Вы тут

Этнографа з Беларусі параўноўваюць з Міклуха-Маклаем


На жаль, прозвішча Аляксандра Эстрына родам з Мсціслава, якога параўноўваюць з Міклуха-Маклаем, малавядомае

Ён унёс вялікі ўклад у этнаграфію, антрапалогію, а таксама ў заалогію. Прадметы з калекцый, якія ён збіраў, можна ўбачыць у Санкт-Пецярбургскай кунсткамеры. Ён сябраваў са знакамітым скульптарам Агюстам Радэнам, быў знаёмы з бальшавіцкім дзеячам Анатолем Луначарскім і іншымі вядомымі людзьмі. Максім Горкі дапамог яму з жонкай вярнуцца на Радзіму. Ён пабываў у ЗША, Кітаі, Японіі, на востраве Ява...


Аляк­сандр Эст­рын у 1970-я га­ды.

Эскізы Радэна ў... буржуйку

Аляксандр Самуілавіч нарадзіўся ў правінцыйным Мсціславе ў 1889 годзе ў шматдзетнай сям'і. Яго бацька, як і дзед, і прадзед, быў рабочым. Верагодна, таму ў Сашы былі «залатыя рукі». Ён лёгка навучыўся апрацоўваць метал у родным гарадку. І працягнуў «шліфаваць майстэрства» ў Санкт-Пецярбургу. Каб хлопец патрапіў у Парыж і стаў сапраўдным «асам металічных спраў», бацькі прадалі карову. У сталіцы Францыі жыў іх далёкі сваяк. Дарэчы, Саша не ведаў ні слова па-французску, ды і рускай валодаў дрэнна. Размаўляў на ідыш. Але хутка за мяжой засвоіў дзве мовы. Сярод парыжан было нямала рускіх...

Ён вучыўся майстэрству ахвотна. І атрымаў вышэйшую кваліфікацыю па халоднай апрацоўцы металу, стаў высокакваліфікаваным зваршчыкам.

У Луўры Аляксандр слухаў лекцыі Луначарскага пра мастацтва. Агюст Радэн не шкадаваў кампліментаў на адрас «майстра на ўсе рукі». І ў знак вялікай сімпатыі падарыў яму свае эскізы. Праз гады імі прыйдзецца замест дроў падтрымліваць агонь у буржуйцы ў блакадным Ленінградзе. Такім чынам цеплыня чалавечай прыхільнасці стала «цяплом для жыцця». І сям'я Эстрына выратавалася ад холаду...

Але да Другой сусветнай вайны яшчэ было шмат часу. А падчас Першай сусветнай наш герой паехаў у ЗША. Працаваў у Нью-Ёрку ў механічных майстэрнях. Вывучыў англійскую мову. Мог бы і застацца ў краіне, дзе ва ўсе часы цанілі майстроў з вялікай літары. Але цягнула дамоў.

З ін­да­не­зій­скай ка­лек­цыі.

Валодаў джыу-джыцу!

Параход, які накіроўваўся ва Уладзівасток, з нейкіх прычын прышвартаваўся ў порце кітайскага горада Шанхая. Без праблем Аляксандр знайшоў работу і там. Потым пераехаў у Японію, дзе пазнаёміўся з дзяўчынай Ганнай Якаўлеўнай Сматрыцкай, якая стала яго жонкай.

Яе малая радзіма — украінскі Елісаветград (да 2016 года — Кіраваград, цяпер — Крапіўніцкі). Цікава, што яна — дачка багатых яўрэйскіх бацькоў вучылася іграць на фартэпіяна ў знакамітага потым піяніста і педагога Генрыха Нейгаўза (народны артыст РСФСР). Пасля рэвалюцыі ў сталіцы Расіі працавала ў дзіцячай працоўнай калоніі. Лёс закінуў яе праз Уладзівасток у Кітай. Там яна жыла пры сям'і рускай артысткі. Потым апынулася ў Японіі.

На востраве Ява Аляксандру прапанавалі працаваць у доку, які будаваўся. Выклікаў да сябе жонку. Праз знаёмых яна даведалася, што галандскія заолагі плануюць адправіцца на Малукскія астравы (усходняя частка Малайскага архіпелага). Сярод іншага і на востраў Буру. Там раней не было расійскіх этнографаў.

Муж і жонка вывучалі прадстаўнікоў мясцовай флоры і фаўны. Аляксандр аднойчы ледзь не памёр ад укусу павука.

Яго маглі забіць і туземцы. І не раз яму дапамаглі выжыць прыёмы барацьбы джыу-джыцу. Ім яго навучыў японскі сябра. Гэты від барацьбы згадваецца і ў кнізе пра Шэрлака Холмса...

Ужо як паліглот, Эстрын вывучыў тутэйшую мову. Члены экспедыцыі вельмі цанілі яго і за тое, што ён мог адрамантаваць любы механізм. Муж і жонка стойка выносілі ўсе цяжкасці жыцця ў паходных умовах.

Падчас навуковага падарожжа яны захапіліся этнаграфіяй. Уявіце: у галандскіх калоніях сабралі калекцыю, экспанаты якой важылі каля 1,5 тоны! І большасць з іх не купілі, а абмянялі і атрымалі ў падарунак.

Ган­на Смат­рыц­кая і Аляк­сандр Эст­рын на вост­ра­ве Ява з мяс­цо­вай жы­хар­кай (фо­та зроб­ле­на ў па­чат­ку 1920-х га­доў).

Горкі дапамог

З дапамогай галандцаў Эстрын з жонкай вярнуўся ў Еўропу. У Амстэрдаме ім прапанавалі выкупіць калекцыю. Але яны катэгарычна адмаўляліся. І горда адказвалі, што збіралі яе для сваёй Радзімы.

Яны каля года чакалі дазволу вярнуцца ў Расію. Нехта параіў ім звярнуцца па дапамогу да Максіма Горкага, які жыў у Германіі. І знакаміты літаратар зрабіў усё магчымае. У прыватнасці, адправіў ліст у Акадэмію навук. Ён захаваўся ў архіве. Горкі прасіў свайго таварыша паспрыяць у перадачы 25 скрынак з экспанатамі ў музей...

А калегу па пісьменніцкім цэху Канстанціну Федзіну Горкі пісаў: «Ён — рабочы, металіст, яна — настаўніца. Беглі ад Калчака і чатыры гады падарожнічалі, жывучы — яна — ўрокамі моў, ён — варкай металаў, а адначасна сабралі дзівосна поўную — па словах Акадэміі — калекцыю... Вось — людзі нашых дзён! Яны жывуць у гарах Атласа, у старажытнай Нумідыі, у Бразіліі і Патагоніі, могуць жыць на Месяцы»...

Хутка вымушаныя эмігранты атрымалі візы, бясплатныя білеты на параход. Іх вызвалілі ад выплаты мытных пошлін, бо калекцыю везлі ў падарунак савецкай дзяржаве.

Экспанаты былі высока ацэнены і перададзены ў Кунсткамеру і заалагічны музей. Эстрын працаваў у музеі. Сям'я атрымала невялікую кватэру ў Ленінградзе. Нарадзіўся сын, якога таксама назвалі Саша.

Аляксандр Самуілавіч ахвотна адправіўся ў экспедыцыю на Далёкі Усход. Там вывучаў жыццё нанайцаў. Вядомыя этнографы адзначалі, што ў яго прыродныя чуццё і дар вывучаць традыцыі і быт малых народаў.

Памёр у жабрацтве...

Цудам Эстрын не быў адпраўлены ў лагер падчас сталінскіх рэпрэсій. Праўда, аднойчы па яго прыехалі «строгія мужчыны» і звезлі. Больш за месяц яго не было дома. Вярнуўся без пярэдніх зубоў... Зразумела, маглі і расстраляць чалавека, які доўгі час жыў за мяжой, ведаў некалькі моў, сябраваў з іншаземцамі.

Сям'я таксама воляй нябёсаў перажыла першую блакадную зіму. Вывезлі яе па знакамітым Ладажскім возеры. Жылі ў Арменіі, Казахстане. Разумны чалавек, які мог бы шмат карысці прынесці навуцы, працаваў рабочым на заводзе. Зваршчыкі, канешне, былі патрэбны болей.

Пасля вайны сям'я жыла ў Маскве. Бедна і ўжо без надзеі зноў заняцца этнаграфіяй. Ды і калекцыю чамусьці «схавалі» ў запаснікі. Эстрын працаваў зваршчыкам. Жонка — выхавацелем у садку. Спачатку памерла яна. А праз 15 гадоў сляпы і цяжка хворы Аляксандр Самуілавіч — у сацыяльнай установе для састарэлых. Іх сын мог бы зрабіць нядрэнную кар'еру ў разведцы, але гэтаму перашкаджалі звесткі пра бацькоў, якія жылі за мяжой.

Безумоўна, жыццё Аляксандра Эстрынак і яго жонкі заслугоўвае большага вывучэння. На жаль, у газеце немагчыма расказаць пра ўсе перыпетыі іх цікавага і нялёгкага жыцця. Упэўнены, што іх лёс можа зацікавіць кінематаграфістаў. Дарэчы, за мяжой Эстрын больш вядомы, чым у нас.

P.S. Аўтар дзякуе за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула Аляксандру Баршаю з Ізраіля, даследчыку жыцця і дзейнасці А. Эстрына

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Малавядомы этнограф з Беларусі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.