Вы тут

Сакрэты працы сталічных вадалазаў


Гісторыя гэтая разыгралася неяк летнім вечарам у Мінску. Каля Лошыцкага парку ёсць участак, дзе захавалася старое русла Свіслачы і ўтвораныя там невялікія азёры. Ды і мясцовасць навокал глухаватая — усё зарасло лазой і дзікім вінаградам...

Вадалазаў там сустрэў мясцовы ўчастковы міліцыянер. Пакуль яны ішлі да месца падзей і збіралі рыштунак, ён расказаў страшную гісторыю.


Кампанія зладзіла пікнік на беразе ракі. Нехта прыхапіў з сабой малога гадоў 10. Ён нібыта адышоў на метраў 50 убок і ўбачыў азярцо, у якім тануў чалавек. А на супрацьлеглым беразе стаяў нейкі змрочны тып. Апрануты ён быў у шэрую куртку з насунутым на галаву капюшонам. Хлопчык спужаўся і пабег да бацькоў. А незнаёмы — у іншы бок.

А цяпер уявіце сабе навакольную атмасферу. Гаснуць апошнія промні сонца. Імкліва цямнее. І вада здаецца чырвонай. Міліцыянер гаворыць: напэўна, гэта кроў... Першым з вадалазаў у гэтае азярцо зрабіў крок камандзір аддзялення. І тут жа схаваўся з галавой у вадзе.

Каб прачасаць вадаём дыяметрам у 20 метраў, спатрэбіліся два апараты на сціснутым паветры. Да таго ж бачнасць у вадзе — як уначы з заплюшчанымі вачыма. Доўгі час туды падалі ствалы дрэў, таму на дне ўтварылася нейкае месіва, якое шчодра разбавілі пластыкавыя і шкляныя бутэлькі. А пры рабоце навобмацак пластыкавая бутэлька вельмі падобная на чалавечую руку.

Каля трох гадзін працягваліся пошукі. Безвынікова. Вадалазы прачасалі і суседняе азярцо. Вынік такі ж — адмоўны. Хлопчык, якога знайшлі, прызнаўся, што ўсё выдумаў...

Добра, што гэтая гісторыя скончылася такім чынам. Але бывае так, на жаль, далёка не заўжды. Акрамя псіхалагічнага фактару, ёсць у нялёгкай, але адказнай рабоце вадалазаў і іншыя адметнасці. Якія ж? Аб гэтым карэспандэнт «Звязды» даведаўся, наведаўшы Цэнтр вадалазна-ратавальнай службы Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння МНС.

Бачнасць пад вадой рэдка перавышае метр

— Мы працуем з 1991 года, — расказвае начальнік Цэнтра вадалазна-ратавальнай службы Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння МНС Дзяніс Сасноўскі. — У 2002-м штатныя вадалазныя службы з'явіліся ў кожным рэгіёне краіны. Цяпер іх налічваецца восем. А яшчэ праз пяць гадоў на Цнянскім вадасховішчы ў Мінску запрацаваў Цэнтр вадалазна-ратавальнай службы для каардынацыі работы падводных спецыялістаў па ўсёй краіне.

З'явіліся ў беларускіх вадалазаў сучасная амуніцыя і абсталяванне. Сярод «фішак» — станцыі хуткага разгортвання. Яны маюць правадную тэлефонную сувязь. Раней жа зносіны вадалаза і берага былі магчымыя толькі дзякуючы сігнальнаму канцу. Да таго ж яны дазваляюць неабмежаваную колькасць разоў мяняць паветра, што павялічвае знаходжанне спецыяліста пад вадой.

Вадалазы звычайна працуюць на глыбіні 6—8 метраў. Але... робяць гэта, па сутнасці, навобмацак. Справа ў тым, што бачнасць у беларускіх вадаёмах вельмі кепская. Нават зімой яна не перавышае 3—5 метраў. А ўлетку і ўвогуле скарачаецца да дыстанцыі выцягнутай рукі. Але трэніравацца для такой складанай работы ёсць дзе.

— На Цнянскім вадасховішчы абсталяваны спецыяльны падводны вадалазны палігон. Ён унікальны ў краіне, — гаворыць начальнік аддзела вадалазнай падрыхтоўкі Андрэй Войцік. — Стваралі мы яго самастойна. Там уладкаваны трэніровачныя пляцоўкі, на якіх змадэляваны некалькі сітуацый. Гэта і пошук разнастайных прадметаў, і падводная астропка, і ратаванне людзей.

Каб падтрымліваць сваю кваліфікацыю, кожны вадалаз у залежнасці ад свайго разраду мусіць мінімальна правесці на глыбіні ад 50 да 90 гадзін за год. Выканаць гэтую норму няпроста з улікам працоўнага графіку: спецыялісты аддзела вадалазна-ратавальных работ дзяжураць суткі праз двое. І часта знаходзяцца там не адны: вадалазнаму майстэрству вучацца некаторыя прадстаўнікі Міністэрства абароны, органаў унутраных спраў і нават падраздзялення «Алмаз». Вынікі кажуць за сябе — за 4 гады спецыялісты аддзела вадалазнай падрыхтоўкі навучылі сакрэтам прафесіі 157 чалавек.

У 2013 годзе на базе Цэнтра з'явілася мабільная перасоўная баракамера. Яна дапамагае паназіраць, як навабранец пачувае сябе пад вадой пад павышаным ціскам. З ёй працуе ўрач-спецфізіёлаг, які прайшоў падрыхтоўку ў Санкт-Пецярбургу і атрымаў кваліфікацыю вадалазнага ўрача.

Ёсць сярод вадалазаў на Цнянцы і сапраўдны ветэран. Падводны «стаж» старшага прапаршчыка ўнутранай службы Сяргея Амбражэя больш чым дваццаць гадоў пераступіў ужо адзнаку ў тысячу гадзін. Ён таксама ўзнагароджаны медалём «За бездакорную службу».

Знайсці нож на дне кар'ера

Здараюцца ў рабоце вадалазаў і так званыя чорныя кур'ёзы. Паступіла паведамленне аб тым, што на Цнянцы патануў чалавек. Тапельца дасталі, але аказалася, што... гэта не той. Нябожчык, якога шукалі, знаходзіўся за 5—7 метраў ад першага.

— Баявыя патроны, нажы знаходзім пастаянна, — расказвае вадалазны спецыяліст Цэнтра вадалазна-ратавальнай службы МНС Дзмітрый Бараноўскі. — Увогуле, падводны свет — гэта адзін вялікі склад.

Прыводзіць да кур'ёзных выпадкаў і дурасць. Да нас паступіў выклік, што на вадасховішчы Дразды машына пайшла пад лёд. Прыязджаем туды, бачым: стаяць два чалавекі, гутараць. Пачынаем высвятляць абставіны здарэння. Аказалася, хлопцы вырашылі паспрачацца, хто далей па лёдзе праедзе, намалюе васьмёрак у дрыфце і вернецца назад. Выйграў той, чыя машына патанула. Ну што ж, апускаюся. Скажу адразу — такой прыгажосці за ўсё жыццё не сустракаў. Бачнасць у вадзе метраў 5—7. Яркае сонца пераліваецца, асвятляе новы прыгожы джып з усіх бакоў, нібы ў салоне...

Падымаюць вадалазы са дна і тэхніку. Непадалёк ад Заслаўя на кар'еры забуксаваў смеццявоз. На выручку адправіўся трактар, які таксама не адолеў пяскі. Падагналі другі трактар, пасля экскаватар — і праз некаторы час уся гэтая кавалькада апынулася на дне кар'ера. Прычым работу ўскладняе наліпанне грунту. Калі нета-вага таго ж экскаватара складае 37 тон, то пасля таго, як ён праляжыць пэўны час у вадзе, яна можа павялічыцца да 150 тон і нават болей! А вадалазам трэба ўсю гэтую масу пад вадой размыць спецыяльнай устаноўкай. І рабіць гэта хутка. У рэшце рэшт трактары і смеццявоз на бераг выцягнулі.

— А аднойчы паступіла заданне знайсці на дне кар'ера ў Калодзішчах пад Мінскам нож, які мусіў быць рэчавым доказам у крымінальнай справе, — згадвае вадалаз. — Нырнулі ў копанку, дасталі, — а нож не той. Дасталі наступны — зноў не той. Агулам з вады былі выцягнуты шэсць нажоў! Цікава, як яны туды ўсе трапілі?

Дзмітрый Бараноўскі валодае незвычайнай для вадалаза дадатковай спецыяльнасцю. Ён падводны рэзчык-зваршчык металу. Для таго каб навучыцца гэтай прафесіі, трэба ехаць у Расію. І набытыя веды вельмі спатрэбіліся ў 2007 годзе, калі на Заходняй Дзвіне каля Віцебска абваліўся мост. Работу вадалазаў ускладняла тое, што з моста сарвала ўсе злучэнні, і яго канструкцыі ашчэрыліся пікамі вострай арматуры, якая тырчала ва ўсе бакі. Небяспеку стваралі і лёгкаўзгаральныя газы, якія ад работы зварачнага апарату вельмі хутка збіраліся наверсе.

— Але ў мяне нешта апускаецца ў душы, калі да нас паступае выклік на пошукі чалавека на Чыжоўскім вадасховішчы, — працягвае суразмоўнік. — Туды мы ідзём толькі ў «сухім» касцюме. Гэты тэхнічны вадаём — па сутнасці, адна вялікая звалка. Чаго там толькі на дне няма — арматура, бутэлькі і нават футбольныя вароты! Даходзіла нават да таго, што стальныя балкі ламалі вінты нашых катараў. Як па мне, то там праз кожныя 5 метраў трэба ставіць слупок «Купацца забаронена»...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Фота з архіва Цэнтра вадалазна-ратавальнай службы Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння МНС

Загаловак у газеце: «Дно многіх вадаёмаў ператворана ў сметнік»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.