Вы тут

Сакрэты велікоднага роспісу яек


Праз тры дні мы будзем адзначаць светлае велікоднае свята. І кожная гаспадыня заклапочана як найлепш упрыгожыць стол. Традыцыйна ў многіх сем'ях ён не абыходзіцца без фарбаваных яек з узорамі — пісанак. Нашы карэспандэнты спасцігалі сакрэты велікоднага роспісу яек у розных рэгіёнах Беларусі.


Справа выключна жаночая

Пра роспіс яек ведаюць усё ці амаль усё ў Вілейскім раённым доме рамёстваў, што знаходзіцца ў аграгарадку Ізбіно. Менавіта тут у 2006 годзе створаны першы ў Беларусі музей пісанкі.

— Яйкі распісвалі не толькі да Вялікадня, але і да Раства, вяселляў, розных урачыстых цырымоній, — расказала метадыст дома рамёстваў Алена Кісялёва.

Роспіс яек — няпростая справа. Гэта таінства, рытуал, падчас якога трэба захаваць шмат умоў. Займалася гэтым толькі жанчына, паколькі яна выношвае і нараджае дзяцей — сімвал новага жыцця.

— Да працы над пісанкай гаспадыня дома рыхтавалася доўга і карпатліва. Перад пачаткам працэсу яна пасціла і малілася. Прычым, падчас яго ніхто не павінен быў прысутнічаць у хаце. Усё рабілася ў вялікай тайне, — распавяла Алена Віктараўна. — Для роспісу неабходны былі не толькі яйкі, але і непачатыя вада, агонь, посуд, якім раней не карысталіся, пчаліны воск, свечкі, фарбы. Апоўначы жанчына прыносіла чыстую ваду абавязкова з трох-чатырох крыніц. Фарбы выкарыстоўвала толькі натуральныя: з пялёсткаў кветак, каранёў, лісця дрэў, кары дуба, шалупіння цыбулі.

Яйкі, на думку нашых продкаў, неслі вельмі сур'ёзную інфармацыю, убіралі ў сябе адмоўную энергію. Таму дарыліся яны толькі сваякам і блізкім людзям. Кожны ўзор нёс у сабе пэўны сэнс і пажаданні. Пісанка з выявай рака прыцягвала дастатак і багацце, кветкі малявалі для жанчыны, якая хацела мець дзяцей. Ластаўкі азначалі прыход вясны, зярняты — урадлівасць, спіраль — доўгае жыццё. Але, бадай, самыя распаўсюджаныя арнаменты — сонечныя знакі. Нашы продкі пры вырабе пісанак звычайна выкарыстоўвалі чатыры асноўныя колеры: чырвоны, жоўты, чорны, карычневы — адпаведна сімвалы агню (радасці), сонца, зямлі, урадлівасці.

Сапраўдная пісанка не псавалася вельмі доўга. Жаўток і бялок проста высыхалі ўнутры. Ужо пазней з яйка пачалі шляхам праколу шалупіння выдаляць змесціва. Пісанка захоўвалася, як правіла, на покуце пад іконай, паколькі яна лічылася абярэгам роду. З пісанкай звязана і шмат абрадаў нашых продкаў. Яйка кідалі пад ногі хатняй жывёле, калі выпускалі вясной на пашу, не наступіць на яго карова, значыць, усё будзе добра. Пісанку клалі ў калыску да малога, якое толькі нарадзілася, ёй абкладвалі кулічы — для Бога і продкаў. Для бацькоў іх змяшчалі на прарослы авёс. Калі пісанка лопалася або трэскалася, яе спальвалі. Лічылася, што яна ўвабрала ў сябе нядобрую сілу і адвяла бяду ад сям'і.

У Ізбіно сабрана багатая экспазіцыя распісаных яек. Іх дораць госці, якія часта наведваюць музей. У музеі праводзяць значную работу па папулярызацыі пісанкі сярод дзяцей і дарослых. Спецыялісты праводзяць майстар-класы ў навучальных установах, арганізацыях раёна. У Ізбіно прыязджаюць з-за мяжы. Не толькі палюбавацца шэдэўрамі, але і павучыцца тэхніцы іх вырабу.

Роспіс па-сапоцкінску

З Ганнай Галубцовай мы сустрэліся ў мясцовым культурна-турыстычным цэнтры пасёлка Сапоцкін Гродзенскага раёна, дзе 23 красавіка ўрачыста адкрыецца музей велікоднай пісанкі. Тут захавалася старажытная тэхналогія роспісу, якая два гады таму ўвайшла
ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі як элемент нематэрыяльнай спадчыны. Ганна Чаславаўна, загадчык цэнтра, прапанавала пафарбаваць яйкі па сапоцкінскім «рэцэпце».

Пакуль на электрычнай плітцы плавіцца воск, Ганна вядзе ў пакой, дзе ўжо сабрана экспазіцыя будучага музея. У ім прадстаўлены розныя цікавыя тэхнікі афармлення велікодных яек. Так, юныя майстры выкарыстоўваюць для гэтага ніткі, бісер, розныя збожжавыя культуры, коцікі вярбы, дэкупаж... А больш сталыя майстрыхі прынеслі сюды велікодныя пісанкі. Тэхналогію яны пераймалі яшчэ ў сваіх матуль.

Гэту навуку я і паспрабую адолець з дапамогай Ганны Галубцовай.

...Воск на плітцы закіпеў, і пакой напоўніўся пчаліным водарам. Для роспісу патрэбен менавіта натуральны прадукт, таму яго купляюць у пчаляроў, альбо можна расплавіць царкоўную свечку.

Такім чынам, на стале знаходзіцца прылада для роспісу, бляшанка з афарбоўкай і латок з сырымі белымі яйкамі. Аказваецца, у Сапоцкіне цяжка купіць белыя яйкі, таму іх прывезлі з Гродна. Чаму так важна скарыстацца менавіта белымі? Бо на іх узор выглядае больш выразным.

Асобна трэба сказаць пра інструмент для роспісу. Прылада не мудрагелістая, але на дарозе не валяецца. Трэба зрабіць самому. На канцы драўлянай палачкі ўбіць па цвіку. Адзін з маленькай плешкай, другі — з большай. Спачатку спасцігаю, што тонкія лініі робяцца меншым цвіком, а таўсцейшыя — большым. І не трэба марудзіць, каб воск не астыў. Цяпер застаецца ўключыць фантазію...

— Думайце пра нешта добрае, светлае, і рука сама пачне выводзіць узор, — падбадзёрвае Ганна Чаславаўна, — часцей за ўсё нашы майстры малююць праменьчыкі, ружы, вярбу, рамонкі, васількі, дубовыя лісцікі, хвалі, рожкі, нейкія сімвалічныя ўзоры. Яйка набывае сакральны сэнс, становіцца нават талісманам, абярэгам...

Справа не здаецца такой простай, як падалося спачатку. Бо хочацца, каб было і сіметрычна, і прыгожа. Але замест узору з-пад цвіка выходзяць крывыя лініі ці проста кропелькі воску. Зноў і зноў мачаю цвік у гарачы воск... Тым не менш першы вопыт не такі дарэмны. Цяпер можна і ў хатніх умовах гэту практыку прадоўжыць.

Мая настаўніца папярэджвае: нанесці ўзор воскам — гэта паўсправы. Наступны важны этап — афарбоўка. Нарыхтаваць фарбу трэба загадзя, за 1—2 месяцы да Вялікадня. Для гэтага ржавыя цвікі ці іншае жалеза, кару дуба, кару вольхі заліваюць кіпнем. Настой за месяц атрымліваецца вельмі цёмны, амаль чорны, у яго апускаюць на ноч яйкі. Ганна Галубцова кажа, што лепш, каб яны былі сырыя. А зварыць можна ў шалупіне ад цыбулі, каб пазбавіцца ад воску. Тады з'явіцца больш чырвонае адценне. Гэта і ёсць знакамітая сапоцкінская пісанка — белы ўзор на цёмна-карычневым альбо чорным фоне. Цёмны — колер зямлі, светлы — чысціні, бязгрэшнага жыцця.

У прыгранічным Сапоцкіне спадзяюцца, што велікодны брэнд прывабіць і турыстаў. Бо праз пасёлак праходзіць дарога, якая вядзе на Аўгустоўскі канал. Паедуць туды — завітаюць і ў музей пісанкі. Тут ім гатовы не толькі паказаць экспанаты, якіх больш за 400, але і правесці майстар-клас.

Унікальныя пісанкі праславілі Сапоцкін на ўсю краіну. Самыя вядомыя майстры сапоцкінскага роспісу — сям'я Зайко, работы якіх ёсць у Гродне і Мінску. Традыцыі працягваюць сённяшнія жыхары — Марыя Масевіч, Антаніна Юрчэня. Усяго 14 майстроў сталі аўтарамі новага музея. Дзякуючы ім і захавалася ў раёне старажытная тэхналогія роспісу яек.

Летась мы правялі першае Свята пісанкі, — расказвае Наталля Рамановіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага райвыканкама, — а калі ўбачылі, колькі жыхароў прынялі ў ім удзел, вырашылі — экспанатаў хопіць і на музей. Так пачала стварацца экспазіцыя, у якой галоўнае месца займае сапоцкінскі роспіс. А Свята пісанкі будзе традыцыйным, сёлета яно працягнецца да 30 красавіка.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Чароўная магія пісанкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.