Вы тут

Размнажэнне бэзу чаранкамі


Позняй вясной і летам бэз можна лёгка размножыць у хатніх умовах, выкарыстоўваючы зялёныя чаранкі. З дапамогай гэтага спосабу можна ўкараніць бэз нават з букета. Пры ўмове, што яго зрэзалі не пазней за суткі таму.


Варта ўлічыць, што бэз — расліна, якая цяжка ўкараняецца. Таму для паспяховага размнажэння важна выконваць пэўныя ўмовы:

  • Не прапусціць тэрмін нарыхтоўкі чаранкоў. Зялёныя галінкі бэзу зразаюць падчас цвіцення або адразу ж пасля яго, бо адраўнелыя чаранкі не ўкараняюцца. І лепш за ўсё рабіць гэта раніцай.
  • Чаранкі трэба выразаць з сярэдзіны кроны маладых кустоў (узростам да 6 гадоў) і з сярэдняй часткі парасткаў. Пры гэтым чаранок абавязкова павінен быць зялёным, даўжынёй 10—15 см і на ім абавязкова павінны быць 2-3 пупышкі. Парасткі, якія ідуць ад тоўстых дрэў, непрыдатныя.
  • Аптымальная тэмпература для ўкаранення чаранкоў — 22—25 °С, а вільготнасць — 85—95%.

Падрыхтоўка зялёных чаранкоў:

  • З дапамогай вострага секатара з ніжняга вузла чаранка выдаліце лісце.
  • Максімальна блізка да гэтага вузла, не пакідаючы пянька, зрабіце косы зрэз. Улічыце: чаранкі са зрэзамі ў міжвузеллі не ўкараняюцца.

Да зрэзу чаранка пастаўцеся вельмі ўважліва: у бэзу карані растуць толькі ў вобласці ніжняга вузла. І няправільна зроблены зрэз прывядзе да таго, што расліны не ўкараняцца.

  • Усё лісце, якое засталося на чаранку, пакараціце напалову.
  • Над верхнім вузлом, адступіўшы 1 см, зрэжце верхавіну парастка. Пры гэтым зрэз павінен быць роўным.
  • Падрыхтаваныя чаранкі змясціце ў раствор са стымулятарам коранеўтварэння на 14—17 гадзін. Тэмпература вады павінна быць 18—20 °С.

Укараненне чаранкоў:

  • Лепш за ўсё ўкараняць чаранкі ў сумесі торфу (2 часткі) і буйназярністага перліту (1 частка). Пясок дадаваць непажадана.
  • У прыдатную ёмістасць насыпце невялікі пласт дрэнажу, а на яго — прыгатаваную сумесь пластом 10 см. Пасля — пласт (3 см) буйназярністага пяску — пажадана выкарыстоўваць рачны.
  • Добра паліце глебу.
  • У вільготным пяску з дапамогай тонкай палачкі зрабіце невялікую лунку і змясціце ў яе чаранок на глыбіню 1 см. Прасачыце, каб зрэз чаранка знаходзіўся ў пяску, але не датыкаўся торфасумесі. Астатнія чаранкі пасадзіце так, каб яны не чапляліся адзін за аднаго лісцем.
  • Чаранкі апырскайце з пульверызатара вадой пакаёвай тэмпературы.
  • Ёмістасць накрыйце празрыстым вечкам з пластыку (можна выкарыстоўваць абрэзаную поліэтыленавую бутэльку) або плёнкай і змясціце ў паўцень.

Догляд чаранкоў

Для падтрымання вільготнасці штодня апырсквайце чаранкі вадой. Пясок не павінен перасыхаць. Каб на лісці не ўтваралася цвіль, раз на тыдзень апырсквайце іх светла-ружовым растворам марганцоўкі.

Пасля з'яўлення каранёў чаранкі пачынайце ветрыць.

Звычайна карані з'яўляюцца праз 30—60 дзён. Да восені чаранкі павінны расці ў чараночніку, а ў верасні высадзіце іх на градку для дагадоўвання, размешчаную ў добра асветленым месцы з лёгкай, урадлівай глебай нейтральнай кіслотнасці, пасля чаго паліце. Пры гэтым адлегласць паміж чаранкамі павінна быць каля 30 см.

Калі восенню лісты на чаранках пацямнелі — не хвалюйцеся. Важна, каб не пацярпелі пупышкі і карані. На зіму атуліце чаранкі спанбондам або лапнікам. Вясной з надыходам цёплага надвор'я сховішча зніміце. Праз 1-2 гады саджанец бэзу можна будзе перасадзіць на пастаяннае месца. І ўжо праз 2—3 гады расліна зацвіце.

Варта ўлічыць, што ў хатніх умовах зялёныя чаранкі, як правіла, укараняюцца толькі ў 50—70% выпадкаў. Таму нарыхтоўвайце некалькі галінак бэзу.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.