Красавіцкія паказы праекта TheatreHD Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "Арт карпарэйшн" праходзяць у кінатэатрах "Цэнтральны", "Масква" і Falcon Club Буцік Кіно.
Раз у год "Арт карпарэйшн" арганізуе міжнародны тэатральны фестываль "ТЭАРТ", калі прыкладна на працягу месяца ў Мінску паказваюцца найцікавейшыя, найвыбітнейшыя, трэндавыя пастаноўкі вядомых і не вельмі аўтараў з Беларусі, Расіі і Еўропы. Праект TheatreHD, канечне ж, не з’яўляецца ў пэўным сэнсе працягам фестываля, але становіцца яго альтэрнатывай, таму што транслюе таксама найцікавейшае і найвыбітнейшае.
У праграму ўключана, напрыклад, камедыя "Мізантроп", дзе сышлося ўсё — статус адной з найвядомейшых п’ес Мальера, пастаноўка ў найстарэйшым тэатры Францыі і ўвогуле Еўропы "Камедзі Франсэз" (часам яго называюць Домам Мальера), рэжысура вядомага "мальераўскага" акцёра Клемана Эрвьё-Лежэ. Гэта ў нейкім сэнсе магія сучасных тэхналогій: класічная камедыя ў сучасным прачытанні прыйдзе на мінскі экран, амаль як на сцэну, з самага цэнтра Парыжа, з берага Сены, адкуль дастаткова зрабіць літаральна некалькі крокаў і патрапіць у Луўр.
Красавіцкі расклад праекта TheatreHD адзначае месяц нараджэння Уільяма Шэкспіра, што ўвасабляецца ў двух пастаноўках тэатра "Глобус", да ўзвядзення першай пабудовы якога меў дачыненне сам драматург. Трагедыя "Рычард II" са сваімі разважаннямі пра цяжар каралеўскага сана прызначана на 18-га.
Суперзорка опернай сцэны Ганна Нетрэбка, якая спявае на галоўных пляцоўках свету, сыграе Таццяну Ларыну ў "Яўгене Анегіне", пастаўленым на вядучай опернай сцэне — у нью-ёркскім Метраполітан-опера. Трэба прызнаць, што яе сапрана сёння прыцягвае гледача ў тэатры не менш, чым імёны класікаў Пушкіна і Чайкоўскага і сама гісторыя кахання Ларынай і Анегіна. Трансляцыя пастаноўкі адбудзецца 22 красавіка. З Метраполітан-опера да Мінска данясецца таксама (12 красавіка) опера чэшскага кампазітара Антаніна Дворжака "Русалка", дзе галоўную ролю выконвае амерыканская оперная спявачка Рэнэ Флемінг.
Каралеўскі Нацыянальны тэатр прадставіць свой рэпертуар у Мінску двума пастаноўкамі. 19 красавіка — прэм’ера спектакля "Геда Габлер" па нарвежскаму драматургу Генрыку Ібсэну. А 26 красавіка будзе паказана "Святая Іаана" па Бернарду Шоу.
Адзін з найцікавейшых сучасных расійскіх кінарэжысёраў, які не так даўно прымусіў абмяркоўваць свой фільм "Вучань", Кірыл Сярэбранікаў з’яўляецца таксама пастаноўшчыкам незлічонай колькасці тэатральных работ. Убачыць яго аўтарскую інтэрпрэтацыю "Героя нашача часу", створаную ў маскоўскім Вялікім тэатры можна 9 красавіка. У балеце "Герой нашага часу" Вялікага тэатра Сярэбранікаў з’яўляецца аўтарам лібрэта, мастаком-пастаноўшчыкам і нарэшце рэжысёрам-пастаноўшчыкам. Аўтарам парцітуры для балета з’яўляецца малады кампазітар з Санкт-Пецярбурга Ілля Дзямуцкі, які за музыку да ўжо згаданага фільма "Вучань" атрымаў прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі.
Праграма праекта TheatreHD гэтага месяца абыходзіцца без гучных імёнаў вядомых кінаакцёраў, а робіць націск на імёны драматургаў, кампазітараў і спевакоў.
Соф’я КІСЯЛЁВА
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.