Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


«Гэта — горад...»

...Прачнуцца сярод ночы і адразу сцяміць, што адбываецца (у прыватнасці, што дзе звініць?), можа не кожны. Мне, напрыклад, давялося разоў колькі страсянуць галавой, а ўжо потым зразумець, што звоняць нам, раз-пораз, у дзверы... Але хто? І чаго?

Я ўстаў, спехам накінуў нешта з адзежы, паглядзеў у вочка дзвярэй. За імі, то адступаючы ў бок парэнчаў, то прыпадаючы лбом да налічніка, хістаўся нейкі незнаёмец... Небяспекі ён не ўяўляў (і нават не мог), таму я адчыніў дзверы — мусіць, нават зарэзка, бо мужчына спалохаўся, адхінуўся назад і... грымнуўся вобзем.

Першая думка была: усё, забіўся! Бо, па-першае, ляжаў ён акурат як нябожчык, роўненька ногі выцягнуў... а па-другое, адзеты быў у чорны новенькі гарнітур з бялюткай кашуляй і гальштукам...

Відаць, на грукат ад упаўшага цела на пляцоўку выйшаў сусед.

Следам за ім — на галасы — «падцягнулася» жонка. Якраз яна, уважліва агледзеўшы «нябожчыка», прызнала, што жыве той, здаецца, у гэткай жа кватэры, як наша, толькі на два паверхі вышэй.

Стаміўся, значыць, бядак, не «дапоўз» дадому.

Мы з суседам яго пад рукі — павялі наверх, націснулі кнопку званка.

Адчыніла нам...

Не, гэта была не жанчына, а сапраўдная львіца, гатовая разарваць любога! А тут і ахвяра якраз...

Апошнімі словамі, як той казаў, бэсцячы «нябожчыка», «львіца» ўзялася... лупіць яго па чым папала ды крычаць, што даўно б развялася, калі б ён не карміў, не забяспечваў сям'ю.

Урэшце жанчына, відаць, стамілася,  адступіла трохі ўбок. Мы з суседам завалаклі небараку за парог кватэры, якая, мякка кажучы, нас здзівіла. Чым? Вельмі свежым дарагім рамонтам, мэбляй, паркетам... Карацей, усё там сведчыла калі не пра высокую пасаду нашага «нябожчыка», то ўжо пра яго заробкі — дакладна...

Між тым, загадаўшы кінуць здабытчыка, дзе стаялі (гэта значыць, на дыванку ў вітальні), гаспадыня нам нават дзякуй не сказала за тое, што прынеслі... А зрэшты, не вельмі і чакалі, няхай...

Хоць заснуць пасля гэтых прыгод я болей не змог: думаў аб прычынах п'янства (наогул і ў прыватнасці...), аб разводах. Мне чамусьці выразна ўяўлялася, як вось гэтыя двое прачнуцца, як пачнуць высвятляць адносіны (відавочна — у чарговы раз), як потым, крый Бог, разбягуцца, развядуцца...

Балела душа за іхніх малых (калі яны ёсць?), за жывых бацькоў, якія разводы сваіх дзяцей перажываюць, здаецца, больш, чым самі дзеці.

Якое ж было здзіўленне, калі праз нейкі дзень я тых сужэнцаў сустрэў! Яны — памылкі не было: той самы «нябожчык» у новым касцюме ўжо прыгожага сіняга колеру і ягоная «львіца» (прыбраная-прыбраная!) — у абдымку ішлі насустрач, аб нечым міла шчабяталі і весела смяяліся.

Мы размінуліся: яны не пазналі мяне, я, у сваю чаргу, зрабіў выгляд, што не ведаю іх.

І нічога дзіўнага, бо гэта — горад... У ім, нават жывучы праз паверх, можна гадамі не сустракацца. Можна яшчэ — незаўважна з'ехаць. І можна прыбірацца так, што ніхто цябе не пазнае. Альбо зробіць выгляд...

Іван Я.

г. Мінск.


Сакавіцкі падарунак для жонкі

Кожны раз, калі размова заходзіць пра святы і падарункі, я ўспамінаю гэту гісторыю. Класіка жанру, як той казаў: вярнуўся муж з камандзіроўкі...

Зрэшты, у нашым выпадку — ён вярнуўся з курсаў павышэння кваліфікацыі, што, вядома ж, справы не мяняе, а тым больш, калі ведаць, што завяршыцца тыя курсы павінны былі сёмага сакавіка, але — ці не з гэтай прычыны? — «курсантаў» узялі і «распусцілі» раней — шостага ды яшчэ і перад абедам...

Гэта, як той казаў, трэба было адзначыць, таму хлопцы добра пасядзелі ў гасцініцы, потым «пашліфавалі» крыху ў аўтобусе. Факт, што Ігар (назавём чалавека так) быў у гуморы і гневу жонкі зусім не баяўся. Ну, па-першае, таму, што выпіваў зрэдку і дурнымі ўчынкамі тады не славіўся, па-другое, ёй, сваёй Ніначцы, вёз падарунак. Нават два: букет шыкоўных руж і каробку з дарагімі туфлямі. З жонкай некалі акурат такія ў краме мералі, але яна не купіла — грошай пашкадавала. А вось Ігар — ён не такі: ён не скнара, не жмінда. Вырашыў: «Колькі таго жыцця, хай прыбярэцца Ніна, хай парадуецца. У яе ж заўтра свята».

А пакуль яно было ў Ігара. І таму, «шліфуючы», ён... праехаў прыпынак — апынуўся аж за 70 кіламетраў ад дома!..

У родную вёску дабіраўся потым на перакладных і досыць доўга: толькі пад раніцу ціхутка (як яму здавалася) адчыніў дзверы...

Тут патрэбна невялічкае тлумачэнне: жыў наш герой на новай, роўнай, як лінейка, вуліцы, забудаванай абсалютна аднолькавымі дамамі. Прычым блізнятамі яны былі не толькі звонку, але і ўнутры, бо тыпавыя праекты, адна планіроўка, як і мэбля, бо выбару ў той час не было. А такую «дробязь», як адсутнасць альтанкі, якую ўласнаручна паставіў у сваім двары, Ігар проста не заўважыў.

Дык вось. Пераступіўшы парог дома, ён перш-наперш зазірнуў у спальню — узрадаваўся, што жонка спіць, і хуценька пайшоў у кухню. Па дарозе, праўда, наступіў на лапу кату, якога ў іх... не было. Той гучна яўкнуў, аднак Ігар ні на што не зважаў. Ён ужо бачыў, якой радасцю засвецяцца вочы жонкі, калі яна зойдзе ў кухню, калі ўбачыць на стале букет (набраўшы ў слоік вады, ён паставіў ружы). Потым дастаў з каробкі туфлі і размясціў іх побач... Палюбаваўся яшчэ на тварэнне рук і дапоўніў «карціну» касабокай васьмёркай, выкладзенай з фіялетавай цыбулі.

Усё, жонка магла прачынацца: сюрпрыз быў гатовы. Таму Ігар — з пачуццём глыбокага задавальнення — накіраваўся ў спальню, раздзеўся і шмыгануў пад коўдру.

Што было далей?

Ды ўсё зусім не так, як нехта, магчыма, уявіў. Суседка Святлана (а гэта была яна, а не жонка Ніна), нават не «падумала» прачынацца ды падымаць нейкі вэрхал... Зусім нядаўна зваліўшыся з ног (у яе дачушкі рэзаўся новы зуб), яна спала так, што не пачула б гарматы, не тое што нейчай прысутнасці...

Аднак (закон подласці працуе без збояў) праз гадзіну-другую да яе зазірнула... Ніна (у той алей дома скончыўся). З вітальні ціхутка (малое ў хаце) паклікала Святлану. Не пачуўшы адказу (гэта ж вёска), зазірнула ў кухню. Пастаяла там — палюбавалася на падарунак ды па-добраму пазайздросціла: «Ну не муж у Светы, а золата!»... Адліла яшчэ алею сабе ў шклянку... Сабралася дамоў. Ды, праходзячы міма прыадчыненай спальні, кінула вокам на ложак — на аголеныя плечы суседкі, на чупрыну... уласнага мужа.

Сюрпрыз, карацей, удаўся: шок яшчэ той быў! І ў каго з гэтай тройцы большы, яшчэ невядома.

Потым, у святы, па-суседску седзячы за агульным сталом, сужэнцы не раз (і ва ўсіх дэталях) успаміналі Ігараў «падарунак» ды ад душы рагаталі.

А тады, шчыра кажучы, было не да смеху.

Алена НЕСЦЯРОНАК,

г. Докшыцы.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.