Вы тут

Майстар-клас ад мылавара Ганны Дундуковай


Сяброўка запрасіла на дзень нараджэння. Цудоўна! Падарунак? Кубак з фотаздымкам? Калаж і рамку? Фен, туш, памаду? Загугліўшы «незвычайны падарунак», натыкаюся на кветкі, сэрцайкі, пірожныя і тарты... з мыла. А што, можа, заняцца мылаварэннем і зрабіць прэзент сваімі рукамі? Аказваецца, не ўсё так проста, як мне падалося, таму звяртаюся па майстар-клас да Ганны Дундуковай, мылавара з Бабруйска.


Ад­ра­зу і не ска­жаш, што гэ­та мы­ла.

— Зрабіць мыла можа кожны! — узрадавала яна мяне. — Іншае пытанне, які выгляд яно будзе мець. Успамінаю свае першыя вопыты. Неяк убачыла фабрычнае мыла-скраб з кавай. Хм, можна ж самой паспрабаваць. Набыла дзіцячае мыла, надзерла яго на тарцы, расплавіла на вадзяной лазні, дадала кавы і заліла ў пластмасавы кантэйнер. Скажу шчыра, атрымалася нешта незразумелае, водар быў жудасны. Але гэта мяне не спыніла. Перачытала шмат літаратуры і паступова «набіла руку»: колькі чаго дабавіць, як фарбаваць, якія алеі для якога тыпу скуры падыходзяць, іх уласцівасці...

Дарэчы, неяк «мылаварыла» з дзеткамі 6—7 гадоў, і яны выдатна спраўляліся! Сапраўды, расплавіць аснову, дадаць усе патрэбныя «інгрэдыенты» і заліць у форму — нескладана. Куды больш цяжка кожны раз прыдумляць нешта эксклюзіўнае, сваё, тое, чаго няма ў іншых мылавараў. Гэта ж цікавей, чым капіраваць чужую ідэю.

А натхняе мяне абсалютна ўсё — сям'я, сябры, прырода, музыка, ежа. Літаральна на днях зрабіла мужу, які працуе вадалазам-выратавальнікам, мыла — мора з вадалазамі.

— Як жа ўсё-такі зрабіць яго? — пытаюся я з нецярплівасцю.

— Існуе ўсяго тры віды дамашняга мылаварэння. Напэўна, самы просты, з якога ўсе пачынаюць, — пераплаўленне дзіцячага мыла. Здаецца, нічога складанага, набыў патрэбны матэрыял, расплавіў і дадаў, напрыклад, какосавы алей. Але ж не так проста пераплаўленае «скруціць» у патрэбную форму, ды і гатовы выраб мае не вельмі прыемны пах. «З нуля» альбо «жывое» мыла раблю пакуль рэдка, бо дома маленькі сын, а трэба працаваць са шчолаччу. У крыху падагрэтую сумесь алеяў дабаўляю моцны шчолачны раствор і змешваю блэндарам. Далей атрыманую «сырую» мыльную масу апрацоўваю — фарбую, араматызую, заліваю ў розныя формы... Безумоўна, мыла «з нуля» — самае карыснае, але і самае цяжкае і небяспечнае ў прыгатаванні.

А вось сувенірнае альбо «звычайнае», якое «гатую» з мыльнай асновы, — маё хобі. Самай простай формы яно робіцца даволі лёгка: расплавіць аснову («пустое» мыла без колеру, паху, формы), дабавіць, напрыклад, базавы алей (абляпіхавы, какосавы ці іншы), фарбавальнікі, эфірны алей... і заліць у форму. Усё! Праз суткі гатова!

Часцей за ўсё раблю сувенірнае, а тэматыка залежыць ад свята: мандарыны, шампанскае, сняжынкі, кветкі, танкі, гранаты. Цікавае «наразное» мыла, напрыклад лавандавае ці мядовае, малюнак якога невядомы, пакуль не разрэжаш. Самае звычайнае аднакаляровае раблю прыкладна 15 хвілін, у выглядзе шматслаёвага пірожнага з ягадкамі — каля гадзіны, наразное — гадзіну-дзве ў залежнасці ад колькасці слаёў, абранай тэхнікі, складанасці. А вось у выглядзе торта — восем-дзевяць гадзін, гэта даволі працаёмкі працэс, але вынік таго варты! — дзеліцца мылавар.

Аказваецца, мылаварэнне даволі дарагое захапленне. Напрыклад, адна добрая сіліконавая крэатыўная форма каштуе каля 30 рублёў. Ёсць, канешне, і значна таннейшыя — пластыкавыя, але і мыла ў іх атрымліваецца менш цікавае.

— Пасля кожнай набытай формы я абяцаю сабе, што гэта апошні раз, а праз месяц зноў любуюся новай формай, — смяецца Ганна. — Вось і зараз набыла некалькі: планую «выстаўляцца» на кірмашы рамеснікаў, а муж з сынам усяляк дапамагаюць мне.

Сапраўды, «складаны» падарунак! Але ж паспрабаваць трэба, таму пайду набываць «аснову», алеі і фарбавальнікі. Можа, што-небудзь ды і атрымаецца.

Юлія БУКЕЛЬ

Загаловак у газеце: Мыльны занятак, або Як зварыць... торт

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.