 50 рэчываў. Калі ў 2014 годзе 80 працэнтаў рынку складала «сінтэтыка» (спажыванне якой абумовіла скачок суіцыдаў, лятальных канцоў і інваліднасці), то сёння 40 працэнтаў рынку прыпадае на новыя псіхатропы, 30 працэнтаў — гэта марыхуана, 10 — апіоіды і 20 — іншыя наркасродкі і рэчывы. Кошт наркотыкаў на беларускім рынку вырас, бо ўзраслі і рызыкі для наркадылераў.

Нарказлачыннасць практычна сышла з вуліц у глабальныя сеткі, дзе ёсць і аптавікі, і дробныя аптавікі, і так званыя мінёры, што робяць закладкі. Актыўна выкарыстоўваюцца злачынцамі і электронныя кашалькі. Спецыялізаваныя падраздзяленні інтэрнэт-разведкі ў сістэме наркакантролю МУС выкрылі сёлета ўжо звыш 200 злачынстваў, у тым ліку спынілі/абмежавалі дзейнасць 11 інтэрнэт-сайтаў і 43 інтэрнэт-магазінаў. Удалося абмежаваць аперацыі з электроннымі грашамі на суму 300 тысяч долараў.

Вядома, што на фарміраванне хімічнай залежнасці ўплывае шэраг фактараў — біялагічных, сацыяльных, псіхалагічных, выяўленне якіх дазваляе вызначыць ступень схільнасці падлеткаў да фарміравання залежнасці яшчэ нават да першай спробы. Спецыялісты ўстаноў адукацыі праводзяць такую дыягностыку, каб вызначыць групы рызыкі ўжо ва ўзросце 11—12 гадоў.

У той жа час далёка не ўсе бацькі даюць згоду на правядзенне падобнай дыягностыкі. І гэта дарэмна, бо, як высветлілася, 20 працэнтаў дзяцей, якія прайшлі псіхадыягностыку, маюць схільнасць да ўжывання псіхаактыўных рэчываў. Гэта азначае неабходнасць звярнуць увагу на іх сацыяльнае акружэнне — як блізкія дарослыя ставяцца да ўжывання таго ж тытуню і алкаголю, чым такі падлетак займаецца са сваімі сябрамі, ці ўдаецца яму курыць або атрымліваць прапановы пакаштаваць спайс у вучэбнай установе і інтэрнаце, а таксама на біялагічныя асаблівасці арганізма і асобы (звычайна паводзіны з адхіленнем ад нормы ўласцівыя людзям з нізкай адказнасцю, паніжаным узроўнем інтэлекту і г. д.).

Паводле слоў прафесара кафедры псіхалогіі і педагагічнага майстэрства Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Вікторыі ХРЫПТОВІЧ, ёсць падлеткі, схільныя да ўцёкаў ад рэальнасці, якая здаецца ім сумнай і шэрай, а таму неабходна павышаць узровень задаволенасці сабой і іншымі, навучаць дзяцей самапрыманню, аўтаноміі, росту асобы, пазітыўным стасункам з іншымі, устойлівасці да ўжывання псіхаактыўных рэчываў. «Раней прафілактыка рабіла стаўку на негатыўныя наступствы спажывання наркотыкаў, але сёння вядома, што інфармацыйны падыход не з'яўляецца самым эфектыўным — веды аб тым, што калі-небудзь будзе з тваім арганізмам, не ўсведамляюцца падлеткамі ў належнай ступені. Таму і быў распрацаваны элетронна-метадычны дапаможнік «Прафілактыка залежных паводзінаў», рэкамендаваны для спецыялістаў устаноў адукацыі.

Што б ні рабілі ў навучальнай установе, адной ёй не справіцца. Усе мы ў першую чаргу капіруем свае сем'і, а тут — падлеткі ведаюць пра наркотыкі і залежнасць нямала, а вось бацькі... Многія і не падазраюць, што там за рэчывы, як іх ужыванне адбіваецца на арганізме, — любыя змены са сваімі дзецьмі ўспрымаюць як асаблівасці ўзросту.

— Дэкрэт №6 адыграў сваю станоўчую ролю, аднак разам з тым да нас перасталі звяртацца так актыўна, як гэта было раней, — заўважае загадчыца падлеткавага наркалагічнага аддзялення Мінскага гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера Людміла ШПАКОЎСКАЯ. — Бацькі баяцца пастаноўкі на ўлік, бо не вераць у тое, што гэта сапраўды будзе ананімна. Але інфармацыя не перадаецца ні ў якія ўстановы адукацыі, усё застаецца на ўзроўні ўрача-нарколага.

У наша аддзяленне можа звярнуцца любы, каму гэта неабходна, і бясплатна атрымаць ананімную дапамогу — медыкаментозную, псіхалагічную, псіхатэрапеўтычную. Насцярожыць бацькоў павінны неадэкватныя паводзіны без паху алкаголю. А наогул вельмі важна, каб у падлетка не было шмат свабоднага часу — калі жыццё не насычана цікавымі падзеямі, іх месца абавязкова займае той жа тытунь ці алкаголь. У сваёй сям'і падлетак павінен мець магчымасць падзяліцца тым, што яго хвалюе, ведаць, што яго не асудзяць, зразумеюць. А пры любых падазрэннях прыязджайце на асабістую кансультацыю. Размовы па тэлефоне недастаткова, бо, як паказвае практыка, словы маці могуць моцна разыходзіцца з тым, што на самай справе ўяўляе сабой дзіця. Любыя пытанні, звязаныя з фарміраваннем хімічнай залежнасці ў падлетка, можна абмеркаваць са спецыялістам кожны аўторак у межах Школы для бацькоў пасля 18.00 па вуліцы Маякоўскага, 162, кабінет 3».

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пазіцыя страусаў?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.