Вы тут

Жыхарка вёскі Верамееўка знайшла на сваім падворку параненую рысь


Незвычайны і трагічны адначасова выпадак нядаўна адбыўся ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці. Жыхарка вёскі Верамееўка знайшла на сваім падворку маленькую параненую і знясіленую рысь.


Пра сваю знаходку яна паведаміла ў Гарадоцкую раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Спецыялісты інспекцыі даставілі лясную кошку ў Віцебскі заапарк, дзе за яе жыццё змагаліся мясцовыя ветэрынары.

Дырэктар установы Ірына Арлова расказала журналістам, што ветурачы выявілі ў жывёлы пералом задняй лапы, іншыя пашкоджанні ўстанавіць было цяжка — настолькі яна была слабая і абязводжаная. На жаль, маладую самку рысі, якой было каля 8 месяцаў, выратаваць не атрымалася.

Як расказаў старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі тэрыялогіі навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Рыгор Янута, выпадкаў, калі параненая дзікая жывёла прыходзіць да чалавека, вельмі мала.

Некаторыя жыхары лесу, часцей за ўсё капытныя ці дробныя драпежнікі сямейства куніцавых, селяцца недалёка ад людзей і ў цяжкую хвіліну выкарыстоўваюць гэта суседства, каб пракарміцца. Так, некалькі гадоў таму вучоныя сустракалі недалёка ад сельскіх населеных пунктаў «дамы» выдры і амерыканскай норкі.

— Але цяжка ўявіць, што буйны драпежнік накшталт ваўка ці рысі, без прыкмет агрэсіі і праяўлення шаленства, прыйдзе да чалавека. Яго можа прымусіць гэта зрабіць толькі моцнае знясіленне, — адзначыў Рыгор Янута.

Па словах доктара біялагічных навук, прафесара Вадзіма Сідаровіча, наўрад ці рысь шукала дапамогі непасрэдна ў чалавека. Паколькі гэта жывёла даволі далікатная, то нават пры невялікім раненні яна можа перастаць паляваць. А каля чалавечага жылля заўсёды можна чымсьці пажывіцца.

— Але, увогуле, гэта з'ява рэдкая. На маёй памяці ўсяго тры-чатыры такія выпадкі, і часцей за ўсё да людзей прыходзілі ваўкі-падранкі (жывёлы, раненыя падчас палявання) або хворыя драпежнікі, што шукалі ежу на сметніку ці хаваліся ад халадоў у сене пры ферме, — расказаў навуковец.

Вадзім Сідаровіч таксама адзначыў, што, паколькі знойдзенай рысі яшчэ не споўніўся год, верагодна, загінула і яе маці — звычайна дзеці рысі праводзяць гэты перыяд разам з маці. І толькі ў канцы лютага — сакавіку, калі ў дарослых жывёл пачынаюцца спарванні, лясныя кошкі пачынаюць самастойнае жыццё.

Вераніка КОЛАСАВА

kоlаsаvа@zvіаzdа.bу

Калі вы сустрэлі хворую, параненую ці траўміраваную дзікую жывёлу, неабходна паведаміць пра гэта карыстальніку паляўнічых угоддзяў ці ў аператыўна-дзяжурную службу тэрытарыяльнага органа ўнутраных спраў, ці ў дзяжурную службу раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Пасля гэтага інфармацыя аб знаходцы перадаецца ў тэрытарыяльны орган Мінпрыроды і раённую, гарадскую ветэрынарную станцыю, а прадстаўнікі дзяржорганаў выязджаюць на месца выяўлення жывёлы.

Загаловак у газеце: Чырванакніжніца ў бядзе

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.