Вы тут

Як папіць кавы з сэнсам


Папіць кавы з Аляксандрам Саладухам, палятаць на верталёце з вядомым айці-бізнесменам, трапіць на трэніроўку да чэмпіёнкі свету па мадэльным фітнесе. І пры гэтым паўдзельнічаць у дабрачыннасці. Шэсць гадоў таму беларускія студэнты-праграмісты запусцілі праект, дзе аўкцыёны сустрэч дапамагаюць збіраць грошы на добрыя справы. За час існавання «МаеСэнс» было праведзена 66 тысяч такіх аўкцыёнаў і сабрана амаль 900 тысяч рублёў. Пра папулярныя сустрэчы, самыя дарагія лоты, культуру дабрачыннасці і шчодрасць мы пагаварылі з адным з заснавальнікаў праекта Дзянісам КАНДРАТОВІЧАМ.


— Чаму вырашылі запусціць праект, звязаны з дабрачыннасцю?

— Ідэю не мы прыдумалі. Некалі аўкцыён сустрэч правялі ва Украіне. Гэта была аднаразовая акцыя. Яе ўбачылі беларусы і вырашылі таксама зрабіць, стварылі суполку ва УКантакце. Мы з сябрам далучыліся да гэтай суполкі і прыдумалі праводзіць аўкцыёны пастаянна, кожны месяц.

Калі вучыліся ва ўніверсітэце, займаліся гэтым як хобі. Пасля працавалі з партнёрам на асноўных работах, але праект з сустрэчамі патрабаваў шмат часу. Мы вырашылі аблегчыць справу, аўтаматызаваць яе і запусціць сайт. Але ў выніку гэта стала займаць яшчэ больш часу. Паступова мы пайшлі на палову працоўнага дня, а праз паўгода цалкам пераключыліся на праект.

Насамрэч апошнім часам нельга сказаць, што сайт на піку актыўнасці. Літаральна пару месяцаў таму статыстыка наведвання была крытычна нізкай, і мы вырашылі ўзяцца за прасоўванне зноў. Цяпер набіраем новую каманду, хочам крыху трансфармаваць праект. Плануем прыцягнуць туды дадатковае фінансаванне, зрабіць нарэшце мабільную праграму.

— Каго запросіце ў каманду: вопытнага спецыяліста ці добрага чалавека?

— Спецыяліста. Бо дагэтуль набіралі добрых людзей, у якіх «гараць» вочы, і не заўсёды атрымлівалі чаканыя вынікі. Шукаем прафесіяналаў у галіне анлайн-прасоўвання, хочам зменшыць афлайн-актыўнасць. 15 гутарак правялі, перш чым узялі чалавека на пасаду анлайн-маркетолага. Праект цяпер не на той стадыі, каб на ім практыкаваліся. А добрыя людзі могуць паўдзельнічаць інакш: выставіць сустрэчу на аўкцыён, ахвяраваць грошы нейкай ініцыятыве.

— Чытала, што версіі «МаеСэнс» запускаліся ў іншых краінах.

— Так. Мы збіліся з ліку: у Расіі штук 20 запускалася і закрывалася. Праблема ў чым? Звычайна сайт запускаюць айцішнікі, якія бачаць, што тэхналагічны складнік праекта вельмі просты. Але там шмат бізнес-працэсаў, зусім не звязаных з ІТ-галіной. Пераводы, дагаворы... Вялікая папяровая цяганіна. Самая складаная работа — па праверцы дакументаў. У «МаеСэнс» за столькі гадоў ні разу не было пераводу нядобрасумленным дабрачынцам.

— Якія сустрэчы часцей прапануюць?

— Я вылучыў бы некалькі тыпаў. Часта сустрэчу з сабой выстаўляюць прафесіяналы ў пэўнай галіне ці славутыя персоны. Яны расказваюць пра сваю дзейнасць, даюць майстар-клас. Летам прапануецца шмат прагулак на веласіпедах, зімой — на каньках.

Самая папулярная сустрэча — проста папіць кавы, пазнаёміцца. Для людзей часта гэта праблема: што цікавага прапанаваць? Яны недаацэньваюць сябе. Мы ж лічым, што кожны ў нечым эксперт.

— Якія лоты станавіліся самымі дарагімі?

— Калі крутыя эксперты выстаўлялі з сабой сустрэчы. Я памятаю, за адну з такіх, з айцішнікамі, сума даходзіла да чатырох тысяч долараў.

— А што незвычайнага прапаноўвалі?

— Вельмі шмат чаго. Пакатацца на самалёце, на паветраным шары... Нядаўна хлопец прапаноўваў паездку на два тыдні на Балі.

— А вы самі лоты выстаўлялі?

— Так, апошні літаральна на мінулым тыдні. У нас на сайце можна папрасіць выставіць сустрэчу. Нехта заходзіць, націскае кнопку, і табе прыходзіць паведамленне. Я адразу адгукнуўся — было б непрыгожа адмовіцца. Прапаноўваў розныя лоты. Вельмі люблю хадзіць у кіно. Таксама пікнікі праводзілі, масавыя велакатанні, гулялі ў настольныя гульні.

— Якую сустрэчу самі купілі б?

— Я люблю пэўныя віды спорту. Напрыклад, машынай кіраваць. Зусім нядаўна якраз выйграў лот — пакатацца на аўто, якія ўдзельнічаюць у ралі. Думаю, будзе вельмі цікава.

— Хто асноўныя карыстальнікі праекта?

— Моладзь ад 18 да 30 гадоў. Сустрэчы часцей прапануюць дзяўчаты. Ім цікава, колькі за сустрэчу заплацяць, — такое спаборніцтва. Цікава пазнаёміцца з хлопцам, які вылучыць яе з усіх. Хлопцы выстаўляюць лоты радзей. Напэўна, гэта з менталітэтам звязана: у нас не прынята, каб дзяўчаты плацілі за сустрэчу, першымі аказвалі знакі ўвагі.

— Пары складваліся?

— Так. Было некалькі вяселляў. Спачатку мы нават за гэтым сачылі.

— Не крыўдзіцеся, калі «МаеСэнс» параўноўваюць з сайтам знаёмстваў?

— Не. Для людзей гэта адна з асноўных патрэб у жыцці — заводзіць новыя знаёмствы. І калі мы, прыўносячы ў свет дабро, дапамагаем людзям добра правесці час, вельмі рады гэтаму. Але ўхіл нашага рэсурсу — дабрачыннасць.

— Наколькі праект па дабрачыннасці можа быць самаакупным?

— У нас наступная бізнес-мадэль: бярэцца працэнт ад абароту. За кошт камісіі ад пералічэнняў мы і жывём. Адзіны спосаб для сацыяльнага праекта быць стабільным — гэта зарабляць. Для мяне заўсёды важны былі метрыкі, маркетынг.

Вельмі шмат сумных гісторый, і хочацца дапамагчы ўсім. Бывае імкненне — накіраваць максімум заробленых грошай непасрэдна на дабрачыннасць.

Але ў доўгатэрміновай перспектыве гэта прывядзе да таго, што праект закрыецца. Мы хочам зрабіць сайт прыбытковым, каб не толькі сёння мець магчымасць дапамагчы.

— Ці лёгка сёння сацыяльнаму прадпрымальніку знайсці інвестара?

— Складана, лічу. Бо, як правіла, сацыяльным прадпрымальніцтвам у нас займаюцца людзі, якія выйшлі з дабрачыннасці. У іх няма бізнес-жылкі, яны рэдка могуць растлумачыць інвестару, як іх праект будзе развівацца. Само паняцце «інвестар» мае на ўвазе, што ў будучыні чалавек атрымае нейкі зварот з укладзеных сродкаў.

Сацыяльная дзейнасць не прасцейшая за бізнес. Лёгка атрымаць лайкі ў сацсетках, а вось рэальнае фінансаванне...

— Што адбываецца з культурай дабрачыннасці ў краіне?

— Вядома, развіццё ёсць. Але цяпер крызіс і адчуваецца, што і кампаніі, і асобныя багатыя персоны менш хочуць падтрымліваць сацыяльныя праекты. Мне здаецца, беларусы — вельмі добрыя людзі. Проста тыя, хто збірае грошы на дабрачыннасць, не заўсёды могуць сваю ідэю правільна сфармуляваць і данесці.

— Ёсць назіранне, што людзі ахвотней ахвяруюць грошы, калі атрымліваюць нешта ўзамен — сувенір, напрыклад...

— Чалавек заўсёды хоча нешта атрымаць. Нават калі просіць нічога не дарыць яму. Усё, што чалавек робіць, — робіць для сябе. Такая прырода: хтосьці хоча адчуць сябе важным, хтосьці выкупіць сваю віну. Гэта абсалютна нармальна. Горш было б, каб не было ніякага матыву дапамагаць.

— На вашу думку, шчодрасць — гэта што?

— Уменне дзяліцца. Эмоцыямі, грашыма. Калі ўмееш дзяліцца — то шчодры.

— Як праект паўплываў на вас?

— Я завёў шмат цікавых знаёмстваў. Для мяне гэта быў важны матыў, каб займацца праектам.

— Што для вас мае сэнс?

— Пастаяннае развіццё. Як той казаў, у сучасным свеце, каб стаяць на месцы — трэба бегчы, каб рухацца наперад — трэба бегчы вельмі хутка. Без развіцця нецікава жыць.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фо­та Сяр­гея НІ­КА­НО­ВІ­ЧА

Загаловак у газеце: Незвычайная дабрачыннасць

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.