У мінулую суботу жыхары славутага старажытнага Івянца, што на Валожыншчыне, былі па-святочнаму ўзрушаны, а сам упрыгожаны горад нібы памаладзеў. Тут сустракалі майстроў і аматараў народнай творчасці з розных куткоў Беларусі, якія з'ехаліся на Мінскае абласное свята-конкурс «Гліняны звон».
— Свята-конкурс майстроў ганчарства праходзіць на Міншчыне восьмы раз. Стартавала яно ў 1996 годзе ў Івянцы, а затым, так бы мовіць, качавала па іншых гарадах і мястэчках. І вось зноў вярнулася сюды — чацвёрты раз, — расказала першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Святлана Баранок. — Гэта невыпадкова, менавіта тут вельмі моцныя традыцыі ганчарства, якія бяруць пачатак у XVІ стагоддзі, а ўжо з канца XІX-га мястэчка лічыцца ганчарнай сталіцай. Тут выраблялі гліняныя посуд, цацкі, музычныя інструменты. Склаліся нават цэлыя сямейныя дынастыі ганчароў. І да цяперашняга часу ў горадзе вельмі развіты гэты напрамак. Менавіта ў Івянцы створаны і працуе музей традыцыйнай культуры, дзе ёсць розныя майстэрні, у тым ліку і ганчарная.
Першапачаткова свята не было такім маштабным. Удзел у ім прымалі каля 20 чалавек. Сёлетні «Гліняны звон» сабраў болей як 80 майстроў і іх вучняў не толькі з Міншчыны, але і з Магілёўскай, Брэсцкай, Гродзенскай, Віцебскай абласцей, са сталіцы.
Сяргей Рымдзёнак прыехаў з аграгарадка Германавічы Шаркаўшчынскага раёна, што на Віцебшчыне. У конкурсе ён удзельнічае ўпершыню.
— У мяне стаж ганчарства больш як 20 гадоў, але не ўсё яшчэ адкрыта. Такія мерапрыемствы шмат даюць у пазнавальным плане. Тут можна ўбачыць і пачарпнуць для сябе нешта новае, пагутарыць з калегамі, азнаёміцца з іх тэхналогіямі вырабу рэчаў. Ды і сваімі прафесійнымі сакрэтамі падзяліцца, — кажа Сяргей.
На стале майстра паліваныя гліняныя вырабы. Найбольш зацікавілі мяне ярка зялёныя яблыкі. Такіх больш на свяце не відаць.
— Гэта брэнд наша раёна. У вёсцы Алашкі жыў і працаваў беларускі Мічурын — заслужаны аграном БССР, вядомы садавод Сікора. Менавіта тут, на яго малой радзіме, каторы год у жніўні ладзіцца фэст «Светлы яблычны Спас — Сікоравай душы часцінка».
Міхаіл Насановіч з Любані — народны майстар Беларусі, працуе ў дзіцячай школе дэкаратыўнага прыкладнога мастацтва. У Міхаіла Аркадзевіча 17 вучняў. Сёння ён прывёз з сабой на свята самых таленавітых: Мікіту і Святлану.
— Трэба, каб маладыя сябе паказалі. А мы, старыя, ўжо адбыліся як майстры, у кожнага свой стыль, тэхніка. Навошта нам спаборнічаць?
Побач з ім яшчэ адзін умелец — Віктар з Салігорска. Мужчына лепіць фігурку каровы.
— Я сам родам з вёскі. А для сельскіх жыхароў карова — гэта карміліца, якая дае і малако, і смятану, і тварог, і кефір. Вось дараблю хвост рагулі, высахне гліна, дык можа каму і згадзіцца, — кажа ён.
— Мы прыехалі з Салігорска цэлай камандай — ганчары, лепшчыкі з гліны, — уступае ў размову Алена Смоліч. — Я прадстаўляю дробную пластыку.
Алена паказвае нам цацку — леў з пілавіння: «Гэта сучасны варыянт».
З нашых краёў была мастачка Алена Кіш. Яна вельмі любіла маляваць гэтых цар-звяроў на сваіх дыванах. І мы туды ж, — тлумачыць майстрыха. — А наогул я займаюся керамікай з дзяцінства. Гэта маё хобі і крыху прафесія...
Тым часам свята гудзела і спявала. Хтосьці з гасцей спрабаваў выкруціць на ганчарным коле гаршчок, жбан або гладыш, зляпіць гліняную цацку. А нехта прыцэньваўся да ўнікальных ужо гатовых бытавых рэчаў для аздаблення сучаснага інтэр'ера кватэры, выбіраў сувеніры сваякам, сябрам. Весялілі шматлікіх гасцей і ўдзельнікаў вядомыя на Міншчыне калектывы народнай музыкі, фальклорныя гурты з Івянца і Валожына. А «Гліняны звон» традыцыйна напаўнялі гукі керамічных свісцёлак, званочкаў, акарын.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Фота Анатоля Клешчука
Больш здымкаў тут.
Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці.
Карэспандэнты «Звязды» пабачылі, як праходзяць рэпетыцыі.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.