Вы тут

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Рыгалі


Рыгалі заўсёды былі невялікай вёскай. Паводле перадваенных перапісаў розных часоў, значылася то 37, то 24 двары. І рэкордная колькасць насельніцтва не перавышала сотні чалавек. Раней вёску з усіх бакоў акружалі балоты. Нялёгка было выжываць яе жыхарам.


— Першая хваля меліярацыі прайшла за польскім часам, — расказвае Любоў Барушка. Сама Любоў Міхайлаўна той час не застала, родам яна з Пружанскага раёна, гісторыю ведае з расказаў старэйшай сястры мужа. Вада падыходзіла да самых хат. Расказвалі, што вопратку скідвалі ў двары ды ішлі купацца. На лодках плавалі фактычна ад самых весніц.

Тады мясцовая ўлада прыняла рашэнне змяніць рэчышча ракі Вінец, якая працякае побач. Акрамя спецыялістаў да работы прыцягнулі сялян. Ад кожнага двара прызначалі па чарзе аднаго-двух чалавек выходзіць на работу. Так за адно лета выпрасталі рэчышча. І вада адышла ад вёскі. Людзям стала намнога лепш.

Ды ўсё роўна лугі, сенакосы заставаліся пад вадой. «Я яшчэ застала тыя часы, калі сена на лодках вывозілі, — расказвае Лідзія Макарэвіч. — А ўжо потым, у 60-я гады, выкапалі каналы, правялі сапраўдную меліярацыю. Вось тады мы адчулі палёгку. Дарогі больш не размывала, у любы час стала магчыма дабрацца ў Падкраічы, у Малеч, у райцэнтр».

Што характэрна, у Рыгалях усе цікавяцца гісторыяй вёскі. Шмат чаго знаюць пра мінулае. Любоў Барушка, зноў жа па расказах сваякоў, ведае, што пры адступленні немцы спалілі ўсе чыста хаты. Людзям давялося адбудоўвацца наноў. А на франтах загінула пяцёра землякоў. Не прыйшоў з вайны і старэйшы брат мужа, якога прызвалі зусім маладым хлопцам. Нагараваліся тутэйшыя людзі, але пасля вайны жылі дружна, умелі працаваць. На вуліцах можна было пачуць песні.

Лю­боў Ба­руш­ка.

Любоў Міхайлаўна доўгі час працавала ў сельскай бібліятэцы. Расказвае, што трыццаць і сорак гадоў таму яе землякі былі актыўнымі чытачамі, асабліва маладое пакаленне. Дзеці вырасталі, з'язджалі ў горад, старых станавілася меней. Бібліятэкі рэарганізоўвалі, меншыя далучалі да большых, адным словам, закрывалі. Так і яна за час работы памяняла некалькі ўстаноў культуры. Але работа ці не самае прыемнае ў яе жыцці. Вельмі цяжкі лёс выпаў на долю гэтай жанчыны. Рана памёр муж. Потым пахавала малодшага сына, а неўзабаве і старэйшага. Перанесла некалькі аперацый, звязаных з анкалагічным захворваннем. Мае другую групу інваліднасці, фактычна не ходзіць. Хатнюю гаспадарку зараз дапамагае весці сацыяльны работнік. Але і рухаючыся на інваліднай калясцы, жанчына ўмудраецца прыгатаваць сабе ежу, памыць бялізну.

Бабуля Люба мае дваіх унукаў, якія жывуць у Брэсцкім раёне. Гэта цяпер яе галоўнае святло ў акне. Прыязджаюць унукі, можа, не так часта, як ёй хацелася б. Але ж яна разумее, у кожнага свае клопаты, работа.

У пакоі Любові Міхайлаўны ляжаць цэлыя стосы старых, яшчэ савецкіх часопісаў: «Некалі выпісвала, чытала, так многа цікавага было. Разумею, што трэба было б выкінуць, але шкада. Можа, гэтым летам нарэшце адважуся і ачышчу паліцы ў шафах», — разважае былы бібліятэкар. Даводзіцца захапляцца характарам, мужнасцю гэтай жанчыны, якая пры ўсіх выпрабаваннях захавала добразычлівасць, цікавасць да жыцця, здольнасць усміхацца людзям.

Яе суседка, 85-гадовая Лідзія Макарэвіч — найстарэйшая жыхарка Рыгалёў. Лідзія Аляксандраўна сказала, што даўным-даўно чула ад старых людзей, нібыта першым пасяленцам тут быў заможны чалавек па прозвішчы Рогаль. Ад яго і пайшла назва населенага пункта. Можа, яно і так. Але цяпер у вёсцы засталося чацвёра жыхароў пакалення нашых гераінь і некалькі маладзейшых. Трэба сказаць, што хаты спрэс стаяць дагледжаныя, калі няма гаспадароў, сядзібы падтрымліваюць у парадку нашчадкі. І толькі адна выглядае напаўразваленай, зарослай бур'яном. Аказалася, у домаўладання ёсць законны гаспадар, правільней сказаць гаспадыня. І жыве яна ў ЗША. Старшыні сельскага Савета Людміле Саламянюк удалося спісацца з той амерыканкай сталага ўзросту. Яна як быццам абяцала наведаць радзіму гэтым летам, каб вырашыць далейшы лёс дома. Без дакумента, які засведчыць згоду гаспадыні, разваліны і прыбраць нельга, хоць яны дакладна не ўпрыгожваюць вясковы краявід.

Лі­дзія Ма­ка­рэ­віч з унуч­кай На­сцяй.

А ў Лідзіі Макарэвіч дом прыгожы, агарод выглядае як узорна-паказальная плантацыя. Са старасцю ёй, можна сказаць, пашанцавала. Пенсіянерка жыве з сям'ёй малодшага сына ва ўтульнай атмасферы сярод блізкіх людзей.

Лідзія Аляксандраўна нарадзілася ў суседняй вёсцы ў шматдзетнай сям'і. Бацька загінуў на вайне. Яна засталася за старэйшую, маці хварэла. Пасля заканчэння сямігодкі вучыцца далей не выпадала. Ды і сем класаў адукацыі тады меў далёка не кожны. Ліду запрасілі рахункаводам у сельсавет. Потым яна папрацавала сакратаром мясцовага органа ўлады. Былая работніца са смехам згадала, што ў абодвух выпадках яе ставілі на пасаду, з якой звальнялі мужчын за схільнасць да выпіўкі. Былі такія праблемы нават у тыя часы.

Калі ж выйшла замуж і пераехала ў Рыгалі, маладую служачую запрасілі ў сельгаспрадпрыемства, тады саўгас «Прагрэс», інспектарам па кадрах. На гэтай пасадзе і працавала яна да пенсіі. Мужа пахавала даўно.

Цяпер яе клопат распасціраецца на дзяцей, унукаў. Старэйшы сын жыве з сям'ёй у Брэсце. Малодшы Павел працуе загадчыкам гаспадаркі ў Падкраіцкай базавай школе. Першыя памочніцы бабулі — дзве ўнучкі. Старэйшая Насця зараз дыпломніца Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, таму часцей бывае дома. З бабуляй яны найлепшыя сяброўкі.

У майскай квецені Рыгалі выглядаюць даволі прывабнай і абжытай вёскай. І толькі высокі насып дарог нагадвае пра іх астраўное мінулае.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Да меліярацыі мы жылі, як на востраве»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.