Трапіць сюды можна было толькі праз мытню. Кожнага ўдзельніка, госця рэгістравалі: ставілі пячатку на далонь або запясце рукі. Як жартавалі дубінцы, гэтая адзнака дае права наведаць нават Еўрасаюз — ніякая віза не патрэбная. А яшчэ ўсім уручалі дубінскую нацыянальную валюту — 100 долараў, маўляў, мы не разменьваемся на драбязу.
— Чаму менавіта ў вёсцы Дубінá Баярская ладзіцца фестываль такога кшталту? — пацікавілася ў Тамары Каляды, мясцовага культработніка, вельмі нераўнадушнага да роднай спадчыны чалавека.
— У 1909 годзе збіральнік беларускага фальклору, паэт і публіцыст Стары Улас у сваёй кнізе напісаў літаральна наступнае: «Дзесяць вёрст ад Валожына ёсць вялікае сяло Дубіна, і чутна аб ім далёка-далёка. Мае яно, мусіць, з 300 хат, ёсць там і манаполька, і карчма. Народ вельмі паганы, самыя п'яніцы і зладзеі: не толькі што на дварэ нічога не пакінь, але і з будынку павыцягваюць. У мінулым годзе дык выцягнулі ў Янука Паўлоўскага з пуні сячкарню, яна і прапала. У кудраўскага лесніка Максіма пазнікалі калёсы з восяў... А пабіць каго, дык гэта ў іх нават мода: няхай толькі будзе хто на каго злы або другі папросіць, дык нападуць ці на полі, ці на дарозе, і забіваюць да паўсмерці — ідзі ў Дубіну, там усё гэта знойдзеш...» Мне ж захацелася развеяць гэты міф. Так, Стары Улас убачыў нас тымі вачыма і, магчыма, меў рацыю. Але з таго часу прайшло стагоддзе, змянілася жыццё, людзі сталі іншымі, — кажа Тамара Каляда.
Менавіта Тамара Уладзіміраўна стала родапачынальніцай фестывалю, каб паказаць, што не такія дрэнныя яе землякі: самакрытычныя, жартаўлівыя, могуць пасмяяцца над сваімі недахопамі. (Зрэшты, у каго іх няма?)
Дубінцы заўсёды жылі па прынцыпе: салому еш, а фасон трымай. Гэтую рысу характару прыкмеціў пісьменнік Уладзімір Ліпскі і падказаў Тамары Уладзіміраўне трапную назву для гурта народнага гумару — «Дубінскія фанабэры».
Цяпер жыхары вёскі, вядома, салому выкарыстоўваюць хіба што на подсцілку жывёле, ёсць у іх і хлеб, і да хлеба. Адкрытае акцыянернае таварыства «Дубінское-Агра» — даволі моцная гаспадарка, трымае першае месца ў раёне па надоях малака. З 1995-га ўзначальвае яе Генадзь Каспяровіч. А наогул Генадзь Вацлававіч тут ужо трыццаць два гады, пачынаў працоўную дзейнасць з розных пасад. «Ці задаволены вы працаўнікамі? Няма сярод іх гультаёў, лайдакоў, паганых людзей, як пісаў Стары Улас?» — пацікавілася ў дырэктара.
— Людзі добрыя, працавітыя, шчырыя, гасцінныя. Да нас прыязджаюць замежныя турысты, у тым ліку і з Германіі. Было тое ці не, а дубінцы дасюль расказваюць байку, нібыта ў вайну немцы праехалі праз вёску толькі адзін раз, ды і то з перапуду крычалі: «Ахтунг, ахтунг, Дубіна!»
Тым часам свята віравала, гуло: песні, прымаўкі, жарты, гумарэскі так і сыпаліся вакол. Госці і гаспадары падымалі келіхі за «лося» (каб кахалася, вялося, былося). Налягалі на сала, ад якога «душа скакала». А мяне пачаставалі «салоніцай» — бульбай, «фрыштыкамі» — печывам і «рыфмай» — чаркай гарэлкі і бутэрбродам з салам.
Павіншаваць жыхароў са святам прыехалі суседзі: гурты з вёскі Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна «Коласавы землякі», «Сваякі» з Валожына ды калектывы з іншых устаноў культуры раёна. Кожны госць змог знайсці сабе занятак па інтарэсах: дзеці каталіся на атракцыёнах, частаваліся салодкай ватай і марожаным. Дарослыя падпявалі самадзейным артыстам, танцавалі пад вясёлую музыку. А прыхільнікі народнай творчасці з цікавасцю абыходзілі імправізаваныя падворкі, дзе былі выстаўлены работы народных умельцаў: самабраныя абрусы, ручнікі, посцілкі. Ушанавалі падчас свята самага маленькага і самага старога жыхара вёскі.
— Дык якія ж людзі жывуць у Дубіне? — пацікавілася ў жыхароў напрыканцы фестывалю. Яны і расказалі, што дзевак з іх вёскі замуж не бяруць, што ў магазіне ўжо гадоў 40 дэфіцыт на ватоўкі. Як толькі прывязуць — уся вёска ў чарзе стаіць. А дубінскія жанчыны не прызнаюцца, адкуль родам — з-за таго, што нехта калісьці сказаў: «Разумныя людзі ў Дубіне і свіней не купляюць». Вось і зразумей: дзе праўда, а дзе прыдумка...
Дубінскі анекдот
Прыйшла Ганна да суседкі:
— Гэлька пазыч мне гароху, свайго не хапіла.
— Дык сама ж летась клялася, што больш ніколі не будзеш яго сеяць, бо ўсё роўна чарвякі з'ядуць.
— Тое ж летась было... А сёлета палову агарода гарохам засею. Хай трушчаць, хай ім праз бакі павылазіць.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Фота Валянціны КРАЎНЕВІЧ
Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці.
Карэспандэнты «Звязды» пабачылі, як праходзяць рэпетыцыі.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.