У грамадскім транспарце з'явіўся бясплатны інтэрнэт. Пілотны праект рэалізаваны ў Гомелі, дзе па гарадскіх маршрутах пусцілі аўтобусы з Wі-Fі-доступам для пасажыраў, расказалі ў кампаніі vеlсоm, якая забяспечыла рэалізацыю тэхнічнага рашэння.
Бясплатным інтэрнэтам пасажыры змогуць карыстацца на працягу ўсяго маршруту руху аўтобуса. Для гэтага рухомы састаў абсталяваны магутнымі роўтарамі, якія атрымліваюць сігнал праз 3G-сетку, пасля чаго раздаюць трафік пасажырам па тэхналогіі Wі-Fі. Сетка забяспечвае ўстойлівы прыём у любым пункце салона.
На першым этапе Wі-Fі з'явіўся ў 20 аўтобусах, якія курсіруюць у Гомелі па самым працяглым аўтобусным маршруце №17 «Мікрараён Клянкоўскі — Медгарадок». Адначасова карыстацца бясплатным інтэрнэтам могуць да 80 пасажыраў. Прапускной здольнасці хопіць, каб праверыць пошту, напісаць сябрам у сацсетках і пераслаць фатаграфію. Прычым сетка зроблена такім чынам, каб забяспечыць камфортную хуткасць доступу ў інтэрнэт адразу для значнай колькасці пасажыраў.
Пілотны праект рэалізаваны ААТ «Гомельаблаўтатранс» і кампаніяй vеlсоm. У хуткім часе ў абласным цэнтры з'явяцца яшчэ каля 100 Wі-Fі-аўтобусаў. Пасля на бясплатны інтэрнэт у грамадскім транспарце, магчыма, пяройдуць і іншыя гарады. Ужо цяпер кампанія vеlсоm гатова прапанаваць інавацыйнае рашэнне транспартным перавозчыкам па ўсёй краіне.
Каб карыстацца бясплатным інтэрнэтам, пасажырам трэба прайсці ідэнтыфікацыю. Для гэтага ў vеlсоm распрацавалі адмысловы партал аўтарызацыі. Механізм максімальна спрошчаны: на нумар тэлефона карыстальніка прыходзіць SMS з кодам, які трэба ўвесці ў пазначаны радок на партале. Такая схема адобрана рэгулятарам і цалкам адпавядае патрабаванням заканадаўства.
Сяргей РАСОЛЬКА
Што за таемнымі дзвярыма?