Вы тут

На Міншчыне з'явіцца трэці крылаты сімвал


На Мядзельшчыне талакой выбіраюць птушку — сімвал Нарачанскага краю. На пачэсную ролю прэтэндуюць лебедзь-шыпун, шызая чайка і палявы жаўрук. Пасля падвядзення вынікаў грамадскага абмеркавання будзе названы пераможца. Яго выявы з'явяцца на будынках Мядзела, на сувенірах.


Салавей — сімвал Слуцка.

Упершыню птушыны сімвал з'явіўся ў Мінскай вобласці ў Слуцку. Ім стаў салавей, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі ў 1981 годзе. Яго колькасць у краіне налічвае 3000—6000 пар. Па выніках анкетавання случане прапаноўвалі ў якасці сімвала 43 віды птушак. Але менавіта салавей набраў найбольшую колькасць галасоў. І гэтаму ёсць тлумачэнне. Штогод на Случчыне праводзіцца кампанія «Салаўіныя ночы», у выніку якой падлічваецца колькасць гэтых певуноў у горадзе і раёне. Як паказваюць даследаванні, тут на кожны гектар тэрыторыі салаўёў больш, чым у іншых раёнах вобласці. Драўляная малая архітэктурная форма, прысвечаная гэтаму невялікаму птаху, адкрыта ў двары эколага-біялагічнага цэнтра. Кампазіцыя ўяўляе сабой дрэва, у аснове якога размешчана птушынае гняздо, а на вяршыні — пеўчы салавей. Вышыня знака — 2,5 метра. Аўтар — мясцовы скульптар Алег Шапель.

У гэтым жа цэнтры створаны і адзіны ў краіне музей салаўя. У яго экспазіцыі статуэткі, малюнкі, вырабы, падборкі вершаў і кніг, песень, прысвечаныя гэтай птушцы. Збор экспанатаў працягваецца.

А летась свой прыродны сімвал займеў і Валожын. Ім стаў зімародак. Зімародак — візітная картка Валожыншчыны. У Налібоцкай пушчы гняздуецца каля 40 пар гэтай птушкі: самая вялікая папуляцыя ў Беларусі. Зімародак занесены ў Чырвоную кнігу.

У яго гонар устаноўлена скульптура вышынёй 2 метры 12 сантыметраў. Гэта твор скульптараў Юрыя Бірына-Паўлава і Лаймэ Мірончык. Зімародак «прызямліўся» ў парку з невялікай сажалкай. Абранае месца максімальна набліжана да прыродных умоў гнездавання — каля вады, у зялёных зонах. Акрамя таго, два дамы ў райцэнтры ўпрыгожылі графіці гэтай яркай птушкі. Яе выява з'явілася і на будынку паліклінікі ў горадзе Івянец Валожынскага раёна. Аздобіў фасад мастак мінскай арт-студыі ТАКТАК Алесь KONTRA. Паліклініка месціцца амаль у цэнтры горада і каля яе штодзень праходзіць шмат гараджан, гасцей і турыстаў, якія любуюцца творам.

Гэта твор скульптараў  Юрыя Бірына-Паўлава  і Лаймэ Мірончык.

Магчыма, за Мядзельскім, Слуцкім і Валожынскім раёнамі сваю птушку шчасця пачнуць выбіраць і іншыя рэгіёны Міншчыны. Птушка-сімвал дасць магчымасць набыць імідж, займець турыстычны брэнд, паказаць прыгажосць і непаўторнасць краю і зберагчы папуляцыю пярнатых.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Салавей «прызямліўся» ў Слуцку, зімародак — у Валожыне

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.