Вы тут

Нідэрландскі фільм выйдзе ў шырокі пракат у беларускай агучцы


Памятаю, адзін з беларускіх кіназнаўцаў распавядаў пра моўны аспект выхаду беларускіх фільмаў на экран у 1920—1930 гадах. У нямы перыяд карціны суправаджаліся цітрамі на чатырох мовах — беларускай, рускай, польскай і ідыш, а ў час першых крокаў у гукавым кіно нават расійскія акцёры, што здымаліся ў беларускіх фільмах, размаўлялі перад камерай па-беларуску.


Сёння нашу мову рэдка пачуеш у кінатэатры: беларускія фільмы гучаць на рускай, што датычыцца пракату, нам лягчэй і танней карыстацца гатовым расійскім дубляжом. У гэтай спецыфічнай моўнай сітуацыі сапраўды выключнай выглядае навіна пра тое, што замежны фільм выйдзе ў шырокі беларускі пракат, прычым будзе паказвацца не толькі ў сталіцы, але і ў іншых гарадах, — на беларускай мове.

Гэта будзе нідэрландскі фільм «Шторм: палаючы ліст» 2017 года, пераклад і пракат якога падрыхтаваны праектам Андрэя Кіма «Беларускія ўікэнды» пры падтрымцы мабільнага аператара velcom і правайдара «Атлант-Тэлекам».

Выхад абранай стужкі прымеркаваны да пяцісотгоддзя беларускага кнігадрукавання: прыгодніцкі па сутнасці фільм рэжысёра Дэніса Ботса мае гістарычны кантэкст і адсылае да пяцісотгадовай даўніны — часоў Рэфармацыі, інквізіцыі і пачатку гісторыі кнігадрукавання.

«Шторм Вyтэн, сын кнігадрукара, становіцца аб'ектам палявання з боку інквізіцыі. З дапамогай Марыйкі, загадкавай дзяўчыны, якая жыве ў падземных калектарах Антверпена, Шторм спрабуе выратаваць свайго бацьку ад немінучай смерці» — так прэзентуе сюжэт будучай прэм'еры праект «Кінаконг» Андрэя Кіма, адзіны, які займаецца выхадам замежных фільмаў на вялікі экран на беларускай мове.

Калі раней паказы фільмаў праекта «Беларускія ўікэнды» — гэта і «Падынгтан» Пола Кінга, і «Пакуль ногі носяць» Роба Райнера, і «Цудоўна ласка» Майкла Эптэда, і мультфільм «Таямніца Келза» аніматараў Норы Тумі і Тома Мура — насілі хутчэй адзінкавы характар, то гэтым разам карціна будзе дэманстравацца ў сталічных кінатэатрах «Аўрора», «Беларусь» і «Масква», а таксама ў трох кінатэатрах сеткі Sіlverscreen, а ў лістападзе будзе прэзентавана ў іншых гарадах Беларусі.

Дарэчы, адзін фільм рэжысёра Дэніса Ботса мы ўжо мелі магчымасць глядзець у беларускай агучцы: у свой час праект «Кінаконг» паказаў гледачу яго карціну 2012 года «Добрыя дзеці не плачуць».

Прэм'ера карціны «Шторм: палаючы ліст» у беларускай агучцы адбудзецца ў Мінску 27 кастрычніка.

Сафія КІСЯЛЁВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.