Вы тут

Падарожжа ў Астравецкі раён


Падарожжа ў Астравецкі раён

Адным ранкам. Амаль з Мінскага аўтавакзала. Святлана Воцінава, Кацярына Захарэвіч і Дзмітрый Шулюк селі ў маршрутку і паехалі на захад. Туды, дзе вечарамі садзіцца сонца, а ранкам пачынае ўставаць Астравецкая АЭС. З сабой яны ўзялі некалькі часопісаў, фотаапарат і добры настрой. Дарэчы, добры настрой можна было б і не браць, бо за час падарожжа яго прапаноўвалі не раз і не два і ў вялікіх аб’ёмах.

Маршрутка прывезла нашых герояў у новы мікрараён Астраўца, дзе іх сустрэла намеснік дырэктара Гудагайскай сярэдняй школы Янцэвіч Жанна Леанардаўна. Святлана, Кацярына і Дзмітрый селі ў машыну і літаральна панесліся ў Гудагай.

Гудагай – населены пункт на мяжы з Літвой. Таму людзі ў форме на ўваходзе ў школу не выклікалі здзіўлення. Тым больш, што гэтымі людзьмі былі самі школьнікі – адзінаццацікласнікі. Чаму ў форме? Бо клас прававы (чытай “кадэтскі”). Акрамя такога спецкласу ў школе яшчэ ёсць педагагічны дзясяты.

Школьнікі паспявалі перад гасцямі, затым сумесна з ужо ўзгаданым намеснікам паказалі прэзентацыю, затым пачалі спяваць самі госці. Зразумела, што па праўдзе яны не спявалі, а проста гаварылі. Але часам і простыя словы гучаць, быццам спеў, калі ліюцца з сэрца. На гэтых спевах дзеянні ў актавай зале завяршыліся, і ўсе перайшлі ў музей.

Экскурсія па музею была цудоўнай, сярод беларускіх грошай-зайчыкаў чамусьці адсутнічаў 25-рублёвы лось. Праграма завяршылася спектаклем пра жыццё простых беларусаў у часы маслабоек і карамыслаў.

Святлана, Кацярына і Дзмітрый пакінулі допісы ў спецыяльным для дадзеных проб пяра журнале і разыйшліся па сваіх аўдыторыях. Святлане дастаўся прававы клас. Дзмітрыю – педагагічны. Кацярыне – сярэднія класы без спецыяльнага назначэння. Размовы, гутаркі, агітацыі праходзілі за закрытымі дзвярыма, але калі дзверы расчыняліся, то калідор напаўняўся паветрам шчырасці і дабрыні.

Засядзецца ў школе не дазволілі. Дырэктар школы, Капцюг Ганна Мечыславаўна, і яе вышэй узгаданы намеснік пасадзілі прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ ў транспарт і павезлі ў Гярвяты. А там палац. Сапраўдны палац, як у еўрапейскіх фільмах. Штосьці накшталт Хогварца. Толькі там не вучаць магіі, а вядуць гутаркі з Богам. Гярвяцкі касцёл уразіў усіх і ўсім. І настолькі, што сколькі б слоў тут не было пра гэты цуд, лепш яго ўсё ж такі пабачыць, бо няма слоў-адпаведнікаў для фенаменальнага.

З Гярвятаў падарожнікі вярнуліся ў Астравец. Наведалі Інфармацыйны цэнтр АЭС. Дзе Свірыд Эдуард Іванавіч пазнаёміў іх з асноўнай інфармацыяй па пытанням бяспечнасці ці небяспечнасці атамнай энергіі. Зрабіў ён гэта займальна і наглядна. Госці нават паверылі, але ў Астравец пераехаць жыць не пагадзіліся, бо іх чакаў іх Мінск.

У Мінск прыехалі вечарам. Вылезлі на станцыі метро Пушкінская і разыйшліся па электрацягніках. Падарожжа засталося ва ўспамінах на палічках “казачнае”.

 

 Дзмітрый Шулюк

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.