Вы тут

Камень як сімвал родавай памяці беларусаў


Практычна на ўсёй тэрыторыі Беларусі можна знайсці камяні розных памераў, якія былі надзелены статусам сакральнасці і сталі аб'ектам шанавання і выкарыстання ў розных абрадавых практыках нашага народа. Да іх адносяцца так званыя камяні «шаўцы», «краўцы», «следавікі», «каменныя бабы», паклонныя крыжы, камяні-ахвярнікі і інш.


Адначасова з вадой і зямлёй, вакол якіх сфарміраваны багаты комплекс уяўленняў, камень стаў трэцім па значнасці першаэлементам тварэння прыроднага асяродка. Калі вада ўспрымаецца першакрыніцай, якая дала само Жыццё на Зямлі, калі зямля стала матуляй-карміцелькай (а калі Матуляй, то фактычна той, хто дае жыццё Роду чалавечаму, і адначасова той, хто прымае наша фізічнае цела на вечны спачын), то камень, верагодна, у сувязі з яго фізічнымі якасцямі — застаўся цвёрдым і нязменным на працягу многіх стагоддзяў, стаў сімвалам ПАМЯЦІ Роду чалавечага. Аднак памяці не ў яе застылай форме (як, напрыклад, літары старажытнага алфавіта на глінянай пласціне), а ў форме родавага куміра, які адначасова і застылая матэрыяльная абалонка, і адухоўлены прадмет, здольны, на думку нашых продкаў, усяляк садзейнічаць працягу Роду.

Напрыклад, камень пад назвай «каменная дзяўчына», які знаходзіцца ў вёсцы Данілевічы Лельчыцкага раёна, успрымаецца мясцовым насельніцтвам як антрапаморфная адухоўленая істота. Жыхары вёскі з шчырай верай расказваюць паданне, што ў гэты камень ператварылася дванаццацігадовая дзяўчынка, якая была праклята сваёй маці за непаваротлівасць. Яны складвалі сена ў копы, а тут наляцела дажджавая хмара. Маці папрасіла непаслухмяную дачку паскорыць працу. Злое слова вылецела з вуснаў маці: «Каб ты каменем стала!» Тут ляснуў пярун — і дзяўчына скамянела. З цягам часу сталася так, што дзяўчына-камень (у якой фактычна захаваўся патэнцыял нерэалізаванай жанчыны-маці) стала дзіўным чынам садзейнічаць тым маладым жанчынам, якія з розных прычын не маглі нарадзіць дзіця. Вельмі прыгожы і лагічна абгрунтаваны ход народных разважанняў: паколькі ў зямным жыцці дзяўчына не стала парадзіхай, то яе патэнцыяльная здольнасць прадаўжальніцы роду «захавалася» ў камені.

«Каменная дзевачка» стала своеасаблівым месцам канцэнтрацыі родавай жыццядайнай энергіі, гістарычнай памяццю роду, зафіксаванай у спецыфічным рытуале. Камень-«дзяўчына» валодае неймавернай прыцягальнай сілай. Памятаеце, у казках Баба-Яга збірае вакол сябе жывых істот, каб даведацца пра незвычайныя навіны свету. Вось так у Данілевічах у велікодную ноч да каменя прыходзяць жанчыны, становяцца перад ім на калені, шэпчуць малітву і звязваюць на поясе цудадзейнай «дзяўчыны» фартушок, вышыты ўласнымі рукамі. Камень-«дзяўчына» — гэта той рытуальны цэнтр (яны абавязкова прысутнічаюць у розных рэлігіях свету як духоўныя маркёры зямных падзей будучых небажыхароў), з якога пачынаецца тварэнне яго свету, і той, хто трапляе ў яго энергаінфармацыйнае поле, сам атрымлівае здольнасць тварыць-зачынаць жыццё.

Звернем увагу на гэтую важную акалічнасць: фартух мела права насіць толькі жанчына-маці. Успомніце: напрыканцы вяселля маці жаніха здымала з нявесты намітку (сучасную фату) і павязвала два атрыбуты жаночай долі — хусціну (жанчына не мела права хадзіць з непакрытай галавой) і фартух (на якім былі вышыты арнаментальныя родавыя (!) знакі), тым самым публічна сцвярджалася, што нявестка становіцца паўнапраўным членам Роду.

Летам 2012 года мы апынуліся ў вёсцы Кветча Лепельскага раёна, дзе сутыкнуліся яшчэ з адной старажытнай формай народнага светаўспрымання. Адным сваім бокам вуліца літаральна ўпіралася ў старыя могілкі. Яны невялікія па памерах, аднак пазначаны на картах ХІХ стагоддзя. Уся тэрыторыя могілак — гэта насыпаны курган не больш за трыццаць метраў у дыяметры вышынёй каля двух метраў. На могілках няма ні аднаго крыжа, а кожнае месца пахавання пазначана двума камянямі. У галавах ляжыць камень большага памеру (каля сарака — пяцідзесяці сантыметраў у дыяметры), у нагах — значна меншы. Летам 2015 года аналагічную маркіроўку магіл мы знайшлі на старой частцы могілак каля вёскі Заазер'е Бялыніцкага раёна. Пара камянёў выконвала ролю не толькі наземнага маркёра межаў пахавання, але і стала своеасаблівым увасабленнем памяці жывых аб памерлым сваяку.

Падчас паездкі ў вёску Моталь Іванаўскага раёна мы пазнаёміліся яшчэ з адной рытуальнай практыкай, у цэнтры якой таксама аказаўся камень. Мясцовая, існуючая толькі ў гэтай вёсцы традыцыя наўпрост звязала гэты першаэлемент тварэння свету з глыбіннай памяццю Роду. Вясной магілы сваякоў наведваюць у «Наўскі Вялікдзень» — чацвер на велікодным тыдні, а восенню — у памінальную суботу напярэдадні дня ўшанавання Міхаіла Архістраціга (20 лістапада). Гэты дзень так і называецца «Міхайлаўскія Дзяды». У некаторых этнаграфічных крыніцах указваецца на тое, што восенню памінаюць перш за ўсё даўно памерлых сваякоў (таму і назва — «Дзяды»), а вясной — на Радаўніцу — наводзяць парадак на магілах новаспачылых. У мотальскай традыцыі акцэнты расстаўлены інакш. У Міхайлаўскую суботу ў мясцовым храме разгортваецца ўнікальны па сваім змесце цырыманіял. На памінальнае набажэнства прыходзяць тыя, у чыіх сем'ях у перыяд з мінулагодніх Дзядоў і да цяперашніх нехта памёр. У ПАМЯЦЬ аб ім у храм прыносяць і кладуць бліжэй да алтара невялікі па памерах, але «прыгожы» на выгляд камень для яго далейшага асвячэння.

Жыхары вёскі расказвалі, што ў 2015 годзе ў царкве асвячалася каля 60 камянёў, частка з якіх была адрасавана нябожчыцам-жанчынам, а другая — памерлым мужчынам. Пасля богаслужэння і правядзення спецыяльнага рытуалу асвячэння камянёў памяці сваякі ішлі на могілкі і клалі іх «у галавах», проста за надмагільным крыжам. Менавіта таму гэты абрад атрымаў назву «Прыкладанне каменя».

Жыхары Моталя выдатна адчуваюць сябе адразу ў дзвюх гістарычных і розначасовых традыцыях: дахрысціянскай, язычніцкай (магільную прастору маркіравалі адным або двума камянямі) і больш позняй — хрысціянскай (магіла сваяка была пазначана крыжам). Аб гармоніі суіснавання дзвюх традыцый гаворыць наступны факт. Некалькі гадоў таму сюды быў накіраваны святар, які шчыра прызнаўся, што не знаёмы з падобным рытуалам. Тады сабраліся старажылы вёскі і дэталёва пазнаёмілі новага святара са старой традыцыяй. Два бакі хутка знайшлі паразуменне і абрад працягнуў сваё далейшае існаванне.

Камень як сімвал родавай памяці цяпер застаецца візуальным атрыбутам не толькі памяці, але і «каменем спатыкнення» — яднання жывых і памерлых, Роду, канкрэтна звязанага з гэтай тэрыторыяй і ўсяго Роду чалавечага... Так заўсёды было ў гісторыі чалавецтва: нехта разбураў храмы — раскідваў камяні, а нехта іх збіраў, каб узвесці храм душы, храм яднання, храм суіснавання Нябеснага і Зямнога. Гэта традыцыя гаворыць не толькі аб знешнім праяўленні духоўнай традыцыі, але і аб глыбіні яе пранікнення ў душы людзей, якія будуюць храм свайго спасціжэння Бога.

Аксана Катовіч, Янка Крук

Загаловак у газеце: Камень Памяці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.