Вы тут

Ці патрэбны сваты на вяселлі?


Каму ж на вяселлі давяралі пачэсную ролю сватоў, якая была раней ледзь не самай галоўнай, бо дзякуючы іх непасрэднаму ўдзелу калісьці адбывалася сватаўство і «заручыны», якія папярэднічалі вяселлю? Вакол гэтых вясельных чыноў сфарміраваўся своеасаблівы кодэкс гонару, які сфакусіраваў тыя «залатыя» правілы традыцыйнага светапогляду, якія ставілі іх у цэнтр абрадавых падзей. Відаць, зусім невыпадкова першымі прэтэндэнтамі на ролю сватоў былі хросныя бацькі жаніха і нявесты.


Фота: out-club.spb.ru

Глядзіце самі. Хросныя бацькі былі на першым плане ўрачыстага застолля і ў дзень хрышчэння немаўляці, і на святочных радзінах, і ў дзень вяселля сваіх хрэснікаў, падводзячы тым самым рысу пад часам актыўнага ўзаемадзеяння ў кантэксце абрадавых падзей Роду.

Такім чынам, хросныя бацькі завяршалі этап духоўнага фарміравання маладых людзей, а шафер і шаферка, якія толькі ўваходзілі ў прастору будучага духоўнага настаўніцтва, павінны былі яе падхапіць (нагадваем: калі ў маладых нараджалася дзіця, першымі, каму яны павінны прапанаваць стаць хроснымі, былі шафер і шаферка з іх вяселля).

Этапам складанага абрадавага пераходу з аднаго стану маладых у іншы кіравалі сваты, якія павінны былі ведаць гісторыю жыцця маладых, іх сем'яў і сваякоў і праз прызму гэтых ведаў імкнуліся паўплываць на лёсы. У такім разе сват — звязвальная нітка паміж мінулым і будучым.

Калі ж хросныя бацькі не мелі звычаёвага права стаць сватам (прычынамі маглі стаць удаўство, смерць дзяцей, развод, другі шлюб) і сваццяй на вяселлі сваіх хрэснікаў, тады сватоў выбіралі «з боку».

Сватамі запрашалі людзей не маладзейшых за 40 гадоў, але і не пажылых: «...выбіраюць за свата гаспадара гадоў за сорак: маладзейшы не меў бы належнага аўтарытэту і паважнасці, а стары чалавек не здолеў бы выканаць абавязкі, якія патрабуе такая пасада, што вымагае надзвычай многа руху». Абавязкова ўлічвалі яго сямейнае становішча і наяўнасць дзяцей. Ніякіх сітуацый «недасканаласці» ў стаўленні іх не дапускаліся. Сватоў ацэньвалі па колькасці праведзеных імі вяселляў: чым больш, тым дасведчаней і мудрэй станавіліся гэтыя людзі.

У адпаведнасці з асноўнымі правіламі народнай культуры пары сватоў выбіралі з ліку сяброў, суседзяў, сваякоў, дасведчаных у мясцовых традыцыях, ва ўсіх іх хітраспляценнях і недагаворанасцях, якія валодалі артыстызмам, кемлівасцю, пачуццём такту і «багажом» прыказак, прымавак, цікавых гісторый, словам, умелых пагаварыць і павесяліць.

Народны вопыт перасцерагаў: таго, хто ўдзельнічаў у галоўных рытуалах пахавальнага абраду, больш ніколі не запрашалі ў сваты. У бібліятэцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў мы пазнаёміліся з мілай супрацоўніцай, жанчынай сярэдніх гадоў, якая расказала нам, што добра ведае традыцыі беларускага вяселля, шмат гадоў яе запрашалі на імпрэзы ў якасці дасведчанай свацці. Але потым яна расплакалася і сказала, што ёй вельмі шкада, бо яна больш не зможа дапамагаць маладым людзям: нядаўна пахавала мужа. А народны этыкет і ўласная свядомасць забараняюць ёй у далейшым выконваць гэту галоўную ролю на вяселлі.

Такім чынам на вяселлі было чатыры пары сватоў. Лічыце самі: хросны бацька з жонкай і хросная маці з мужам з боку нявесты, хросны бацька з жонкай і хросная маці з мужам з боку жаніха. Наяўнасць жонак і дзяцей дазваляла хроснаму бацьку жаніха і хроснаму бацьку нявесты ўдзельнічаць у абрадах сватаўства. Наяўнасць мужа і дзяцей, гэта значыць шчаслівае замужжа, давала права хроснай маці нявесты і хроснай маці жаніха арганізоўваць падрыхтоўку вясельных караваяў для маладых адпаведна: «Каравай пяклі ўвечары перад вяселлем. Цяпер маладыя выносяць, а тады выносіла хросная з хросным. Мае хросныя ў мяне, яго — у яго».

Сёння практычна не запатрабавана асноўная функцыя свата і свацці — сватаць маладых людзей. Але, як і раней, на вяселлі прысутнічаюць людзі, якіх перавязваюць ручнікамі і ўмоўна завуць сватамі. Таму сучасным маладым людзям хочацца параіць выбіраць у сваты шлюбныя пары з кожнага боку, не дазваляючы іх рытуальнага падзелу (гаворка ідзе пра сучасную, ці «гарадскую», традыцыю, калі сваццю выбіралі з боку нявесты, а свата — з боку жаніха). Перавязваючы сватоў ручнікамі, успомніце пра сімволіку правага (мужчынскага) і левага (жаночага) у абрадавым полі беларускай традыцыйнай культуры: ручнік свату завязваюць цераз левае плячо пад правую руку, а свацці, наадварот, цераз правае плячо пад левую руку.

І як тут не згадаць, што сёння ролю свата на вяселлі выконвае чалавек па прозвішчы «Тамада». Ад яго прафесіяналізму шмат у чым залежыць, у якім рэчышчы пройдзе вяселле — традыцыйны абрад злучэння двух родаў: з улікам традыцыйных духоўных каштоўнасцяў і выкананнем высокай культуры адносін ці абрад будзе ператвораны ў банальнае застолле, якое суправаджаецца анекдотамі і забаўкамі, а адсутнасць прафесійных ведаў кампенсуецца прымітыўнымі гульнямі... Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя...

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?